Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія дэпутаты хочуць ад Беларусі дзьвюх рэчаў


Сёньня ў Брусэлі адбываецца вялікая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі. Яна атрымала назоў “Дарожная мапа для Беларусі”. Арганізуюць канфэрэнцыю тры буйнейшыя фракцыі Эўрапейскага парлямэнту – народнікі, сацыялісты ды лібэралы.

Эўрапарлямэнт на пачатку красавіка будзе прымаць спэцыяльную рэзалюцыю па Беларусі. І таму сёньняшняе мерапрыемства – гэта фактычна апошняя магчымасьць пачуць галасы з самой Беларусі. Для ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя Анжаліка Борыс, Жанна Літвіна, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч.

Адным з самых зацікаўленых удзельнікаў слуханьняў будзе парлямэнтар зь Вялікай Брытаніі Крыстафэр Бізьлі. Ён ачольвае ў Эўрапарлямэнце так званую Паўночную групу дэпутатаў, куды ўваходзяць прадстаўнікі Вялікай Брытаніі і скандынаўскіх краін. Спадар Бізьлі сёлета ўпершыню наведаў Беларусь. Ён тлумачыць, на што спадзяюцца ягоныя калегі ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам:

“Калі мы глядзім на нашы спэцыфічныя рэкамэндацыі для беларускіх уладаў, то мы хацелі б бачыць дзьве рэчы: а) каб унутры Беларусі адбыўся дыялёг паміж уладамі і апазыцыйнымі партыямі і выконваліся прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека. І б) каб на прынцыпах свабоды мэдыяў, павагі да правоў чалавека такія дзьве адзінкі, як Эўразьвяз і Беларусь, працавалі на пасьпяховую будучыню разам“.

Выступ Анатоля Лябедзькі будзе прысьвечаны палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Аляксандар Мілінкевіч распавядзе аб дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў, Жанна Літвіна – пра мэдыі, а Анжаліка Борыс – пра палажэньне нацыянальных меншасьцяў.

Анатоль Лябедзька думае, што дыскусія выйдзе за межы толькі гэтых кірункаў. Ён асабіста зьбіраецца казаць і пра выбары, і пра палітзьняволеных, і пра тое, як праходзіць дыялёг паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам:

“Мажліва, там будзе і Фэрэра-Вальднэр. І там па кожнаму накірунку будуць экспэрты – напрыклад, у выбарчым заканадаўстве спадар Ленарчыч – кіраўнік БДІПЧ”.

У Брусэлі падкрэсьліваюць, што сёньняшняя дыскусія стане апошняй у цэлай сэрыі дыскусій і кансультацый, якія праводзілі дэпутаты Эўрапарлямэнту наконт Беларусі. І таму ёсьць спадзяваньні, што менавіта сёньняшнія слуханьні значна паўплываюць на зьмест “беларускай” рэзалюцыі Эўрапарлямэнту.

Тым часам міністэрства замежных спраў Расеі заявіла пра тое, што Брусэль цісьне на Беларусь, выкарыстоўваючы праграму “Ўсходняе партнэрства”. Афіцыйны прадстаўнік МЗС Андрэй Несьцярэнка падкрэсьлівае: перад постсавецкімі краінамі, якія ўдзельнічаюць у гэтай праграме, “ставіцца штучны выбар: альбо вы з Эўразьвязам, альбо – з Расеяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG