Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў адмовіўся. Мілінкевіч паедзе. Казулін вырашае.


Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў адмовіўся ехаць у Прагу на мерапрыемствы, прымеркаваныя да саміту ЭЗ па “Ўсходнім партнэрстве”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, наадварот, зьбіраецца ў Прагу. Чым выклікана такое супярэчлівае стаўленьне да гэтых падзеяў у шэрагах дэмакратычнай апазыцыі?

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, аб’яднаныя дэмакратычныя сілы не атрымоўвалі запрашэньня ў Прагу для сваіх прадстаўнікоў. Ня бралі яны ўдзелу і ў сустрэчы зь міністрам замежных спраў Чэхіі Карэлам Шварцэнбэргам у Менску. Гэта зьвязана з тым, што ў Празе добра ведаюць пазыцыю АДС адносна запрашэньня Аляксандра Лукашэнкі на саміт 7 траўня.

Анатоль Лябедзька
“Наша пазыцыя зразумелая і вядомая. Калі там будзе Аляксандар Лукашэнка, то для беларускіх палітыкаў больш карысьці будзе, калі яны 7 траўня выйдуць на вуліцы Менску і стануць у ланцуг памяці па Захаранку і ў ланцуг салідарнасьці з тымі, хто сёньня ў турме. І няхай гэтыя нябачныя ланцугі будуць на нагах і руках Лукашэнкі, які будзе гаварыць у Празе, што ў нас нібыта няма палітвязьняў, не было эскадронаў сьмерці, што ў нас не скрадалі палітыкаў і журналістаў”.

Запрашэньні прыехаць у Прагу атрымалі шэраг палітыкаў — Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Казулін, Станіслаў Шушкевіч. Плянуецца іх сустрэча з Карэлам Шварцэнбэргам 6 траўня.

Ці паедзе ў Прагу Аляксандар Казулін?

Аляксандар Казулін
Казулін: “Зараз будзе вельмі цікава паглядзець, як будзе вырашацца пытаньне, паедзе туды спадар Лукашэнка ці не. Зразумела, што ў адпаведнасьці з гэтым будзем прымаць рашэньне. Таксама я лічу, што мы павінны прымаць рашэньне ўсе разам, а не паасобку. Прынамсі ўзгадняць свае пазыцыі. Зразумела, калі туды паедзе спадар Лукашэнка, то нам там рабіць няма чаго”.

Андрэй Саньнікаў катэгарычна адмовіўся ад запрашэньня на грамадзянскі форум у падтрымку “Ўсходняга партнэрства”. Ён патлумачыў сваю пазыцыю:

Андрэй Саньнікаў
“Гэта зьвязана з тым, што ў Беларусі адбываюцца палітычныя рэпрэсіі. Нічога не мяняецца, і зараз ідзе такая гульня, калі ўлады спрабуюць менавіта з гэтай палітыкай прайсьці ва „Ўсходняе партнэрства“. Гэтая праграма карысная для Беларусі і шмат чаго можа прынесьці. Але ж ня з гэтым рэжымам, ня з гэтай палітыкай. А калі казаць пра нагоду, то гэта была галадоўка, якую абвясьціў Аўтуховіч. Бо гэта наагул лёс палітвязьняў. Я лічу, што трэба прыцягваць увагу да гэтых падзеяў у Беларусі, а не да таго, паедзе Лукашэнка ці не Лукашэнка. Нас павінны пачуць палітыкі, найперш эўрапейская грамадзкасьць, і я лічу, што падтрымка будзе яшчэ больш моцнай”.

Прадстаўнік руху “За свабоду” Алесь Лагвінец паведаміў, што Аляксандар Мілінкевіч плянуе візыт у Прагу. Ён возьме ўдзел у грамадзянскім форуме і ў плянаванай сустрэчы з Карэлам Шварцэнбэргам:

Аляксандар Мілінкевіч
“Аляксандар Мілінкевіч лічыць вельмі важным узяць удзел у канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьці наконт унёску грамадзянскай супольнасьці ва „Ўсходняе партнэрства“. Ён лічыць вельмі важным выкарыстоўваць любую магчымасьць, каб даводзіць пазыцыю беларускай грамадзянскай супольнасьці да нашых эўрапейскіх партнэраў”.

Нагадаем, учора ў штогадовым пасланьні да народу і парлямэнту Беларусі Аляксандар Лукашэнка так і не сказаў, ці паедзе ён на саміт у Прагу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG