Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама ня хоча пашыраць дэмакратыі?


Учорашні нумар газэты “International Herald Tribune” зьмяшчае артыкул амэрыканскага журналіста Пітэра Бэйкера, у якім аўтар сьцьвярджае, што адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы хутчэй за ўсё ня будзе працягваць пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце, якое ягоны папярэднік Джордж Буш зрабіў сваім замежнапалітычным прыярытэтам.

“Не адмаўляючы велічнай ці нават грандыёзнай ідэі Буша наўпрост, Абама, здаецца, схіляцца да больш традыцыйнай амэрыканскай палітыкі – разьвіваць дачыненьні са сьветам такім, якім ён ёсьць, а не такім, якім ён мог бы быць”, – піша Бэйкер.

У інаўгурацыйнай прамове Абама крануўся пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце адно мімаходзь

Паводле Бэйкера, цяпер у палітычных вярхах у Вашынгтоне ідзе спрэчка паміж ідэалістамі і рэалістамі наконт таго, ці трэба Амэрыцы пашыраць дэмакратыю ў сьвеце, а калі так, дык якімі шляхамі. Ідэалісты цьвердзяць, што пабудова дэмакратыі павінна заставацца асноўнай амэрыканскай каштоўнасьцю, але дадаюць, што такая палітыка мусіць ажыцьцяўляцца ў меншых маштабах, чым цяпер, і зь лепшым разуменьнем асаблівасьцяў грамадзтва, якім прапануецца дэмакратызацыя. А рэалісты кажуць, што тое, што спрацавала ў Амэрыцы, неабавязкова павінна спрацаваць у іншым месцы.

Дык вось, паводле Бэйкера, адміністрацыя Абамы належыць да рэалістаў у гэтым пытаньні. Бэйкер зьвяртае ўвагу, што ў сваёй інаўгурацыйнай прамове Абама крануўся пытаньня пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце адно мімаходзь, зазначыўшы, што тыя палітычныя лідэры, якія “душаць голас нязгодных, абралі памылковы бок гісторыі”. А чатыры гады раней Джордж Буш пабудаваў ўсю сваю інаўгурацыйную прамову на другі тэрмін вакол цэнтральнага пытаньня ппашырэньня дэмакратыі.

"Парушэньні правоў чалавека ў Кітаі ня могуць перашкаджаць супрацоўніцтву Вашынгтону з Пэкінам"

Назіральнікі кажуць, што прасоўваньне дэмакратыі ў выкананьні Буша для большасьці амэрыканцаў зьвязваецца перш за ўсё з вайсковай ангажаванасьцю амэрыканцаў у Іраку, а таму гэтае пытаньне цяпер зьяўляецца надзвычай непапулярным у ЗША.

Сьведчаньнем таго, што амэрыканская замежная палітыка падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы будзе рабіць меншую стаўку на дэмакратызацыю сьвету, зьяўляецца й праграмная прамова дзяржсакратаркі ЗША Гілары Клінтан, якая сказала, што яе палітыка будзе абапіраецца на тры “D” – defense (абарона), diplomacy (дыпляматыя), development (разьвіцьцё). Палітычныя назіральнікі не маглі не заўважыць, што ў гэтым сьпісе няма чацьвёртага “D” – democracy – якое было гэтак істотнае для Вашынгтону ў часы Буша.

А калі хто меў нейкія сумневы наконт гэтага, дык першае афіцыйнае падарожжа спадарыні Клінтан у Азію павінна было іх разьвеяць. Дзяржсакратарка заявіла, што парушэньні правоў чалавека ў Кітаі ня могуць перашкаджаць супрацоўніцтву Вашынгтону з Пэкінам у іншых пытаньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG