Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра КХП БНФ шукае Interpol


Зьміцер Піменаў, які ў сьнежні 2000 году быў вымушаны зьехаць у эміграцыю і зараз жыве ў Бэльгіі, абвешчаны ў міжнародны вышук. Сам палітуцякач лічыць, што за мяжой ён у поўнай бясьпецы, а вышук ініцыяваны беларускімі спэцслужбамі, “проста каб папсаваць нэрвы”.


На сайце Interpol у раздзеле “Wanted” сьцьвярджаецца, што сябра КХП БНФ шукаюць за зьдзейсьненыя акты вандалізму і хуліганства, а запыт на ягоны арышт выдадзены зь Віцебску.

Паводле віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, які добра ведае акалічнасьці вымушанага ад’езду спадара Піменава, крымінальныя справы супраць яго былі сфабрыкаваныя. Спадар Хамайда згадаў, што Зьміцер Піменаў працаваў ахоўнікам на аўтастаянцы, і невядомыя асобы справакавалі яго на бойку, за ўдзел у якой палітычнаму актывісту пагражаў вялікі тэрмін турэмнага зьняволеньня. Барыс Хамайда пэўны, што людзі, якія трапілі пад перасьлед за палітычную дзейнасьць, вартыя ўсебаковай падтрымкі. Тое, што Зьміцер Піменаў трапіў у вышук Interpol, спадар Хамайда тлумачыць сьвядомым імкненьнем зрабіць так, каб актыўны ў палітыцы чалавек і патрыёт ня меў мажлівасьці вярнуцца на Беларусь пад пагрозай арышту.

Зьміцер Піменаў распавёў Радыё Свабода, што пра міжнародны вышук яму стала вядома яшчэ каля году таму. Пра гэта яму паведамілі спэцслужбы Францыі, калі ён, старшыня і стваральнік арганізацыі “Беларускае Эўрапейскае Згуртаваньне”, па грамадзкіх справах меўся выехаць з Бэльгіі. Спадар Піменаў кажа, што праз свайго адваката ўжо даслаў запыт у штаб-кватэру Interpol у Ліёне, аднак пакуль ніякіх тлумачэньняў не атрымаў. Тым ня менш ён лічыць, што на тэрыторыі Бэльгіі ён можа пачувацца бясьпечна, бо знаходзіцца пад абаронай Жэнэўскай канвэнцыі, якая гарантуе яму недатыкальнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG