Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш рэформаў, менш вязьняў


12 і 13 сакавіка зьбіраецца правесьці ў Беларусі камісар Эўразьвязу Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Выступаючы ў Каралеўскім інстытуце міжнародных дачыненьняў у Лёндане, яна заявіла ўчора, што чакае ад Беларусі больш палітычных рэформаў.


За апошні месяц гэта будзе другі візыт у Беларусь высокага брусэльскага чыноўніка. У лютым Менск наведаў вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна.

Як лічыць эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр, Эўразьвяз “знайшоў магчымасьці наблізіць да сябе Беларусь і хацеў бы шмат што зрабіць”.

Гаворачы пра верагоднасьць удзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнэрства”, Фэрэра-Вальднэр падкрэсьліла, што “дзеля таго, каб гэта адбылося, ЭЗ хацеў бы бачыць больш палітычных рэформаў”. Цяпер, лічыць яна, гэты працэс у краіне можна вызначыць словамі “два крокі наперад, адзін крок назад” . Паводле эўракамісара, прэзыдэнту Лукашэнку трэба балянсаваць паміж падтрыманьнем добрых дачыненьняў з традыцыйным саюзьнікам – Расеяй і распрацоўкай эфэктыўных сувязяў з Захадам, асабліва ў сытуацыі росту цэнаў на расейскія энэрганосьбіты.

Як заявіла Бэніта Фэрэра-Вальднэр, у ЭЗ задаволеныя тым, што ў свой час у Беларусі былі вызваленыя палітзьняволеныя, аднак, зь іншага боку, ЭЗ ня мае ўпэўненасьці, што неўзабаве ў гэтай краіне ня будуць затрыманыя ці арыштаваныя чарговыя крытыкі ўладаў.

“Зь іншага боку", – зазначыла Фэрэра-Вальднэр, – "некаторыя няўрадавыя арганізацыі ўжо зарэгістраваныя, некаторыя апазыцыйныя газэты цяпер могуць друкавацца. Усё гэта добрыя крокі, аднак мы хацелі б бачыць больш сыстэмных зьменаў”.

Як заявіла эўракамісар, ужо на наступным тыдні краіны-сябры ЭЗ павінны прыняць канчатковую вэрсію праграмы “Ўсходняе партнэрства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG