Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская сустрэча ў Вашынгтоне


12 лютага ў Вашынгтоне – сустрэча амэрыканскай грамадзкасьці зь беларускімі актывістамі І.Красоўскпай і П.Марозавым.

У вашынгтонскім аддзяленьні Фонду Маршала, мае адбыцца сустрэча амэрыканскай грамадзкасьці зь беларускімі грамадзкімі актывістамі Ірынай Красоўскай, жонкай зьніклага Анатоля Красоўскага, і каардынатарам незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Паўлам Марозавым. Як паведамляе газэта “Washington Times”, на сустрэчы будуць абмяркоўвацца цяперашняя эканамічная і палітычная сытуацыя ў Беларусі, а таксама задачы, якія стаяць перад дэмакратычнай апазыцыяй.

Нямецкая Фундацыя Маршала была створаная ў гады халоднай вайны з ініцыятывы тагачаснага канцлера ФРГ Вілі Брандта дзеля ўмацаваньня лучнасьці паміж Эўропай і ЗША. Цягам 30 гадоў гэтая арганізацыя аб’ядноўвае палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў і журналістаў, якія садзейнічаюць абмену паміж эўрапейскай ды амэрыканскай моладзьдзю, усталяваньню прыязных дачыненьняў паміж людзьмі, якія жывуць паабапал Атлянтыкі.

Галоўнымі ўдзельнікамі сустрэчы ў Вашынгтоне будуць кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня “Мы памятаем”, жонка зьніклага Анатоля Красоўскага Ірына, каардынатар незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Трэці шлях” Павал Марозаў, а таксама дырэктар Браціслаўскага офісу Фонду Маршала Павал Дэмеш. Размова будзе як пра сытуацыю ў Беларусі, так і пра палітыку ў дачыненьні да яе з боку Эўразьвязу і ЗША.

Паводле Ірыны Красоўскай, у цяперашняй сытуацыі, калі амэрыканцам найбольш рупяць такія пытаньні, як эканамічны крызіс ды бясьпека, ёсьць адчуваньне, што ЗША па-ранейшаму захоўвае амбіцыі ўсясьветнага лідэра. Таму сытуацыя з правамі чалавека ў такіх несвабодных краінах, як Беларусь, ня можа не цікавіць новую амэрыканскую адміністрацыю.

Раней у інтэрвію амэрыканскім СМІ Ірына Красоўская адзначыла, што ў Эўропе апошнім часам назіраецца пэўнае паслабленьне цікавасьці да выкананьня беларускім рэжымам шэрагу эўрапейскіх патрабаваньняў. Напрыклад — забесьпячэньне права грамадзянаў, апазыцыі, няўрадавых арганізацый, СМІ на крытыку ўладаў. Або правядзеньне незалежнага расьсьледаваньня справы зьніклых апанэнтаў рэжыму. Тым часам курс і зьмест амэрыканскай замежнай палітыкі застаецца нязьменным.

Паводле Ірыны Красоўскай, шмат каго расчаравала “палітыка эўрапейцаў адносна прыпыненьня дзеяньня забароны на ўезд Лукашэнкі ў краіны ЭЗ. Што да ЗША, то яны не зрабілі ніякай заявы пра аналягічныя намеры. Ёсьць спадзяваньні, што ідэалы свабоды і дэмакратыі будуць пераважаць і ў новай адміністрацыі ЗША”.

Як лічыць Ірына Красоўская, інакш “палітычныя апанэнты зноў могуць стаць палітычнымі зьняволенымі. Замест вызваленых палітвязьняў рэжым пачне арыштоўваць каго-небудзь іншага і ўзамен патрабаваць ад міжнароднай супольнасьці новых саступак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG