Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ: “Гавары са мной па-беларуску”


Кружэлка, стужка ды сьцяжок — іх раздалі студэнтам актывісты БРСМ


Больш цікавілі студэнтаў плякаты “Чаму я не гавару па-беларуску”.




Ініцыятар акцыі Павал Алекса


Цяжкі роздум над пытаньнем “Чаму я не гавару па-беларуску”
Сёньня, 13 сакавіка, ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Аркадзя Куляшова суполка Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі гістарычнага факультэту зладзіла акцыю “Гавары са мной па-беларуску”. Сваю акцыю актывісты дзяржаўнай моладзевай арганізацыі прымеркавалі да Дня Канстытуцыі.

Акцыя праходзіла ў фае ўнівэрсытэту ад восьмай гадзіны раніцы. Каля дзясятка актывістаў БРСМ у перапынках між лекцыямі раздавалі студэнтам стужкі зь беларускім арнамэнтам, сьцяжкі з надпісам “Гавары са мной па-беларуску”, а таксама кружэлкі зь беларускім песьнямі. Песьні беларускай эстрады гучалі і з унівэрсытэцкага рэпрадуктара. Пра акцыю распавядае яе ініцыятар, сакратар суполкі БРСМ гістфаку Павал Алекса:

“Сёньняшнюю акцыю я вырашыў прымеркаваць да Дня Канстытуцыі. Сутнасьць гэтай акцыі — папулярызацыя беларускай мовы сярод моладзі. Сёньня мы праводзім віктарыну на веданьне літаратурных пэрсанажаў беларускіх пісьменьнікаў. Тое, што шмат моладзі зацікавілася ёй, сьведчыць, што моладзь жадае гаварыць па-беларуску, аднак ці то саромеецца, ці то не разглядае яе моднай, ці цікавай для сябе. Я ж лічу: калі нас будзе шмат, як сёньня, людзі пацягнуцца да нас і будуць таксама падтрымліваць родную мову”.

У аднаго з актывістаў БРСМ, які назваў сябе Янкам, пытаюся, чаму ён вырашыў узяць удзел у акцыі:

“Я лічу сябе грамадзянінам гэтай краіны. І я абавязаны рабіць хоць што-небудзь для яе разьвіцьця й працьвітаньня. Хацелася б, каб кожны чалавек ня толькі сёньня, але й заўсёды гаварыў па-беларуску”.

Шмат студэнтаў зьбіралася ля плякату “Чаму я не гавару па-беларуску”. Пасьля роздумаў пакідалі свае меркаваньні на гэты конт:

Юнак: “Таму што гэта не мая родная мова. Я проста не беларус”.

Юначка:
Хацелася б, каб кожны чалавек ня толькі сёньня, але й заўсёды гаварыў па-беларуску.
“Ну, таму, што ніхто не размаўляе. Для нашага грамадзтва гэта сорамна, напэўна. Ну, і ўсе, напэўна, баяцца й не размаўляюць. Проста саромяцца”.

Былі й іншыя меркаваньні:

Юначка: “Мы павінны на ёй размаўляць, таму што яна родная. Мы ўсе родам зь Беларусі”.

Юначка: “Беларуская мова — гэта вельмі добрая мова. Кожны павінен яе ведаць, кожны павінен на ёй размаўляць. І вось я пакінула такія радкі: «Стаю на ростанях, а з паднябесься самотным жаўранкам зьвініць і плача май». Мне гэты верш проста ў душу запаў, калі я яшчэ вучылася ў школе”.

Юнак:
Вось каб, напрыклад, уся Беларусь перайшла на беларускую мову, тады б не было праблемаў з рускім шавінізмам.
“Акцыя пазытыўная. Вось каб, напрыклад, уся Беларусь перайшла на беларускую мову, тады б не было праблемаў з рускім шавінізмам”.

Чаму БРСМ наважыўся на такую акцыю? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да магілёўскага актывіста незарэгістраванага аб’яднаньня “Рушэньне” Валадара Цурпанава:

“Гэта ініцыятыва мясцовых крэатыўных кіраўнікоў, якія шукаюць формы рэалізацыі актыўнасьці сваіх чальцоў. Гэтая акцыя іхная, відаць, не зусім адпавядае іх пэрсанальным пазыцыям. Досьведу няма. Гэта нешта новае й супярэчнае ўчорашняму. Гэта можна разглядаць як спробу: «А вось давайце паспрабуем тут». У любым выпадку гэта вымагае ўхвалы. Мы на адной тэрыторыі, у нас адна гісторыя і адзіны лёс, бо мы жывём у адной краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG