Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца ўладам вярнуць цэны назад?


Віталь Цыганкоў
Намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч паведаміў, што ўлады маюць намер правесьці масавыя праверкі ў гандлі, каб высьветліць прычыны рэзкага росту цэнаў на імпартныя тавары. Некаторыя харчовыя прадукты падаражэлі на 40-50 працэнтаў — напрыклад, рыба, мандарыны, кава. Ці ўдасца ўладам вярнуць цэны назад? Якім можа быць гадавы ўзровень інфляцыі сёлета? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: “Ці будуць цэны вернутыя на ўзровень „да дэвальвацыі“? Які ў дзяржавы тут ёсьць мэханізм, наколькі ён рыначны?”

Міхал Залескі
Залескі: “Рэч у тым, што цэны ўздымаюцца тады, калі ёсьць попыт. А попыт быў проста шалёны. Я пытаўся ў прадаўцоў — за тыдзень прадалі, як за два месяцы. Чаму ж не падвышаць цэны? А потым іх можна толькі пугай назад заганяць.

Бо ў дзяржаве няма цывілізаваных мэханізмаў кантролю і пагадненьняў паміж прадаўцамі і пакупнікамі. Няма моцных прафсаюзаў, каб змагаліся за заробкі, няма нармальных таварыстваў абароны спажыўцоў, няма аб’яднаньняў прадпрымальнікаў, якія будуць прадстаўленыя ў парлямэнце. Нічога няма — таму і застаецца адзін Адашкевіч са сваімі праверкамі“.

Цыганкоў: “Калі вы кажаце, што цэны падвышаліся з-за попыту, то чаму б дзяржаве проста не пачакаць — і цяпер, калі шалёны попыт першых дзён скончыўся, пачакаць, калі цэны самі зьнізяцца?”

Залескі:
“Цэны па ўсім сьвеце зьніжаюцца не ў такіх тэмпах, як яны падвышаюцца. Зараз ужо зафіксавана скарачэньне попыту — набраліся ўжо, пятая лядоўня ў хату ўжо ня лезе. Зараз пэнсіі атрымаюць, крыху яшчэ набяруць, і ўсё. Тавары-неліквіды скінулі — і пачнуць зьніжкі рабіць. Бо пакупніцкая здольнасьць расьці ня будзе. Прадпрыемствы ня ў самым лепшым стане, і бюджэтнікам заробак не падвышаюць. Так што грошай у людзей на падвышаныя цэны ня будзе”.

Цыганкоў: “Наколькі рэальным выглядае афіцыйны прагноз інфляцыі на гэты год, паводле якога яна павінна скласьці 9-11 працэнтаў?”

Залескі:
“Я думаю, што яны ўтрая памыліліся. Будзе інфляцыі працэнтаў 30 мінімум, дзякуючы той самай дэвальвацыі. Пойдзе рост цэнаў на імпарт, і тут нічога ня зробіш. Паколькі ў нас імпартны складнік ва ўсіх таварах досыць вялікі і доля імпарту дастаткова істотная ў спажываньні, а імпартазамяшчэньне пакуль дзейнічае нейкім дзіўным чынам — то атрымаем працэнтаў 30 гадавой інфляцыі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG