Пасьля пікету Аляксандар Клачко расказаў Свабодзе, што рашэньне па ягонай заяве на ўцякацтва дагэтуль не прынята.
«Прайшло 11 месяцаў, і дагэтуль я не атрымаў адказу на пытаньне, хто я для Літоўскай Рэспублікі... Нацыянальная пагроза для Літвы, ці я палітычны ўцякач у Літве?
Гэтая сытуацыя вельмі моцна ўскладняла маё знаходжаньне ў Літве, асабліва першыя паўгода, калі я, маючы інваліднасьць другой групы і сур’ёзную хваробу нырак — мае ныркі адміралі, і працэс быў ня спынены на той момант яшчэ, — я ня мог афіцыйна лекавацца ў Літве, і я ня мог афіцыйна паўгода працаваць. Чаму?
Улічваючы гэтыя абставіны, улічваючы той момант, што я публічны чалавек і не хаваю сваю пазыцыю, бэкграўнд, матывацыю — што замінала 11 месяцаў адказаць на пытаньне: хто я для Літвы? Я з гэтым пытаньнем і прыйшоў».
Клачко падкрэсьліў, што яму не падабаецца стан нявызначанасьці, таму ён просіць літоўскую міграцыю прыняць рашэньне.
«Я 12 гадоў працаваў на беларускай чыгунцы. Дык прызнайце мяне нацыянальнай пагрозай для Літвы, каб я разумеў, як мне далей дзейнічаць».
Аляксандар Клачко загадзя папярэдзіў пра пікет у сваім тэлеграм-канале і акрэсьліў яго мэту:
«Патрабаваньне: не зацягваць разгляд кейсаў беларусаў, у тым ліку беларускіх вэтэранаў вайны супраць Расеі».
Ён зазначыў, што 18 сьнежня 2024 году ня толькі Міжнародны дзень мігранта, але і чатыры гады, як ён вымушана пакінуў Беларусь, а ў Літве ён ужо 11 месяцаў чакае рашэньня Дэпартамэнту міграцыі па заяве на атрыманьне статусу ўцекача.
Як паведаміла «Люстэрка», Аляксандар выйшаў з плякатам на ангельскай мове з надпісам: «Я вораг Беларусі. Я вораг Расеі. Хто я для Літвы?».
Пікет быў дазволены на тры гадзіны. Прыблізна праз паўгадзіны пасля пачатку акцыі прыехала паліцыя і папрасіла Аляксандра адысьці на 25 мэтраў.
- Аляксандру Клачко 39 гадоў. Ураджэнец Баранавіч, паводле адукацыі эканаміст, працаваў на будоўлі, чыгунцы — грузчыкам, кладаўшчыком, інжынэрам і эколягам.
- Ва Ўкраіне ён быў з пачатку сакавіка 2022-га, служыў у ракетна-артылерыйскім падразьдзяленьні.
Форум