“Я стэлефанаваўся з супрацоўніцай управы грамадзянства і міграцыі Гомельскай міліцыі, і тая сказала, што пытаньне пра дэпартацыю Ўладлены Функ будзе вырашана за тыдзень і што ў панядзелак я магу пазваніць і мне скажуць прыблізную дату, калі яна будзе, як сказалі, “выселеная”.
Адвакат яшчэ ня ведае, як прарэагуе на гэтую навіну Ўладлена Функ. “Я сабраў ёй перадачу, харчы ды іншае, сустрэнуся ў ізалятары і тады даведаюся пра яе рэакцыю. Мяркую, яна будзе зноў шакаваная”, — сказаў “Свабодзе” адвакат Зьміцер Гарачка.
Нагадаем, сакратарка амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра Ўладлена Функ сёньня, 12 сакавіка, адбыла тэрмін пакараньня і павінна была выйсьці на волю. Але замест гэтага яе з калёніі перавезьлі ў гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня. Адвакату невядома пра прэтэнзіі да ягонай падабароннай з боку міліцыі. Зьміцер Гарачка называе незаконным тое, што ягоную падабаронную так і ня выпусьцілі на волю.