Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычных б’юць беспакарана


Напярэдадні акцыі 25 сакавіка варта згадаць, што апазыцыянэрам не ўдалося давесьці да суду ніводную справу супраць прадстаўнікоў сілавых структураў у зьвязку зь іхнімі проціпраўнымі дзеяньнямі.

Проціпраўныя дзеяньні прадстаўнікоў сілавых структураў супраць актывістаў апазыцыі здараюцца даволі часта. Пра нядаўні такі выпадак апавёў актывіст “Эўрапейскай Беларусі”, фігурант “працэсу 14-ці” Аляксандар Баразенка, які прыгавораны судом да аднаго году абмежаваньня волі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Хлопец 23 сакавіка прыйшоў адзначыцца ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Фрунзэнскага раёну Менску.

Аляксандар Баразенка
“Супрацоўнік крымінальнай інспэкцыі накінуўся на мяне з кулакамі і пачаў зьбіваць, пагражаць. Ён казаў — маўляў, мне ад яго два шляхі: ці на Кальварыйскія могілкі, ці то за краты, што ён зь мяне так ня зьлезе. Крычаў нешта, што я яго там неяк падмануў. Але я не зразумеў, у чым. І вынес папярэджаньне, што мяне нібыта не было дома ў нядзелю”.

Аляксандар кажа, што быў дома, калі яго прыходзілі правяраць, але не пачуў, бо гэта было позна, а ў дзьвярах не працаваў званок. Актывіст зьбіраецца абскардзіць паводзіны супрацоўніка інспэкцыі, каб той бачыў нейкі адказ на свае дзеяньні і іншы раз думаў, што робіць. Я размаўляў з Аляксандрам, калі ён якраз знаходзіўся ў паліклініцы, дзе спрабаваў атрымаць бальнічны ліст.

“Учора мяне прывезьлі на «хуткай» у чацьверты клінічны шпіталь, дзе паставілі дыягназ — чэрапна-мазгавая траўма. Мне прапанавалі шпіталізацыю, але я адмовіўся. Яны сказалі, каб я ўзяў бальнічны і пабыў дома некалькі дзён”.

Артур Фінькевіч не аднойчы быў сьведкам проціпраўных дзеяньняў. Але звычайна ён іх не абскарджвае.

Артур Фінькевіч
“Я проста лянуюся гэтым займацца. Мне падаецца, што пісаць трэба, але гэта марудна і не заўжды атрымоўваецца. Складана лічыць, што можна нечага дамагчыся пры цяперашняй абсалютна недэмакратычнай уладзе.

Цягам апошніх васьмі гадоў неаднаразова пры мне зьбівалі моладзевых актывістаў, наагул актывістаў апазыцыі на масавых акцыях. Мяне таксама некалькі разоў зьбівалі, але ні разу я не зьвяртаўся са сваімі скаргамі. Сэнсу ў гэтым абсалютна няма“.

Але ў мінулым годзе Артур напісаў заяву ў міліцыю з патрабаваньнем пачаць крымінальную справу. А потым — у пракуратуру на незаконныя дзеяньні падчас ператрусу на ягонай кватэры. Аднак гэтыя намаганьні скончыліся, фактычна, нічым.

“Гэта было 19 сьнежня. Я выходзіў з кватэры а пятай вечара, выходзіў з пад’езду. Насунулі невядомыя мне людзі шапку на галаву, зьбілі з ног. Пабілі, закінулі ў мікрааўтобус і вывезьлі ў лес, увесь час зьбіваючы. Натуральна, гэта былі прафэсіяналы, паколькі яны міжсобку не размаўлялі. І ў мяне ёсьць прычыны лічыць, што яны былі супрацоўнікамі сілавых структураў. Але, нягледзячы ні на што, крымінальная справа была прыпыненая з-за недахопу доказаў”.

Можна згадаць таксама зьбіцьцё актывістаў Франка Вячоркі, Сьвятланы Завадзкай, Анатоля Лябедзькі, Мікіты Сасіма, Зьмітра Хведарука, Тацяны Цішкевіч ды іншых.

Валянцін Стэфановіч больш за дзесяць гадоў займаецца праваабарончай дзейнасьцю. Аднак за ўвесь гэты час ён не згадаў ніводнага выпадку, каб была ўзбуджаная крымінальная справа па скаргах, якія падаваліся за перавышэньне паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі. Да прыкладу, вельмі шмат скаргаў пісалі ў 2006 годзе.

Валянцін Стэфановіч
“Урэзаўся ў памяць выпадак з Канстанцінам Мусянком, якога зьбівалі ў аўтазаку. Перавышэньне службовых паўнамоцтваў з боку супрацоўнікаў міліцыі было відавочным. Яны яго пастрыглі нажніцамі, якія былі ў ягонай торбе (ён працаваў цырульнікам), прымушалі есьці майку, на якой быў лёзунг напісаны. Прычым ён апазнаў у інтэрнэце фатаздымкі АМАПаўцаў. І мы прыкладалі да скаргі фатаздымкі і прасілі правесьці праверку, прыцягнуць іх да адказнасьці. Дык вось, там пракуратура нават ня выпісала накіраваньня на правядзеньне судова-мэдычнай экспэртызы, каб зафіксаваць зьбіцьцё. І яны скіравалі скаргу для разбору ў орган, дзеяньні якога абскарджваліся. Гэта катэгарычна забаронена законам аб зваротах грамадзянаў. Мы не дамагліся ўзбуджэньня справы”.

Чаму ж не ўдаецца давесьці справу да суду і пакараць вінаватых супрацоўнікаў праваахоўных органаў? Спадар Стэфановіч мяркуе, што тут лёгіка вельмі простая:

“Калі кагосьці з супрацоўнікаў сілавых ведамстваў прыцягнуць да адказнасьці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў у дачыненьні да палітычных і грамадзкіх актывістаў, натуральна, яны ня будуць так заўзята ў наступны раз выконваць тыя загады і задачы, якія перад імі ставяцца. Таму, мне здаецца, ёсьць такое негалоснае ўказаньне па такіх справах, каб не было ніякіх санкцый з боку пракуратуры, суду. Мы гэта бачым цягам ужо 10 гадоў”.

Праваабаронцу Алега Воўчака зьбівалі тройчы. Аднак ён, нават маючы доказы, так і не дамогся справядлівасьці.

Алег Воўчак
“Яны зводзяць усё да аднаго, што міліцыя не перавысіла сваіх службовых паўнамоцтваў і гэтыя цялесныя пашкоджаньні маглі быць зроблены пры іншых абставінах. І да гэтага яны прыцягваюць ня толькі супрацоўнікаў міліцыі, але і судмэдэкспэртаў”.

Паводле Алега Воўчака, супрацоўнікі міліцыі адчуваюць сваю поўную свабоду і беспакаранасьць:

“Любая сіла, якая прымяняецца на дэманстрацыях, павінна быць абгрунтаванай, папераджальнай і, як закон аб міліцыі вучыць, прафіляктычнай. І калі людзі выкрыкваюць лёзунгі, гэта не падстава, каб прымяняць гвалт. Але ў нас, на жаль, міліцыя не чытае свой першы нарматыўны закон”.

З другога боку, апошнім часам сталі вядомыя скандальныя справы ў дачыненьні да асобных супрацоўнікаў пракуратуры, судзьдзяў, якія вызначыліся на працэсах супраць апанэнтаў улады, супрацоўнікаў міліцыі, аднак якіх пакаралі зь іншае нагоды — за хабарніцтва. Праваабаронцы не выключаюць, што часам прадстаўнікі сілавых органаў стараюцца ў барацьбе з апазыцыяй, спадзеючыся якраз на палёгку ў выпадку, калі пазьней іх зловяць на гарачым у якой-небудзь справе, зусім ужо пазбаўленай палітычнай афарбоўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG