Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах не дазваляюць акцыі да гадавіны Чарнобылю


Мясцовыя ўлады ў рэгіёнах адмоўна адказалі на заяўкі прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сіл аб правядзеньні мітынгаў, сходаў і пікетаў да чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС.


Тым ня меней апазыцыянэры зьбіраюцца ўшанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю і выказацца супраць будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.

СЛУХАЦЬ:


Гомельская абласная кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сіл падавала заяўку на правядзеньне 26 красавіка жалобнага мітынгу ў абласным цэнтры. Аднак гарадзкія ўлады адмовілі на той падставе, што да заяўкі не былі прыкладзеныя дамовы зь міліцыяй, камунальнымі і мэдычнымі службамі, — паведаміў прадстаўнік Гомельскай абласной кааліцыі АДС Васіль Палякоў:

Васіль Палякоў
“Гэта фармальны адказ, фармальная адмова. Пералічаныя ўладамі прычыны зьяўляюцца толькі нагодай, каб не дазволіць мітынг. Сапраўдная прычына ў тым, што ўлады баяцца любой ініцыятывы... З 2006 году не было ніводнага станоўчага адказу на нашыя заявы, хоць падавалася за гэты час больш як сто заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. Улады ніводнага разу не дазволілі”.

Паводле Васіля Палякова, апазыцыя ў Гомелі 26 красавіка ўскладзе кветкі да мэмарыялу ахвярам Чарнобылю і правядзе круглы стол, прымеркаваны да гадавіны аварыі на ЧАЭС. 24—25 красавіка гомельскія дэмакраты разам з прадстаўнікамі АДС зь Менску Аляксандрам Казуліным, Сяргеем Калякіным і Анатолем Лябедзькам наведаюць найбольш пацярпелыя ад радыяцыі мясьціны вобласьці: Ветку, Чачэрск, Карму, Хойнікі, Брагін і Нароўлю. На гэтыя паездкі дазвол уладаў не патрэбны. Паводле інфармацыі Васіля Палякова, 25 красавіка А.Лукашэнка таксама будзе ў чарнобыльскай зоне, але ў іншых раёнах, таму сустрэча з апазыцыянэрамі яму не пагражае.

Прадстаўнікі апазыцыі зь Менску маюць намер таксама наведаць Астравецкі раён Гарадзеншчыны, дзе ўлады зьбіраюцца пабудаваць АЭС. Мясцовы райвыканкам не дазволіў правядзеньне дзьвюх акцыяў, ініцыяваных апазыцыяй: сходу ў Астраўцы з удзелам уладаў і апанэнтаў будаўніцтва АЭС, а таксама антыядзернага пікету.

Паводле актывіста мясцовага руху супраць будаўніцтва АЭС Мікалая Ўласевіча, падставы для адмовы фармальныя — нібыта ў мясцовай кінаканцэртнай залі могуць праводзіцца сходы толькі на дзяржаўныя сьвяты. Спадар Уласевіч зьбіраецца пайсьці на арганізаваную ўладамі ў піку апазыцыі сустрэчу грамадзян з дырэкцыяй будаўніцтва АЭС, якая заплянаваная Астравецкім райвыканкамам на 23 красавіка, а таксама працягваць сваю кампанію супраць будаўніцтва АЭС у іншых формах:

Мікалай Уласевіч
“Так, мы будзем праводзіць інфармацыйную кампанію. У якім гэта будзе выглядзе — напэўна, даведаецеся пасьля таго, як нас будуць затрымліваць. Я хачу, каб гэтага не адбылося, але напэўна будзе так, у нас міліцыя заўсёды дзейнічае брутальна”.

Апазыцыя ў Магілёве не падавала ніякіх заявак на правядзеньне масавых акцыяў да гадавіны аварыі на ЧАЭС. Там зьбіраюцца замовіць імшу па ахвярах Чарнобылю ў касьцёлах і цэрквах. У Горках да гадавіны аварыі на ЧАЭС мяркуюць стварыць антыядзерную групу, а ў Быхаве — правесьці круглы стол для моладзі пра чарнобыльскія праблемы.

У Менску прадстаўнікі АДС атрымалі дазвол гарадзкіх уладаў на правядзеньне традыцыйнага Чарнобыльскага шляху 26 красавіка, аднак наконт маршруту дазволенага шэсьця ад Акадэміі навук да чарнобыльскай капліцы вядуцца пакуль перамовы з гарвыканкамам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG