Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прапануе бонусы за добрыя паводзіны


Сёньня ў Брусэлі на сэсіі Эўрапалярмэнту пройдзе галасаваньне па “беларускай” рэзалюцыі. Такі дакумэнт, у якім эўрадэпутаты выказваюць сваё стаўленьне да палітычных працэсаў у Беларусі, прымаецца двойчы ў год. Сёньня ён прысьвечаны тэме “эвалюцыі дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю”.


Дэбаты па праекце адбыліся на мінулым тыдні ў Страсбуры. Як заявілі Свабодзе аўтары дакумэнту, Ян Марынус Вірсма і Юстас Палецкіс, асноўныя меркаваньні наконт разьвіцьця эўрапейска-беларускага дыялёгу парлямэнтары ўжо выказалі, а таму галасаваньне павінна прайсьці хутка, без уключэньня нейкіх паправак.

Юстас Палецкіс
Паводле літоўскага палітыка Палецкіса, які выступае за актывізацыю дыялёгу, бо лічыць ранейшую палітыку ізаляцыі “неэфэктыўнай”, “дакумэнт працягвае лінію рэзалюцыі, якая была прынятая сёлета на пачатку года. Падкрэсьліваецца, што ў Беларусі маюцца пазытыўныя зрухі, але пры гэтым трэба больш рашуча рухацца ў накірунку правоў чалавека і дэмакратыі. Пералічваюцца новыя факты, якія меліся за гэты час: пазытыўныя і нэгатыўныя. І, вядома, гаворыцца пра вельмі важнае рашэньне ЭЗ – запрашэньне Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства”.

Ян Марынус Вірсма
Другі аўтар дакумэнту Ян Марынус Вірсма, які напярэдадні сёньняшняга галасаваньня разам зь іншымі сябрамі дэлегацыямі эўрапарлямэнтароў быў вымушаны “скасаваць” свой візыт ў Менск з-за “непрымальнага фармату паездкі”, больш стрымана ставіцца да далучэньня Беларусі да новай праграмы Эўразьвязу. У размове са Свабодай ён называе сябе “скептыкам” ў гэтым пытаньні і націскае на словы “пэўныя умовы”.

“Беларусь павінна прадэманстраваць прагрэс у шэрагу галінаў,-- кажа Вірсма.-- Інакш запрашэньне яе да ўдзелу ў праекце, можа стаць няправільным палітычным сыгналам. Беларусь трэба запрашаць у “Партнэрства”, аднак на пэўных умовах. Калі мы гаворым пра праблемы з правамі чалавека ў гэтай краіне, то ў дыялёгу павінны браць удзел ня толькі афіцыйныя асобы, але і прадстаўнікі апазыцыі”.

Аналізуючы новы дакумэнт эўрапарлямэнтароў, назіральнікі адзначаюць “пэўнае зьмякчэньне” у рыторыцы. Хаця ў самой рэзалюцыі па-ранейшаму ўтрымліваюцца знаёмыя словы пра тое, што Беларусь павінна заставацца краінай без палітвязьняў, што тут павінны дзейнічаць такія дэмакратычныя стандарты як свабода СМІ, меркаваньняў, выбараў, рэлігіі і адсутнічаць усялякі перасьлед паводле палітычных поглядаў. Аўтары дакумэнту заклікаюць да неадкладнага ўвядзеньня мараторыю на сьмяротныя пакараньні, прызнаньня Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, да рэгістрацыі незалежнага каналу “Белсат”, да вяртаньня ў Беларусь з выгнаньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Адначасна ў дакумэнце акрэсьленыя так званыя бонусы Брусэлю “за добрыя паводзіны Менску”. У пункце № 10 праекту гаворыцца: “калі Беларусь цягам дзевяці месяцаў выканае выкладзеныя вышэй патрабаваньні, Эўракамісіі і Радзе ЭЗ неабходна будзе разгледзіць пытаньне адносна адмены на сталай аснове візавых санкцыяў, а таксама распачаць захады, якія б садзейнічалі эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу ў краіне, рэінтэграцыі Беларусі ў агульнаэўрапейскую сям’ю”.

У 11-м пункце праекту адзначаецца, што Эўрапарлямэнт мае намер заклікаць эўраструктуры аблегчыць візавыя працэдуры для беларускіх грамадзянаў, зьнізіць для іх кошт шэнгенскіх візаў, забясьпечыць фінансавую падтрымку праектам грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці, тэлеканалу “Белсат”.

Даючы ацэнку дакумэнту, некаторыя эўрапейскія назіральнікі ўжываюць словы “ясная і моцная рэзалюцыя”. Пару тыдняў таму прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг, сустракаючыся зь беларускімі палітыкамі Аляксандрам Казуліным і Анатолем Лябедзькам, распавёў, што менавіта такую рэзалюцыю ён даручыў падрыхтаваць сваім памочнікам.

Ганс-Герт Пётэрынг
“ЭЗ чакае ад Беларусі “істотных зрухаў, якія б маглі быць умовай для запрашэньня беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі на травеньскі саміт ЭЗ”,-- заявіў Пётэрынг, вядомы ў палітычных колах, як хрысьціянскі дэмакрат – кансэрватар, а з другога боку як традыцыйны нямецкі палітык, які не жадае сапсаваць дачыненьняў зь Менскам і хоча дасягаць мэтаў “ціхімі сродкамі”.

Тым часам многія эўрапейскія палітыкі, уключна з тым жа Янам Марынусам Вірсмам, лічаць падобнае запрашэньне “вельмі заўчасным крокам”. У шэрагу дэпутацкіх дыскусіяў, якія апошнім часам трапляюць у прэсу, разглядаюцца самыя розныя варыянты, у тым ліку і абсалютна непрынятыя ў міжнародных дачыненьнях працэдуры. Напрыклад, запрашэньне беларускага лідэра на саміт разам з апазыцыяй, насуперак таму, што кожная дзяржава на такіх сустрэчах павінна быць прадстаўленая выключна на ўзроўні ўраду. Выказваюцца спадзяваньні, што гэта, маўляў, справакуе Лукашэнку адмовіцца ад удзелу ў саміце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG