Прадстаўнікі апазыцыі прасілі адмяніць рашэньне мясцовай улады ад 2006 году аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Судзьдзя Мікалай Сільмановіч адмовіў заяўнікам. Ён лічыць, што Баранавіцкі гарвыканкам не парушае патрабаваньні “Закона аб масавых мерапрыемствах у Беларусі”.
Больш за тры гады мясцовыя ўлады забараняюць недзяржаўным арганізацыям Баранавічаў праводзіць хоць якія-небудзь масавыя мерапрыемствы. Прычым чыноўнікі гэта робяць на падставе прынятага імі ж рашэньня. Яго сутнасьць тлумачыць юрыст Карней Пятровіч:
“Рашэньнем выканкаму ўскладзены абавязак на арганізатараў масавых мерапрыемстваў заключаць дамовы з суб’ектамі гаспадараньня на прадастаўленьне пэўных паслуг — мэдычнай дапамогі, паслуг па прыбіраньні тэрыторыі, па ахове парадку. Аплата папярэдняя. У адпаведнасьці з законам арганізатары абавязаныя аплаціць паслугі на працягу дзесяці дзён пасьля мерапрыемства. А суб’екты гаспадараньня вольныя ў заключэньні гэтых дамоў. Гэта значыць — могуць не згадзіцца”.
Старшыня баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца лічыць, што мясцовая ўлада выкарыстоўвае рашэньне на сваю карысьць:
“14 лютага 2006 году мы сабраліся на прыватнай кватэры пагаварыць. Міліцыя ўсіх арыштавала і на ўсіх склала пратаколы, што гэта несанкцыянаваны сход”.
Віктар Сырыца таксама называе прыклад, які сьведчыць пра дваістыя стандарты мясцовай улады:
“Калі прыяжджаў Мілінкевіч у Баранавічы, то БРСМ праводзіў пікет ля Дома афіцэраў, там, дзе гэта ня вызначана гарвыканкамам”.
“І ня трэба пісаць ім ніякіх заяў, — дадае праваабаронца Сяргей Гоўша. — Пра што гэта кажа? Пра тое, што гарвыканкам парушае Канстытуцыю, у дадзеным выпадку пункт 22, дзе напісана, што ўсе перад законам роўныя”.
Віктар Сырыца кажа, што мэта падобнага рашэньня баранавіцкага гарвыканкаму відавочная:
“Гэтае рашэньне прынята такім чынам, каб дэмакратычныя партыі і арганізацыі ў Баранавічах ня мелі магчымасьці правесьці масавае мерапрыемства”.
Суд гораду Баранавічы просьбу актывістаў не задаволіў.
“Судзьдзя выслухаў. Даў магчымасьць задаць пытаньні прадстаўніку гарвыканкаму. Але ўсё роўна сваю справу зрабіў — і вынес тое рашэньне, якое было выгадна ўладзе”, — кажа Сяргей Гоўша.
На заканчэньне ён дадае, што на гэтым баранавіцкія грамадзкія актывісты ня спыняцца і будуць дабівацца выкананьня Асноўнага Закону:
“Мы нязгодныя з такім рашэньнем судзьдзі Мікалая Сільмановіча і маем намер падаваць скаргу ў вышэйстаячыя суды. І калі яны ня вырашаць, то будзем падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН”.