Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паставіць лічыльнікі, каб пераплачваць


Кожны беларус, безумоўна, зацікаўлены ў эканоміі. Нікому ня хочацца плаціць лішняга, кожны хацеў бы рэгуляваць, па магчымасьці, свае камунальныя патрэбы і аплочваць толькі тое, што спажыў асабіста сам. У чымсьці дзяржава дапамагае яму, нават прымушае — ставіць у кватэрах вадамеры, аднак жыхары па-ранейшаму мусяць пераплочваць, напрыклад, за ацяпленьне. Праблема для кожнай сям’і толькі павялічваецца, бо камунальныя паслугі ўвесь час даражэюць.

Сёньняшняя камунальная гаспадарка — савецкая спадчына. І ўсе хваробы і недахопы тых часоў даводзіцца выпраўляць і самім жыхарам, і камунальным службам зь цяжкасьцямі, бо прылады для эканоміі ў дамах не прадугледжваліся. Хаця ў савецкія часы пра эканомію гаварылася часам нават зашмат — з трыбунаў зьездаў і пленумаў, у перадавіцах газэт, аднак эканоміць тады любілі ў маштабах усяе краіны. Галоўным было, каб лічбы выглядалі больш унушальна. Але ставіць у дамах шклопакеты, рабіць тэлевізары ды іншыя побытавыя прыборы з ашчадным спажываньнем электрычнасьці пачалі толькі цяпер.

Масавае ўсталяваньне лічыльнікаў вады ў кватэрах выявіла праблему, на якую раней не зьвярталі ўвагі. У савецкія часы нярэдка стваралі гэтак званы цэнтральны цеплавы пункт на некалькі дамоў: у адных з гарачай вадой было ў парадку, іншым даводзілася падоўгу спускаць ваду, каб яна пацяплела. Аднак цяпер стаяць лічыльнікі і даводзіцца пераплочваць! З гэтай праблемай сутыкнулася адна гарадзенка, якая жыве ў старым доме, дзе няма сыстэмы рэцыркуляцыі вады. Яна патлумачыла нам праз тэлефон:

Паколькі няма рэцыркуляцыі, менш за норму выкарыстаць проста немагчыма, і зьніжка ўжо ня дзейнічае.
“Я адразу паставіла лічыльнікі, але высьветлілася, што я не эканомлю на гарачай вадзе, а наадварот — плачу ўдвая больш, бо спускаю ваду, лічыльнік круціцца. Паколькі ставіць можна толькі беларускія лічыльнікі, а яны не рэагуюць на тэмпэратуру вады: якая б ні цякла з гарачага крану, яны накручваюць кубамэтры. У Польшчы, напрыклад, лічыльнікі чуйныя, яны ўлічваюць тэмпэратуру вады”.

Гарадзенка даведалася, што нядаўна выйшла пастанова Саўміну наконт праблемных дамоў, дзе няма свайго цеплавога пункту.

Спадарыня: “У пастанове ўлічаны той момант, што існуюць такія дамы, аднак абсалютна непрадумана: прадугледжана скідка дзесяціпрацэнтная тым толькі, хто выкарыстаў вады менш за норму. А паколькі няма рэцыркуляцыі, менш за норму выкарыстаць проста немагчыма, і зьніжка ўжо ня дзейнічае. Атрымліваецца замкнёнае кола”.

З гэтай праблемай спадарыня мусіла зьвярнуцца ў ЖЭС.

Спадарыня: “Да мяне прыходзіў майстар з тэрмомэтрам, таксама спускаў ваду вельмі доўга — і сказаў, што ўсё роўна да нормы яна так і не нагрэлася. Цяпер я ня ведаю, што рабіць? Адмаўляцца ад лічыльнікаў ня будзеш, за іх усталяваньне заплочаны грошы, супрацоўнік водаканалу іх аплямбаваў. А плаціць таксама нявыгадна, бо я адна мушу выкарыстоўваць вады за дваіх чалавек”.

У гарадзенскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадарцы праблемай гэтай займаецца галоўны інжынэр Іван Якубовіч. Настроены ён, адрозна ад некаторых жыхароў, даволі аптымістычна:

“У гэтым годзе мы плянуем зрабіць рэцыркуляцыю вады ў двух дамах. У плян уключылі іх. І восем праектаў робім таксама, што датычыць пытаньняў рэцыркуляцыі гарачай вады”.

Але такіх дамоў у горадзе дзясяткі, прызнаў спадар Якубовіч:

“Гэта тыя дамы, дзесьці 1950-60-х гадоў…”

А значыцца, каб вырашыць праблему, спатрэбіцца нямала гадоў, з чым пагаджаецца і галоўны інжынэр жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Горадні.

Былы дэпутат гарадзкога Савету Сяргей Кузьмянок шмат займаўся жыльлёва-камунальнымі праблемамі.

Кузьмянок: “Я цікавіўся праблемай, калі савецкая ўлада перастала дзейнічаць у Літве, у Польшчы таксама. У нас і ў іх былі ўласныя дамы, каапэратыўныя і дзяржаўныя. Дык вось у іх у апошніх дамах усталяваньне лічыльнікаў было зроблена за кошт дзяржавы. А ў нас атрымалася, што незалежна ад таго, у якой кватэры жывеш, ты павінен за свой кошт ставіць лічыльнікі”.

Хочаш фортку адчыніць — калі ласка, але плаці тады.
Вядома, што замежнікі, калі ідуць на працу, зьмяншаюць дома тэмпэратуру ацяпленьня, чым істотна эканомяць. Беларусы дагэтуль ня маюць такой магчымасьці: лічыльнікі атрымліваецца паставіць толькі ва ўласных дамах. А цяпло, як вядома, у рахунку за кватэру складае вельмі салідную суму.

Кузьмянок: “Што датычыць цяпла, гэтыя ўсе захады па эканоміі, яны немагчымыя, калі толькі ў кожнай кватэры непасрэдна на радыятары ня будзе стаяць цеплалічыльнік і чалавек ня будзе плаціць за тое, што выкарыстаў. Хочаш фортку адчыніць — калі ласка, але плаці тады. А так атрымліваецца, што хтосьці эканоміць цяпло, а хтосьці не, лічыльнік стаіць агульны, а суму потым разьбіваюць на ўсе кватэры, залежна ад іх квадратуры. Лічыльнікі павінны стаяць у кожным пакоі на батарэі. Такія лічыльнікі ставяць ужо ў многіх краінах, і людзі плацяць за тое, што яны спажываюць”.

Здавалася б, дзяржава павінна быць таксама зацікаўленая, каб эканоміць цяпло мог кожны паасобны жыхар — толькі тады эканомія можа стаць сапраўды адчувальнай. Аднак падобна, што адзін агульны лічыльнік цяпла для шматкватэрнага дома ў пэрспэктыве так і застанецца адзіным.

Кузьмянок: “Праблема ў тым, што гэта прасьцей рабіць для тых, хто эксплюатуе. Прасьцей узяць з усяго дома і не дурыць галаву сабе. А чалавек, які жыве ў кватэры, кажа: навошта я буду плаціць за іншага?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG