СЛУХАЦЬ:
У мінулым Джон О'Саліван быў дарадцам Маргарэт Тэтчэр
Аляксандар Лукашук: Сёньня мінае 30 гадоў, як Маргарэт Тэтчэр стала прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі. Чаму яна тады выйграла?
Джон О’Саліван: Яна выйграла таму, што тры-чатыры месяцы перад выбарамі Вялікабрытанію ахапіў страйкавы аўрал, які амаль цалкам спаралізаваў краіну. Гэта дыскрэдытавала ўрад лейбарыстаў і яго абяцаньне дайсьці да паразуменьня з прафсаюзамі ды выкрышталізавала рашучасьць брытанцаў пазбыцца ад сыстэмы дзяржаўнага цэнтралізму, які не прынёс ніякай карысьці. Яны хацелі адысьці ад гэтай сыстэмы, і спадарыня Тэтчэр дала ім такую магчымасьць.
Лукашук: 30 гадоў — гэта ўжо гістарычная мінуласьць. Як гісторыя ацэніць найважнейшыя міжнародныя дасягненьні Маргарэт Тэтчэр?
О’Саліван: Што ж, гісторыкі розьняцца ў ацэнках нават у адносінах да самых простых пытаньняў. Але ўсім становіцца ясна, што рэпутацыя спадарыні Тэтчэр увесь час расьце, нават у Англіі, дзе гэтая рэпутацыя, у адрозьненьне ад астатняга сьвету, была даволі нізкая. Рэпутацыя расьце, бо людзі цяпер бачаць, што тыя ахвяры, якія былі зробленыя ў 1980-х — рост беспрацоўя і доўгая эканамічная рэцэсія — далі сапраўды заўважнае паляпшэньне сытуацыі ў грамадзтве і пашырылі магчымасьці для звычайных людзей. Звычайныя людзі, якія калісьці амаль нічога ня мелі, цяпер маюць свае ўласныя дамы, маюць акцыі і аблігацыі, робяць інвэстыцыі ў краіне або засноўваюць свае прадпрыемствы. Гэткія зьмены былі б немагчымыя бяз Маргарэт Тэтчэр, і людзі ў штораз большай ступені прызнаюць яе заслугу ў гэтым.
Лукашук: Для вялікай часткі нашых слухачоў, асабліва старэйшых, Маргарэт Тэтчэр вядомая пад мянушкай "жалезнай лэдзі". Як яна заслужыла гэтую мянушку? І як яна ставілася да яе?
О’Саліван: Яна напісала прамову з дапамогай выдатнага гісторыка Робэрта Конкуэста, у якой яна выказалася за ўзмацненьне абароннага патэнцыялу НАТО, каб ураўнаважыць савецкія сілы і савецкія ракеты, якія тады былі разьмешчаныя ва Ўсходняй і Сярэдняй Эўропе. Яе моцны адпор савецкаму экспансіянізму схіліў газэтны орган савецкай арміі ахрысьціць яе "жалезнай лэдзі". Мянушка задумвалася як абраза, але Тэтчэр падхапіла гэтае словазлучэньне і пачала сама яго ўжываць у адносінах да сябе. Яе гэтая мянушка цешыла і дапамагла стварыць яе рэпутацыю. Гэта добры прыклад, які паказвае, што чалавек павінен быць асьцярожны, калі атакуе сваіх палітычных супернікаў, бо некаторыя атакі насамрэч ім дапамагаюць.
Лукашук: Ці можна паставіць яе ў прыклад іншым жанчынам у палітыцы?
Яна паказала, што калі ў жанчыны здольнасьці спалучаюцца зь цяжкай працай і самаахвярнасьцю, яна можа ўзьняцца на самую вяршыню
Лукашук: Вы блізка супрацоўнічалі з Маргарэт Тэтчэр і ўтрымліваеце кантакты зь ёю да сёньня. У праграме, у якой гэтае інтэрвію пойдзе ў эфір, мы наогул пытаемся ў нашых суразмоўцаў, якога тыпу музыку яны хацелі б пачуць. Калі б мы запыталіся пра гэта ў Маргарэт Тэтчэр, што б яна выбрала, па-вашаму?
О’Саліван: Яе музычны густ быў хутчэй за ўсё рамантычны, але адначасова — патрыятычны. Я думаю, яна выбірала б паміж дзьвюма рэчамі. У маладосьці, калі яе завезьлі ў Лёндан, яна паглядзела сваю першую апэрэту — "Песьню пустэльні" Зыгмунда Ромбэрга. Я думаю, што яна магла б выбраць нешта з гэтага, бо гэта нагадала б ёй яе маладосьць. І да таго — гэта рамантычная музыка, якая даходзіць да ўсіх. Яна таксама — вялікі аматар музыкі Эдварда Элгара, магчыма, найвыдатнейшага ангельскага кампазытара, які быў вядомы ня толькі сваімі патрыятычнымі маршамі, але таксама магутнымі канцэртамі для віялянчэлі і сымфоніямі, якія вельмі моцна перадавалі атмасфэру ангельскай правінцыі. Я думаю, яна выбрала б нешта з гэтых двух кампазытараў.