Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў “абвяргае міты” пра Беларусь


Сёньняшні нумар газэты “International Herald Tribune” зьмяшчае ажно тры матэрыялы, датычныя Беларусі: артыкул міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава пад загалоўкам “Абвяргаючы тры міты”, погляд на цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі аўтарства Чарлза Гранта, дырэктара Цэнтру эўрапейскіх рэформаў у Лёндане, ды карэспандэнцыю з Брусэлю пра ўчорашняе пасяджэньне міністраў замежных справаў Эўразьвязу адносна Ўсходняга партнэрства.

Разгледзім дакладней артыкул спадара Мартынава. Гэта вельмі важны тэкст, таму што ён зьяўляецца фактычна першай афіцыйнай спробай выказаць цяперашнюю палітычную пазыцыю Менску больш-менш уцямным для заходняга чытача спосабам. І справа тут ня толькі ў тым, што гэтая пазыцыя выказаная па-ангельску, а не на беларускім варыянце расейскай мовы.

Усім ясна, што палітычную пазыцыю ў Беларусі фармулюе і першы агучвае толькі адзін чалавек, і ўсе мы ведаем ягонае імя. Але Аляксандар Рыгоравіч у сваіх фармулёўках найчасьцей застаецца закладнікам сваёй савецкай палітычна-лінгвістычнай спадчыны, у якой надзвычай арыгінальным чынам сплятаюцца ідэі, якія ўжо даўно памерлі, з тымі, якія яшчэ жывуць або й нарадзіліся зусім нядаўна, але прэзыдэнцкі мозг яшчэ ня здолеў іх як сьлед пераварыць. Выказваньні Лукашэнкі — гэта багатая спажыва для дасьведчаных беларускіх камэнтатараў і аналітыкаў, але, на жаль, усяго толькі палітычны фальклёр для большасьці звычайных бульбаедаў на Захадзе.

А вось спадар Мартынаў, пішучы элегантна па-ангельску і ўжываючы паняткі, да якіх прызвычаіла сваіх чытачоў заходняя прэса, стараецца перакласьці аднаасобны палітычны дыскурс Беларусі на мову зразумелую шырэйшым колам згаданых бульбаедаў.

Паводле Мартынава, заходнія СМІ знаходзяцца ў палоне трох вялікіх мітаў, што тычыцца іхняга асьвятленьня Беларусі: а) лібэралізацыя ў Беларусі адбываецца ў адказ на ціск Захаду; б) Беларусь стаіць перад выбарам сяброўства — або з Расеяй, або з Захадам; в) Беларусь — гэта СССР у мініятуры.

Абвяржэньне першага міту займае ў спадара Мартынава найбольш месца, але якраз яно падалося мне значна менш пераканаўчым, чым два астатнія абвяржэньні. Ну бо вось спадар Мартынаў сьцьвярджае, што лібэралізацыя была закладзеная ў “беларускую эканамічную мадэль” з самага яе пачатку, адно што ні Захад, ні Ўсход не змаглі гэтага ўбачыць. Можа, так яно й было, але я ўпэўнены, што й той, хто закладаў гэтую мадэль, ніякай лібэралізацыі не бачыў і нават не прадбачваў. Адно што жыцьцё склалася інакш...

Гаворачы пра посьпехі лібэралізацыі, спадар міністар згадвае ня толькі вяртаньне “Нашай нівы” і “Народнай волі” ў афіцыйную сетку распаўсюду, але й тое, што кабэльнаму тэлебачаньню ў Беларусі дазваляецца ўлучаць у свае пакеты “Euronews”, BBC i CNN. Аднак пра той дзясятак газэтаў, якім не дазволілі вярнуцца ў сетку, і пра “Белсат”, якога ні ў якія пакеты не ўключаюць, спадар Мартынаў не згадаў. І гэта зразумела. Нават міністру строга рэглямэнтуюць месца ў “International Herald Tribune”, а таму трэба пісаць як мага сьцісьлей.

Затое сьцісла і як стрэл зь пісталета гучыць абвяржэньне спадзяваньня, што Беларусь перастане сябраваць з Расеяй узамен за сяброўства з Эўразьвязам, то бок што беларусы перастануць лажыцца пад натаўскія танкі і пачнуць лажыцца пад расейскія. Так думаць, паводле міністра, — „прымітыўна”. Беларусь хоча быць “мостам”, а ня “буфэрам”. Short and sweet.

Ну а наконт таго, што Беларусь не зьяўляецца “апошняй апорай савецкіх амбіцыяў”, спадар Мартынаў даў яшчэ больш хвосткі адказ, чым папярэдні. “Прагулка па Менску, зь яго “Макдоналдсамі”, крамамі “MaxMara” і кіпучым начным жыцьцём пакажа дакладна тое, чым ёсьць мая краіна — незалежнай эўрапейскай дзяржавай, якая з ахвотай паддаецца ўплыву сваіх суседзяў, але адначасова захоўвае сваю ўласную, своеасаблівую атмасфэру”, — сьцьвярджае міністар. Прызнаюся, што мне самому закарцела ў гэтым месцы, каб міністар дадаў некалькі дэталяў пра “своеасаблівасьць” сталічнай атмасфэры, напрыклад, на Дзень сьвятога Валянціна або на 25-га Сакавіка. Але зноў жа, мабыць, сьцісласьць выдзеленага месца не дазволіла расхадзіцца пяру.

Аднак у цэлым няблага — праўда? Лепш такое ў “International Herald Tribune”, чым калёнка рэдактара ў “Беларуси сегодня”. З чым і віншуем усіх нашых слухачоў і чытачоў.

P.S. Калі ўжо мець сапраўды сур’ёзную прэтэнзію да міністра Мартынава за ягоны артыкул, дык толькі за тое, што падпісаўся ён пад ім па-расейску (Sergei Martynov). Чалавеку, які нядаўна вучыў немцаў, што трэба казаць Belarus, а не Weißrussland, выпадала б і самому навучыцца запісваць сваё прозьвішча па-беларуску — Syarhey (Syarhei) Martynau.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG