Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны растуць, беларусы багацеюць?


Сярэдняя заработная плата працаўнікоў у Беларусі за 2008 год склала 885600 рублёў – паведаміла прэсавая служба Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Рэальная налічаная заработная плата (заробак, ацэнены з улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у 2008 годзе ў параўнаньні з папярэднім годам павялічылася на 9,9%.

Такім чынам, за год беларусы сталі амаль на 10% заможнейшыя. Эканаміст Міхал Залескі ўважліва прааналізаваў афіцыйную статыстыку. Ён тлумачыць, што рэальныя заробкі ацэньваюцца як здольнасьць купіць пэўную колькасьць тавараў:

“У нас бярэцца малая група тавараў – тыя, на якія ёсьць пэўныя дзяржаўныя датацыі. Вось гэтую групу тавараў спажывае невялікая колькасьць людзей, самыя бедныя. Па-другое, гэтыя тавары ня надта й знойдзеш. Да прыкладу, хлеб каштуе ў краме па 2 тысячы і болей. А дзесьці ён ёсьць па 900 рублёў. Вось яго ў гэты кошык і закідваюць, па ім і разьлічваюць рост. А трэба параўноўваць, як аўстрыйцы. Ёсьць Аўстрыйскі інстытут міжнародных параўнаньняў у Вене, дык яны бяруць 600 тавараў і паслуг, каб ацаніць рост рэальнай заработнай платы, каб ацаніць пакупніцкую здольнасьць грошай і заработнай платы”.

Натуральна, па галінах сярэдні заробак істотна адрозьніваецца. Так, у будаўніцтве ў сярэднім атрымліваюць 1 мільён 353 тысячы рублёў, а ў сельскай гаспадарцы – 643 тысячы, больш чым удвая менш. У сыстэме аховы здароўя сярэдні заробак 847 тысяч, а ў лекараў – 1 мільён 447,4 тысячы рублёў.

Лекар аднаго з нацыянальных навукова-практычных цэнтраў Андрэй выказаў такое меркаваньне:
Ніхто зь лекараў ня думае, што яму плацяць дастаткова...


“Каэфіцыент сумяшчальнасьці па краіне сярод лекараў складае ў сярэднім 1,39. То бок кожны з нас працуе фактычна не на адну стаўку, а на 1,4 стаўкі. Калі кіравацца агульнапрынятай усясьветнай мэтодыкай вылічэньня заробку – пералічваць яго на гадзіны – атрымліваецца, што менш за мэдыкаў зарабляюць толькі работнікі сельскай гаспадаркі. Ахова здароўя ў 2007 годзе знаходзілася на 8-м месцы сярод 14-ці галінаў народнай гаспадаркі, летась яна перамясьцілася на 7-е паводле ўзроўню аплаты працы. Ніхто зь лекараў ня думае, што яму плацяць дастаткова”.

У лекараў летась былі два невялікія падвышэньні заробкаў. Як і ўсім бюджэтнікам, ім падвысілі заробак у лістападзе (у сувязі з падвышэньнем тарыфнай стаўкі першага разраду), а ў сьнежні гэтую стаўку панізілі. Да таго ж супрацоўнікі нацыянальных навукова-практычных цэнтраў даплат з фонду Менгарвыканкаму не атрымліваюць, хаця тэрытарыяльна знаходзяцца ў сталіцы, распавёў лекар Андрэй:

“Ёсьць людзі – тыя ж самыя кардыёхірургі, якія робяць высокатэхналягічныя апэрацыі. Але іх ня так і шмат. Плюс вельмі высокія заробкі ў функцыянэраў аховы здароўя: галоўныя лекары, кіраўнікі навукова-практычных цэнтраў. Яны зарабляюць вельмі прыстойна: і па 2, і па 3 мільёны. Калі гэта ўсё падсумаваць, атрымліваецца, як кажуць, сярэдняя тэмпэратура па палаце...”
Я ня ведаю, як яны гэта выкручваюць...


Наагул, што да статыстыкі па заробках, эканаміст Міхал Залескі выказаў такое меркаваньне:

“Робіцца проста сьмешна: усе людзі бачаць, што ўсё падаражэла, тарыфную стаўку для бюджэтнікаў зьнізілі, цэны павысілі, а рэальная зарплата пры гэтым вырасла. Я ня ведаю, як яны гэта выкручваюць... Рэчаіснасьць непадатлівая, а статыстыка на ўсё згодная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG