Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Гісторыя на Свабодзе». Пабудаваць нацыянальную дзяржаву могуць толькі беларусы, „літвінскі праект“ нежыцьцяздольны, — Вадзім Сідараў

«Гісторыя на Свабодзе». Пабудаваць нацыянальную дзяржаву могуць толькі беларусы, „літвінскі праект“ нежыцьцяздольны, — Вадзім Сідараў


Фотакаляж. Вадзім Сідараў (справа)
Фотакаляж. Вадзім Сідараў (справа)

Ці сапраўды прычына няўдачаў нацыянальнага руху беларусаў — няправільная назва народу і краіны? Што дапамагло балтыйскім краінам стварыць свае нацыянальныя дзяржавы і чым іхны шлях адрозьніваецца ад беларускага?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым з этнолягам, дактарантам Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Вадзімам Сідаравым.


0:00 — ці сапраўды тэрмін «русіны» тычыўся толькі ўкраінцаў

4:43 — ці сапраўды прычынай няўдач беларускага нацыянальнага праекту зьяўляецца выбар назваў «Беларусь» і «беларусы» замест «Літвы» і «літвінаў»

8:57 — пра што сьведчаць спрэчкі вакол нацыянальнай назвы беларусаў

10:50 — ці ёсьць у сьвеце пасьпяховыя прыклады зьмены назвы і, адпаведна, ідэнтычнасьці краіны і народу

12:09 — чым нацыянальныя праекты балтыйскіх народаў адрозьніваюцца ад беларускага

16:35 — што не дазволіла БНР выжыць

19:59 — чаму Рэспубліка Беларусь ў 90-я гады вярнулася да савецкага вопыту

23:53 — ці былі падзеі 2020 году нацыянальнай рэвалюцыяй


Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Вадзімам Сідаравым:

— Што вы думаеце пра гістарычны тэрмін «русіны»? Ці сапраўды ён тычыўся толькі продкаў украінцаў, а продкі беларусаў называліся «літвінамі», як гэта сьцьвярджаюць прыхільнікі так званага літвінізму?

— Я думаю, што ў нашы дні разуменьню такіх тэрмінаў сур’ёзна перашкаджае перанос сёньняшніх рэалій на часы, пра якія мы гаворым. Сёньня мы прывыклі жыць у рэаліях дакладна акрэсьленых нацый і іх суіснаваньня адна з адной — тут палякі, тут беларусы, тут літоўцы, тут украінцы. А рэаліі Вялікага Княства Літоўскага былі істотна іншымі — гэта была данацыянальная дзяржава, дамадэрная эпоха. Таму паняцьці, якія выкарыстоўваюцца сёньня, маглі мець у тую эпоху іншы сэнс. І гэта тычыцца тэрмінаў — і «літвін», і «русін», і нават «паляк». І больш за тое — гэты сэнс мог мяняцца з часам як паводле свайго напаўненьня, так і паводле геаграфічнага распаўсюджаньня.

Калі гаварыць пра літвінаў і русінаў, то і тут тое самае. Літвіны ў шырокім сэнсе ў той час маглі разглядацца як палітонім, як абазначэньне падданых Вялікага Княства Літоўскага. І пры тым гэты тэрмін мог мець і вузейшы сэнс, які карэлюецца зь літоўцамі. Магло быць і разуменьне яго як канфэсіёніма ці этноніма. І гэта таксама мянялася з часам. Спачатку гэта былі балтамоўныя паганцы, пасьля балтамоўныя католікі, пасьля так званыя старалітвіны (або польскамоўныя католікі). З русінамі падобная гісторыя. Спачатку ў рэаліях Вялікага Княства Літоўскага, калі ў ім апынуліся землі Русі, гэта быў канфэсіёнім ці этнаканфэсіёнім — азначэньне праваслаўнага насельніцтва Русі, якая ўвайшла ў ВКЛ. Зь цягам часу канфэсійны сэнс гэтага тэрміну стаў размывацца, бо зьявіліся і русіны-пратэстанты, і русіны-католікі, і русіны-ўніяты. У рэшце рэшт Мялет Сматрыцкі, у якога самога быў складаны шлях рэлігійных пошукаў, выступіў з заявай аб тым, што ня вера русіна русінам робіць, але кроў.

Што тычыцца геаграфічнага распаўсюджаньня, то я зыходжу з таго, што перашапачаткова гэты канфэсіёнім ахопліваў усё праваслаўна-рускае (ці руськае) насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, гэта значыць і протаўкраінскае, і протабеларускае. Але з часам, асабліва пасьля Люблінскай уніі, ён стаў больш асацыявацца з Украінай, з будучымі ўкраінцамі, зь іх самасьвядомасьцю. А для жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, яго славянскай часткі, для адукаваных яе колаў стала больш характэрнаю літвінская, а пазьней польская самасьвядомасьць, а для простых людзей — тутэйшая.

— Можна канстатаваць, што беларускі нацыянальны праект пакуль не дасягнуў таго ўзроўню, якога дасягнулі суседзі беларусаў. У камэнтарах пад нашымі перадачамі нярэдка зьяўляюцца тыя, хто лічаць, што прычынай няўдач нашага нацыянальнага праекту ёсьць выбар назваў «Беларусь» і «беларусы» замест «Літвы» і «літвінаў». Як вы гэта пракамэнтуеце?

— Я думаю, што гэта вельмі істотнае спрашчэньне. Людзі як найменей не разумеюць, чаму тады, калі ўжо пачалі выкарыстоўваць паняцьці «Беларусь» і «беларусы», адмовіліся ад паняцьцяў «Літва» і «літвіны». Рэч у тым, што гэта адбылося тады, калі ўжо пацярпелі няўдачу праекты адраджэньня адзінай палітычнай Літвы, і пры гэтым літоўскі нацыянальны рух выбраў ужо свой шлях і ня меў патрэбы ў захаваньні нейкай агульнай Літвы для балта- і славянамоўных жыхароў, калі захаваньне гэтай агульнай назвы было ўжо контрапрадуктыўным.

Тут ёсьць і гістарычны аспэкт, пра які троху пазьней, і актуальны. Трэба разумець, што погляды тых людзей, якім не падабаецца назва «беларусы» і якія называюць сябе літвінамі ці крывічамі, калі называць рэчы сваімі імёнамі, сёньня могуць існаваць толькі на ўзроўні субкультураў. А пэрспэктывы як у нацыі ёсьць толькі ў таго народу, які, як павялося, пачаў называцца беларускім, бо існуе толькі адна дзяржава, якую ён патэнцыйна можа ператварыць у сваю нацыянальную дзяржаву. Ні Літва, ні Польшча, ні нейкая іншая дзяржава не чакаюць і не зьбіраюцца дзяліцца сваімі магчымасьцямі з гэтым народам, тым больш з прадстаўнікамі яго субкультураў.

Таму ў такой сытуацыі дэманстрацыйная адмова ад назвы наўпрост азначае адмову ад права ў будучыні на стварэньне сваёй нацыянальнай дзяржавы або на ператварэньне ў такую дзяржаву таго, што сёньня называецца Рэспублікай Беларусь.

Што да гістарычнай рэтраспэктывы, то мне блізкія аргумэнты Вацлава Ластоўскага, які лічыў больш удалым выбарам для назвы народу і краіны тэрміны «крывіч» і «Крывія». Бо ўсякія асацыяцыі з Русьсю, падабаецца нам гэта ці не, так ці іначай прывязваюць Беларусь да Расеі. Можа, вядома, тлумачыць, што гэта ня тая Русь, або тая Русь, а хто ня «русь», але рэаліі такія.

Зь іншага боку, любыя прэтэнзіі на «Літву» асуджаюць на канфлікты з тымі, хто ўжо зьяўляецца законным праваўладальнікам назвы. «Крывічы» ў гэтым сэнсе давалі магчымасьць выбару самадастатковай назвы, але ўжо як атрымалася, так атрымалася.

Тут трэба адзначыць, што амаль да канца ХХ стагодзьдзя многія беларускія эмігранцкія арганізацыі, называючы сябе беларускімі, у дужках выкарыстоўвалі назву «крыўскія» ці «крывіцкія». Яны не адмаўляліся ад афіцыйнай «беларускай» назвы, але пры гэтым падкрэсьлівалі сваю асобную ідэнтычнасьць.

— Пра што, на ваш погляд, сьведчаць спрэчкі вакол нацыянальнай назвы беларусаў і ці ёсьць нешта падобнае ў іншых, ужо добра сфармаваных нацыяў?

— Як правіла, гэта сьведчыць пра крызіс адпаведных нацыянальных праектаў. Можна прыгадаць пару прыкладаў. Частка сучасных татараў называе сябе не татарамі, а булгарамі, бо лічыць назву «татары» этнонімам заваёўнікаў, а сябе — нашчадкамі заваяванага насельніцтва волскай Булгарыі.

Частка сёньняшніх крымскіх татараў аддае перавагу саманазьве «кырымлы», бо лічыць, што тэрмін «татары» зьвязвае іх з татарамі расейскімі, ад чаго яны хочуць дыстанцыявацца.

Ёсьць і больш экзатычныя варыянты. Нядаўна ў Румыніі арыштавалі групу змоўнікаў, і вось яны якраз выступалі за адмову ад назвы «Румынія» і вяртаньне да назвы Гетыя — гэта субстратная назва Румыніі да прыходу рымскай цывілізацыі не землі гетаў і дакаў.

Як правіла, гэта рэакцыя на нейкі крызіс, спроба знайсьці простыя адказы на складаныя пытаньні.


Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Ці сапраўды прычына няўдач Беларусі — яе назва?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:27:11 0:00
Наўпроставы лінк





«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG