Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Функ пакінулі ў ізалятары на нявызначаны тэрмін


Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, знаходжаньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня для Ўладлены Функ падоўжылі “на нявызначаны тэрмін”. З адпаведнай пастановай адваката азнаёмілі каля 18-й гадзіны ў гомельскім ізалятары.

Рашэньне аб прымусовай высылцы грамадзянкі Расеі Ўладлены Функ (Брусковай) прынятае з-за таго, што яна “ўяўляе сабой пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі”. Паводле Зьміцера Гарачкі, такая фармулёўка знаходзіцца ў пастанове аддзелу грамадзянства і міграцыі УУС Чыгуначнага раёну Гомелю.

"Расцэньваю гэта як суцэльнае беззаконьне. Падстаў для таго, каб трымаць чалавека за кратамі, калі скончыўся тэрмін, прызначаны судом, абсалютна няма. Мая падабаронная ў шоку, яна ня ведае, што казаць і на што яшчэ спадзявацца”, — паведаміў Зьміцер Гарачка Радыё Свабода.

Паводле адваката, Уладлена Функ знаходзіцца ў Гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня ў “жудасных умовах”: “Гэта горш, чым у калёніі ці ў сьледчым ізалятары. У камэры няма ложка, сьпіць фактычна на падлозе. Ёй выдалі нейкі матрац і бялізну, але вады там фактычна няма, добрых умоў ніякіх”. Адвакат сказаў, што будзе абскарджваць зьмяшчэньне спадарыні Функ у ізалятар як незаконнае.

Уладлена Функ павінна была выйсьці на волю 12 сакавіка, але яе зьмясьцілі ў ізалятар, як паведамлялася — паводле пастановы пра дэпартацыю як грамадзянкі Расеі. Прэсавая служба МУС заяўляла, што Ўладлена Функ нібыта парушыла нейкія правілы. Адвакат Зьміцер Гарачка кажа, што ні ёй, ні яму пра нейкія парушэньні нічога не вядома.

Уладлена Функ стала шырока вядомая ў сувязі са справай амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які аказаўся ўцягнуты ў скандал вакол спадчыны грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. На спадчыну гэтага мільярдэра прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі. Сваякі Зэльцэра кажуць, што нібыта Беразоўскі справакаваў арышт Зэльцэра ў Менску, куды адвакат прыехаў у справе спадчыны Патаркацышвілі. Барыс Беразоўскі, які цяпер пражывае ў Лёндане як палітычны ўцякач, абвяргае гэтыя абвінавачваньні і называе Эмануіла Зэльцэра “махляром”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG