Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень закаханых у Віцебску


Дзень сьвятога Валянціна ў абласным цэнтры адзначалі і апазыцыйныя актывісты, і сябры БРСМу, і нават дзяржаўныя ўстановы.

Удзельнікі грамадзкай кампаніі “Наш дом” выйшлі віншаваць мінакоў да гандлёвага цэнтру “Эвіком”. Яны прапанавалі ахвотным напісаць паштоўку да сваіх каханых ды ўкінуць яе ў адмысловую скрынку — каб потым усе віншаваньні разам адправіць праз пошту адрасатам.

Паштоўкі для каханых

Бясплатныя каляровыя паштоўкі зь лягатыпам кампаніі “Наш дом” людзі разьбіралі вельмі ахвотна, але натоўп перад уваходам у гандлёвы цэнтар выклікаў падазрэньні службы аховы. Актывістам прыйшлося даваць тлумачэньні ды віншаваць ахоўнікаў, якія цьвердзілі, што на падобныя дзеяньні патрэбны дазвол адміністрацыі.

“Грамадзкі паштальён” кампаніі “Наш дом”

Віншавалі віцебскіх мінакоў і прадстаўнікі “Маладой грамады” — раздавалі “валянцінкі” каля Летняга амфітэатру.

Віншаваньні ад “Маладой Грамады”

А зусім побач, у Літаратурным музэі, усіх наведнікаў віншаваў са сьвятам вядомы віцебскі паэт Давід Сімановіч. Ён падрыхтаваў “валянцінкі” з уласным вершам-пажаданьнем і пакідаў на іх свае аўтографы.

“Валянцінка” ад Давіда Сімановіча

Для віцебскіх школьнікаў ён правёў літаратурную сустрэчу, на якой чытаў свае лепшыя творы пра каханьне. Паводле дырэктаркі Сьвятланы Казловай, яшчэ адной падзеяй, прысьвечанай Дню сьвятога Валянціна, стала адкрыцьцё выставы работ вучняў мастацкай школы № 1, якая цяпер экспануецца ў Літаратурным музэі.

У дворыку краязнаўчага музэю ладзілі гульні ды конкурсы сябры БРСМ, а калектыў музэю прапанаваў атракцыён “Палёт каханьня”. За тры з паловай тысячы рублёў можна было набыць паветраны балёнік, падпісаць прымацаваную да яго “валянцінку” ды з агляднай пляцоўкі былой ратушы пусьціць пасланьне ў нябёсы. Быў і цалкам бясплатны варыянт віншаваньняў: БРСМаўцы вынесьлі фанэрны шчыт, на якім летась прапаноўвалі прымацоўваць “валянцінкі”, адрасаваныя вядомым людзям Беларусі. І прыляпіць на яго скотчам папяровае сэрцайка, напісаўшы колькі слоў, меў магчымасьць любы ахвотны.

Але бадай што самую незвычайную акцыю да дня закаханых падрыхтавала віцебская грамадзкая арганізацыя “Чырвонага крыжа” разам з гарадзкім аддзелам ЗАГСу. Яны прапанавалі ўсім парам, якія сёньня бралі шлюб, зрабіць незвычайны падарунак дзіцячаму дому. Дзеля гэтага госьці маладых дарылі ім ня кветкі, як зазвычай прынята, а мяккія цацкі.

Цацкі для выхаванцаў дзіцячага дому


А пры канцы дня маладая пара Хадкевічаў, сабраўшы ўсе падарункі, завезла іх у дашкольную ўстанову, дзе выхоўваюцца дзеткі з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця. Ірына і Вадзім Хадкевічы вучацца ў віцебскім унівэрсытэце, рыхтуюцца стаць настаўнікамі. Яны кажуць, што паездка да выхаванцаў дзіцячага дому стала для іх сапраўднай падзеяй на пачатку сямейнага жыцьця. Маладыя муж і жонка сказалі, што ў Дзень сьвятога Валянціна ім хацелася падзяліцца сваім каханьнем з тымі, каму яго бракуе ў гэтым жыцьці.

Ірына Хадкевіч раздае падарункі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG