Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад дыскусіі пра АЭС улады ўхіліліся


Астравецкі райвыканкам наладзіў сустрэчу Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі з жыхарамі раёну. Улады дапусьцілі ў залю праціўнікаў АЭС, але ўхіліліся ад дыскусіі зь імі.

Астравецкі райвыканкам не дазволіў правядзеньне дзьвюх акцыяў, ініцыяваных апазыцыяй да гадавіны аварыі на ЧАЭС: сходу ў Астраўцы з удзелам уладаў і апанэнтаў будаўніцтва АЭС, а таксама антыядзернага пікету.

У якасьці альтэрнатывы ўлады арганізавалі сустрэчу з Дырэкцыяй будаўніцтва АЭС. Сустрэча адбылася ў будынку Астравецкага райвыканкаму ў працоўны час, таму на яе змаглі патрапіць у асноўным чыноўнікі альбо прадстаўнікі так званага ідэалягічна-гаспадарчага актыву раёну.

На сходзе выступілі дырэктар будаўніцтва атамнай станцыі Міхал Філімонаў, ягоны намесьнік, галоўны інжынэр будаўніцтва, намесьнік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму.

Яны пераконвалі прысутных у бясьпечнасьці будучай станцыі і ў выгодах, якія нясе яе будоўля рэгіёну.

Патрапілі на сход і шэсьць актывістаў мясцовага антыядзернага руху. Адзін зь іх, Мікалай Уласевіч, атрымаў слова і заявіў пра эканамічную і экалягічную неабгрунтаванасьць будаўніцтва АЭС на Астравеччыне ды пра тое, што рашэньне прымалася без уліку думкі мясцовага насельніцтва, як патрабуе Орхуская канвэнцыя.

Мікалай Ўласевіч
“Я падкрэсьліў гэтыя два моманты, тады яны пачалі мяне перабіваць і не далі дагаварыць. Нават перайшлі на даволі грубы тон. Старшыня нават пагражаў выгнаць з залі, калі я пачаў зь ім спрачацца”.

Адказамі кіраўніцтва будоўлі АЭС на свае пытаньні Мікалай Уласевіч застаўся таксама незадаволены. Між іншага, дырэктар будаўніцтва атамнай станцыі Міхал Філімонаў на сходзе ў Астраўцы распавёў, што ў красавіку было ўхваленае канчатковае рашэньне аб тым, што праект АЭС будзе распрацоўвацца ў Санкт-Пецярбургу. А на самой астравецкай пляцоўцы цяпер ствараецца база для прыёму будаўнічых арганізацый і матэрыялаў. Ужо ўзводзяцца два жылыя дамы для будаўнікоў.

Паводле спадара Філімонава, дырэкцыя будаўніцтва АЭС разьлічвае запрасіць кадры з Ігналінскай АЭС, якая цяпер зачыняецца, і са Смаленскай АЭС, а таксама спэцыялістаў, якія працуюць на будаўніцтве Бушэрскай АЭС у Іране.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG