Падчас сустрэчы, якая адбылася па ініцыятыве старшыні ТБМ, былі разгледжаны сем прапаноў кіраўніцтву дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Паводле А.Трусава, дасягнутая дамоўленасьць заснаваць 10—15-хвілінную перадачу "Гаворым па-беларуску", стварыць цыкл перадач на беларускай мове на гістарычную тэматыку, прычым першы зь іх прысьвяціць 600-годзьдзю перамогі беларусаў у складзе войскаў Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальдзкай бітве. Таксама сумесна з Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Акадэміі навук будзе падрыхтавана перадача да 10-х угодкаў Міжнароднага дня роднай мовы. Штомесяц плянуецца ладзіць тэматычныя тэледыскусіі па пытаньнях беларускай мовы і культуры з удзелам грамадзкіх арганізацый, у тым ліку ТБМ, Таварыства беларускай школы і Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Дамоўлена аднавіць дубляж замежных фільмаў на беларускую мову з паказам на айчынных тэлеканалах.
Аднак дзьве прапановы ТБМ зрабіць у пэрспэктыве цалкам беларускамоўным Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачаньня, а беларускамоўную рэкляму даваць па крыху меншым кошце, чым расейскамоўную, паводле А.Зімоўскага, патрабуюць асобнага разгляду.