Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: судзяць пікетчыка, які бараніў прадпрымальнікаў


Рыгор Грык (справа) гутарыць зь Сяргеем Гоўшам
Рыгор Грык (справа) гутарыць зь Сяргеем Гоўшам


СЛУХАЦЬ:


Сёньня ў Баранавічах адбылося першае судовае паседжаньне па справе
Рыгора Грыка. Міліцыянты абвінавачваюць дэмакратычнага актывіста ў арганізацыі не дазволенага ўладай пікету 12 студзеня й у распаўсюдзе недзяржаўнай прэсы.

На суд у справе Рыгора Грыка сабралася шмат юрыстаў і грамадзкіх актывістаў. Але ня ўсіх пусьцілі, бо судзьдзі выбралі малую залю.

Юрыст Сяргей Гоўша лічыць, што судзьдзя Аксана Сарахман рабіла ўсё магчымае, каб ня даць падсуднаму апраўдацца.

“Судзьдзя заявіла, што толькі адвакат можа абараняць Рыгора Грыка. Адхіліла просьбу, каб прысутнічаў грамадзкі абаронца. Гэта — парушэньне, бо якраз у адпаведнасьці з Законам і паводле Канстытуцыі чалавек мае права на сваю абарону ў судзе”.

Спэцыяльна каб падтрымаць сябра сваёй партыі, на суд у Баранавічы прыехаў Анатоль Лябедзька. Яго меркаваньне:

“Улада ўлазіць у абсалютна незразумелыя мерапрыемствы. Таму што, з аднаго боку, заяўляецца лібэралізацыя, што краіна пагрузілася ў такі сьветлы пэрыяд часу, а разам з тым ідуць такія ганебныя судовыя працэсы. Калі нешта там наверсе нехта гаворыць, нешта там шуміць, а ўнізе як было пазаўчора і ўчора, усё й засталося. У дадзеным выпадку судзьдзя парушае парадак вядзеньня суду. Яна фактычна зьбівае чалавека, які не зусім дасьведчаны юрыдычна. Яна хоча мінімізаваць яго хадайніцтвы, яго права на хадайніцтва. Частку яго хадайніцтваў яна проста прапусьціла, што ёй не падабаецца, яна прапускае паміж вушэй сваіх”.

Урэшце па хадайніцтве падсуднага суд быў перанесены на шостага сакавіка. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі зрабіў выснову:

“Патрэбна людзям салідарнасьць. Калі б сёньня Грык быў сам-насам з судзьдзёй, быў бы прававы вэрхал. Рабілі б усё, што хацелі. Дзякуючы таму, што сюды прыйшлі дзясяткі паўтара-два людзей, ёсьць журналісты, прыехалі людзі зь Менску, — гэта прымушае ўладу аглядацца па баках. Яны ўжо ня робяць усё так брутальна. Усё ж такі мы прымусілі суд выканаць працэдуру”.

Рыгору Грыку — 43 гады. Ён сябра АГП. Сёлета яго звольнілі з баранавіцкага акцыянэрнага таварыства “Баваўняны камбінат”. У суд ён прыцягнуты па абвінавачаньні ў арганізацыі 12 студзеня ў Баранавічах несанкцыянаванага пікету ў абарону прадпрымальнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG