На ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі ён адзначыў, што 600 мільёнаў эўра — гэта абсалютны мінімум для пэрыяду 2009—2013 гг., бо ў сярэднім гэта па 20 мільёнаў у год на кожную краіну. Калі ж крызіс працягнецца, то “пры пэсымістычным сцэнары давядзецца разглядаць праблему не на ўзроўні мільёнаў, а на ўзроўні мільярдаў”.
Чакаецца, што праект паглыбленьня дачыненьняў з постсавецкімі краінамі будзе зацьверджаны на цяперашнім саміце кіраўніцтва ЭЗ. Размова ідзе пра Ўкраіну, Малдову, Армэнію, Азэрбайджан, Грузію. У праекце таксама зарэзэрваванае месца і для Беларусі.
Як падаюць некаторыя СМІ, ня выключана, што галоўныя ініцыятары праграмы — Польшча, Швэцыя і шэраг сярэднеэўрапейскіх краін — могуць сутыкнуцца з супрацівам з боку паўднёваэўрапейскіх краін — Францыі, Партугаліі, Італіі. Прынцыпова гэтыя сябры ЭЗ падтрымліваюць “Усходняе партнэрства”, аднак яны занепакоеныя, што фінансаваньне праекту можа адбыцца за кошт зьмяншэньня дапамогі міжземнаморскім суседзям ЭЗ — Марока, Альжыру, Тунісу ды іншым.
Паведамляецца, што Парыж выступае супраць фіксацыі пэўнай сумы для “Ўсходняга партнэрства”. Паводле францускіх прадстаўнікоў на брусэльскай сустрэчы, у фінансаваньні праграмаў добрасуседзтва трэба захоўваць наступны балянс: дзьве траціны — для краін Міжземнамор’я і адна траціна — для постсавецкіх рэспублік. Такую лінію прэзыдэнт Нікаля Сарказі праводзіў яшчэ ў 2008 годзе, падчас прэзыдэнцтва Францыі ў ЭЗ.
Як заявіў учора журналістам польскі міністар Радаслаў Сікорскі, “для “Ўсходняга партнэрства” Польшча гатовая прапанаваць значную суму з нацыянальнага бюджэту”. Сікорскі выказаў спадзяваньне на тое, што “Ўсходняе партнэрства” таксама падтрымаюць і ЗША. Польскі міністар чарговым разам падкрэсьліў, што праграма не накіраваная супраць Расеі, якая можа ўзяць удзел у асобных праектах.
У сваю чаргу, цяперашні старшыня ЭЗ — Чэхія — спадзяецца, што Зьвяз зможа вылучыць дадатковыя сродкі на падтрымку фінансавых сыстэм краін Усходняй Эўропы. Да гэтай ідэі прыхільна ставяцца Аўстрыя, Нямеччына і некаторыя іншыя краіны, чые банкаўскія сыстэмы арыентаваныя на працу ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне.