Народнаму мастаку Беларусі Васілю Шаранговічу ў студзені споўнілася 70 гадоў. Ён многа гадоў быў рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, праілюстраваў дзясяткі твораў нацыянальнай клясыкі, узначальваў журы, якое разглядала праекты помнікаў ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Пра час і пра сябе мастак расказвае ў “Вольнай студыі”.
Міхась Скобла: “Спадар Васіль, ці ня ў кожнага мастака ёсьць твор, які можна назваць ягонай візытоўкай. Тут можна згадаць “Пагоню Ярылы” Язэпа Драздовіча, “Блакітную капліцу” Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, тыя ж “Сланечнікі” Вінсэнта Ван-Гога. А які твор можна лічыць візытнай карткай Васіля Шаранговіча?”
Васіль Шаранговіч: “Назваць адзін твор мне цяжкавата. Таму што я – найперш ілюстратар і мастак сэрыйны. Я заўсёды рабіў ці станковыя сэрыі ці вялікія сэрыі ілюстрацый. І нейкі адзін твор мне складана вылучыць. Але ўсё ж такі на фоне другіх працаў я сам вылучыў бы дзьве сэрыі ілюстрацый: да “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча і да “Новай зямлі” Якуба Коласа. А калі ўсё ж паспрабаваць адназначна адказаць на ваша пытаньне, то такой візытоўкай зьяўляецца літаграфія на матыў верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?” Нездарма яна абраная ў якасьці своеасаблівага эпіграфа да маёй юбілейнай пэрсанальнай выставы, якая пачынаецца менавіта з гэтай працы”.
Скобла: “Вы аздобілі безьліч кніг: і клясыку, і сучасных аўтараў. А ці заўсёды пісьменьнікі былі задаволеныя вашым прачытаньнем іх твораў?”
Шаранговіч: “У маёй практыцы не было ніводнага выпадку незадаволенасьці. Пра гэта сьведчыць і той факт, што я сябраваў і сябрую з усімі тымі пісьменьнікамі, чые творы ілюстраваў. Праўда, я мушу прызнацца: многія пісьменьнікі вельмі хацелі, каб я іх праілюстраваў. Але я ня мог за ўсё схапіцца. А былі і такія кнігі, якія я браў, чытаў і вяртаў у выдавецтва, сказаўшы, што мне гэты твор не падабаецца”.
Скобла: “Мне расказваў адзін знаёмы графік, што вельмі патрабавальным да ілюстратараў быў Уладзімер Караткевіч. Вы ж, здаецца, і яго творы ілюстравалі?”
Шаранговіч: “Так, я рабіў ілюстрацыі да раману “Чорны замак Альшанскі”, калі ён друкаваўся ў часопісе “Маладосьць”. Да другіх кніг Караткевіча я не пасьпеў падступіцца. І толькі ўжо “Старыя беларускія хронікі” аздабляў, яны выйшлі па сьмерці пісьменьніка. Ён сапраўды быў патрабавальны да мастакоў, бо сам умеў маляваць. Ён вельмі ўдумліва ставіўся да ілюстрацый, не прыдзірліва, а менавіта глыбока і ўдумліва. У ілюстрацыях Караткевіч не любіў павярхоўнасьці. Зь ім зьвязаны адзін цікавы эпізод. Мая жонка працавала ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і рэдагавала многіх знакамітых нашых пісьменьнікаў, у тым ліку Васіля Быкава і Караткевіча. І вось калі выйшла кніга “Мая Іліяда”, Караткевіч надпісаў яе маёй жонцы. Надпісаў вершам, які нядаўна апублікаваны ў маёй кнізе ўспамінаў “Ген жыцьця”. Наклад кнігі невялікі, таму будзе нялішнім прачытаць яго ў эфіры “Свабоды”.
У золь і туман Вы – сьвятло мне і радасьць,
Зорка адзіная ў змрочны час…
Кінуў бы нават маю “Іліяду”,
Каб Адысеем даплысьці да Вас.
Вечарам п’яным ці золкам суровым,
Ноччу адчайнай ці днём пустым
Прозьвішча: “Галачка Шаранговіч”
Музыкай Божай у сэрцы маім.
З княскім запалам хаплю я паўлітру…
Каб не насіла шчасьліўца зямля, –
Кіну пальчатку яму на палітру,
Выклічу я на дуэль Васіля.
І ў апошняй ахвярнай скрусе
Стрэлю ў паветра, ўпаду нежывы.
Можа, пад плач ўсіх жанчын Беларусі
Хоць бы сьлязінку ды ўроніце Вы.
Прысьвячэньне падпісанае: “У. Караткевіч, 29. 10. 1970, г. Менск. Пляцоўка выдавецтва”. Толькі геніяльны паэт можа вось так, на адным уздыху, на лесьвічнай выдавецкай пляцоўцы напісаць такое прысьвячэньне, напісаць без адзінай праўкі ў тэксьце. Праўда, Караткевіч напісаў спачатку “літру”, але потым, відаць, падумаў, што для дуэлі такая доза велікаватая, і паправіў на “паўлітру”.
Скобла: “Вы ў 1991 годзе атрымалі званьне Народнага мастака Беларусі. Адносіны мастака з народам нярэдка бывалі няпростымі. Згадайма Багдановічава: “Народ, беларускі народ, / Ты цёмны, сьляпы, быццам крот”. Ці Купалава: “А людзі, глянуўшы на сонца, / Адказ трымалі грамадой: / – Па колькі нам дасі чырвонцаў, / Калі мы пойдзем за табой?” А ў вас якія дачыненьні з народам?”
Шаранговіч: “Яшчэ з часоў маленства мне ўспамінаецца адзін выпадак. На Вялікдзень на выгане, дзе рубілася новая хата, сабраліся адзетыя па-сьвяточнаму жанчыны і дзядзькі. Сядзелі, гаманілі, сьпявалі песьні. Я збоку назіраў. І была ў гэтым такая прыгажосьць, што, відаць, тады ўва мне і абудзіўся мастак. Практычна ўсе мае творы зьвязаныя з жыцьцём простага народу, зь якога я выйшаў. Я і сёньня гляджу на свае працы і пазнаю: вось гэта Сьмятанка, гэта Кацялок – нашы качаноўскія, занеўскія ці бадзенеўскія мужыкі. Я з маленства быў зь імі. Я чытаў ім “Новую зямлю” і зьдзіўляўся, чаму ім так сьмешна? Потым я зразумеў: паэма – пра іх і для іх напісаная. І я заўсёды казаў, што нашы мужыкі – вялікія філёзафы жыцьця, нягледзячы на тое, што многія зь іх расьпісацца не маглі. Так што мой мастацкі лёс зьнітаваны з народам. Можа гэта нясьціпла прагучыць, але народны мастак я не паводле званьня, а па сутнасьці. Я ўвесь час пісаў людзей гэтай зямлі. І павагу да іх пранёс праз усё сваё жыцьцё і ўсю сваю творчасьць”.
Скобла: “У Хатыні ёсьць цэлая заля вашых працаў, называецца “Памяці вогненных вёсак”. Але, як высьвятляецца, вёскі палілі ня толькі немцы, палілі і партызаны. Як, напрыклад, вёску Дражна ў Старадароскім раёне. Калі б вы сёньня займаліся гэтай тэмай, вы б гэты аспэкт улічылі б?”
Шаранговіч: “Думаю – не, таму што я пра падобныя выпадкі ня ведаю. У нас на Мядзельшчыне, калі была блякада, ішлі немцы і палілі ўсе вёскі падрад. Людзей апаноўваў татальны жах, гэта было сапраўднае пекла. Па папялішчах тых вёсак я з мамай хадзіў потым. І да гэтай пары памятаю смурод, што стаяў над пажарышчамі. І ўсе гэтыя адчуваньні я адлюстраваў у сваёй сэрыі. І сёньня я яе па-іншаму напісаць ня здолеў бы”.
Скобла: “Нядаўна ў Траецкім прадмесьці я спыніўся каля помніка Язэпу Драздовічу і пачуў за сьпіной меркаваньне двух маладых людзей: добры помнік, але чаму ён такі маленькі? Я тады яшчэ ня ведаў, што адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ў вашай кнізе “Ген жыцьця”, што днямі выйшла ў сьвет”.
Шаранговіч: “Тут цэлая гісторыя. На пачатку 90-х гадоў студэнт нашай Акадэміі мастацтваў у якасьці дыплёмнай працы зрабіў помнік Язэпу Драздовічу. І мне так захацелася, каб у Беларусі зьявіўся хоць адзін помнік мастаку! Бо да гэтай пары не было ніводнага. А я на той час узначальваў яшчэ і Менскі гарадзкі фонд культуры. І ў ім не было грошай на адліўку помніка. І раптам я даведваюся, што ў Калядзічах адліты пяцітонны герб БССР, які меркавалася зьмясьціць на франтон Менгарвыканкаму. Герб адліты, а БССР ужо няма! Я кінуўся да намесьніка старшыні гарвыканкаму Аляксандра Сасноўскага: прадайце нам гэты герб! А бронза тады яшчэ так танна каштавала – дзьве ці пяць капеек за кіляграм. І мы купілі той герб. І зь яго былі адлітыя і Язэп Драздовіч, які цяпер стаіць у Траецкім прадмесьці, і папараць-кветка на надмагільны помнік знакамітаму нашаму скульптару Анатолю Анікейчыку, і барэльеф Уладзімера Дубоўкі для ягонага музэю ў Мядзелі, і маладзік, які цяпер ёсьць сымбалем Музэя сучаснага выяўленчага мастацтва, дырэктарам якога я зьяўляюся. І яшчэ трохі засталося – думаю, што і мой партрэт зь цягам часу адальюць”.
Скобла: “А, дык вы і сабе бронзы пакінулі?”
Шаранговіч: “Ну, дык трэба ж усім даваць, але і на сябе не забывацца”.
Скобла: “На пачатку 90-х гадоў вы займаліся праектам помніка ў Курапатах, узначальвалі журы конкурсу. Ці не адчуваеце вы сябе адказным за тое, што помнік там так і не пасьпеў зьявіцца?”
Шаранговіч: “За гэта мяне абвінавачваў нават Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Але тут аніякай маёй віны, аніякай маёй недапрацоўкі няма. Проста дапамогі ні ад улады, ні ад каго не было. У той час Менскі гарадзкі аддзел культуры ня меў за душой ні граша! А мне сёньня закідаюць: чаму Шаранговіч плот вакол Курапатаў не паставіў? А колькі на гэта грошай трэба было – ведаць ня хочуць. А тое, што на конкурсе былі адхіленыя некалькі праектаў, то гэта было зроблена зусім правільна. Яны былі створаныя абсалютна ў прасавецкім духу. Памятаю, да мяне падышла Мая Кляшторная і сказала: “Калі вы прапусьціце адзін з гэтых бэтонных помнікаў, то я на дарозе лягу і не пушчу яго ў Курапаты!” Убачыўшы, што конкурс нічога не дае, я прапанаваў зрабіць міжканфэсійную капліцу, каб у Курапатах мог паставіць сьвечку чалавек любой нацыянальнасьці і любога веравызнаньня. І мы са скульптарам Валяр’янам Янушкевічам працавалі над вобразам гэтай капліцы. На апошнім паседжаньні аргкамітэту, дзе прысутнічалі сьвятары ўсіх канфэсій, наша прапанова была ўхваленая. А далей пайшлі вядомыя падзеі, і ідэя засталася нерэалізаваная. Але я, як чалавек, як мастак, як грамадзянін, зрабіў усё магчымае, каб зрабіць помнік для Курапатаў”.
Скобла: “А якое ваша стаўленьне да народнага мэмарыялу ў Курапатах?”
Шаранговіч: “Крыжы ў Курапатах можна разглядаць як нешта часовае. Вядома ж, там патрэбен знакавы помнік. Я і сёньня лічу, што міжканфэсійная капліца найлепш падыходзіць. На гэтую ідэю ня варта забывацца ў будучым”.
Скобла: “Ходзяць чуткі, што прыгажосьць выратуе сьвет. А што выратуе Беларусь ад русіфікацыі?”
Шаранговіч: “Нацыянальнае мастацтва. Я заўсёды гаварыў сваім студэнтам: будзьце непадобнымі на другіх, будзьце самімі сабой, не хадзіце чужымі гародамі. Бо не сакрэт, калі адчыніліся сенцы ў Эўропу, усе туды рынуліся і сталі рабіць нешта другараднае, тое, што даўно ўжо зроблена эўрапейскімі мастакамі. Я перакананы: мастацтва заўсёды павінна мець нацыянальны характар. І ў гэтым сэнсе беларускае выяўленчае мастацтва мае ў сьвеце высокі рэйтынг. Мы цікавыя сьвету як беларусы. Адметнасьць нацыі не відаць ні па агурках, ні па памідорах, ні па трактарах, адметнасьць нацыі праяўляецца найперш у мастацтве, дзе выяўляецца ейны дух. Пакуль існуе нацыянальнае мастацтва, датуль існуе і нацыя”.