Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атамны ўрок газавага канфлікту


Сёлетні газавы канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай – ужо ня званочак, а вялікі звон па энэргетычнай бясьпецы Эўропы ў цэлым і Беларусі ў прыватнасьці. Праўда, што тычыцца канкрэтна Беларусі, то яна была хіба не адзінай краінай Эўропы, якая ў дні крызысу не адчувала недахопу паліва, і наагул здолела атрымаць ад сваркі суседзяў кароткатэрміновыя дывідэнды. Хутчэй за ўсё пэўны час Масква будзе ставіцца да Беларусі ў газавым пытаньні больш лагодна, чым ставілася б, калі б крызысу з Украінай не было. Але ж праз гэты самы пэўны і непрацяглы час новы стыль расейскай палітыкі адчуе на сябе і Менск.


Недахопу ў адказах на пытаньне “што рабіць” няма. Але ў адказах, якія маглі б сапраўды вырашыць пытаньне, недахоп адчуваецца істотны. Адсутнасьць дэмакратыі кепская ня толькі тым, што ўрадавая палітыка абвяшчаецца адзіна правільнай і ўсе альтэрнатывы адкідаюцца. Аднак і самыя гэтыя альтэрнатывы, якія вылучаюць людзі, шмат гадоў пазбаўленыя дзяржаўнай адказнасьці, часам нагадваюць адно летуценьні і развагі кшталту таго, што лепш быць багатым і здаровым, чым бедным і хворым. Хто б сумняваўся, але дылемы рэальнай палітыкі, на жаль, ня зводзяцца да гэтага няхітрага выбару.

Таму зьвернемся да досьведу краінаў, дзе пануе дэмакратыя, дзе ўсе разумныя альтэрнатывы падлягаюць уважліваму разгляду, і ў выніку дэталёвага публічнага абмеркаваньня рэалізуецца самы лепшы варыянт.

Першы званочак наконт энэргетычнай нестабільнасьці прагучаў 5 гадоў таму, 18 лютага 2004 году, калі “Газпром” адключыў падачу газу ў Беларусь і транзыт празь яе. Другі звон, паболей і пагучней, грымнуў 3 гады таму, падчас першай газавай “вайны” паміж Расеяй і Ўкраінай. І не сказаць, каб тады, 3 і 5 гадоў таму, не было ўсьведамленьня важнасьці пагрозы. Толькі пра гэта тады і казалі.

Памятаю, здаецца, ў 2004 годзе нашае радыё як вялікую сэнсацыю падавала заяву польскіх урадоўцаў, што, зразумеўшы сутнасьць расейскай энэргетычнай палітыкі, Польшча будзе купляць нарвэскі газ. З тае пары прайшло 5 не тыдняў, не месяцаў, а гадоў. Ну і дзе той паток нарвэскага газу ў Польшчу?

Прыкладна тады ж зьявіліся і больш амбітныя пляны, я маю на ўвазе праект газаправоду “Набукка”, які дастаўляў бы ў Эўропу газ краінаў Цэнтральнай Азіі ў абыход Расеі. Ізноў жа прайшло 5 гадоў. Ну і дзе “Набукка”? У пэўным сэнсе яго менш, чым няма. Гэта значыць, што, па-першае, яго дагэтуль няма, а па-другое, што Расея тым часам ня спала ў шапку, а дамовілася з Туркмэністанам і Казахстанам і цалкам перакупіла іх газ. Так што зьявіся зараз нейкім цудам той “Набукка”, будзе праблемай, чым яго напаўняць.

Хада цяперашняга крызысу паказала, што за 5 гадоў пасьля першага званочка ў Эўропе было зроблена ня тое што мала ці недастаткова, каб прадухіліць паўтарэньне крызысаў 2004 і 2006 гадоў, каб зрабіць гэтае паўтарэньне менш балючым і небясьпечным – не было, па сутнасьці, зроблена нічога. Эўропа пакутуе ад сёлетняга крызысу значна мацней, чым пакутавала ў 2006 годзе.

Ну і пра што загаварылі ў Эўропе падчас сёлетняга крызысу, якой была як імгненная рэакцыя, гэтак і агучаныя пляны, што ж рабіць, каб застрахаваць кантынэнт ад пагрозы паўтарэньня шоку “замарозкі”? Адказ кароткі – атамная энэргетыка.

Некалькі гадоў таму на вочы патрапіўся артыкул у нямецкай газэце, дзе аўтар пісаў, што за цяперашнюю прывязку палітыкі Бэрліна да Расеі нямецкая грамадзтва павінна сказаць “дзякуй” айчынным “зялёным” зь іх высакароднымі і гуманнымі памкненьнямі. Пасьля Чарнобыльскай катастрофы менавіта з ініцыятывы нямецкіх “зялёных”, пад ціскам грамадзтва, натхнённага гэтымі барацьбітамі, нямецкая атамная энэргетыка была практычна згорнутая. Праўда, прыгожа? Толькі цаной гэтай прыгажосьці стала моцная залежнасьць Нямеччыны ад Расеі, і прычым ня толькі ў эканамічнай, але і ў палітычнай сфэры. І нягледзячы на ўсю моц нямецкай эканомікі, на праекты ветраной энэргетыкі, гідраэнэргетыкі, на альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі і яе дастаўкі (якія ў Нямеччыны ўсё ж ёсьць), па вялікім рахунку і для яе рэальная дылема аказалася надзвычай брутальная – ці атам ці залежнасьць ад Масквы. Ну не атрымалася быць багатымі і здаровымі.

Зь іншага боку, у часы, калі “Саюдзіс” змагаўся за літоўскую незалежнасьць, колькі было праклёнаў на адрас Саветаў, якія ў цудоўныя літоўскія краявіды насадзілі гэтую брыдоту – Ігналінскую АЭС. Незалежнасьць была заваяваная, дык, здавалася б, у чым праблема: літоўцы -- гаспадары на сваёй зямлі, зачыніць хутчэй гэтую спадчыну імпэрскага панаваньня. Але не, “спадчына” жыве і квітнее, захавалася і ў эўразьвязаўскай Літве. Толькі зараз, праз 18 гадоў пасьля вяртаньня незалежнасьці, Ігналіну зьбіраюцца цалкам зачыняць, але замест яе будуць будаваць новую АЭС.

Можа, і цынічна гучыць, але думаю, што не самотны ў спадзеве, што АЭС Лукашэнка ўсё ж збудуе. Сваю папулярнасьць ён на гэтым істотна згубіць (ну, гэты дадатковы палітычны матыў больш ўласьцівы апанэнтам дзейнай улады), але ягонай папулярнасьці і волі хопіць, каб гэта зрабіць. А потым, калі станцыя будзе, то стань прэзыдэнтам хоць Зянон Пазьняк, хоць паважаны грамадзкі рэдактар Свабоды мінулага тыдня Валер Дранчук, зачыніць беларускую АЭС будзе немагчыма. Гэтак жа, як немагчыма Літве адмовіцца ад ядзернай энэргіі, як немагчыма зачыніць украінскія АЭС, у тым ліку і жахлівую Чарнобыльскую. І наадварот, наўрад ці ў пераемніка Лукашэнкі, хто б ім ня быў, будзе палітычная магчымасьць збудаваць АЭС, калі яна не будзе збудаваная зараз. Павінна ж ад дыктатуры быць хоць якая карысьць?

Рэальнасьць абыякавая да летуценьняў і мрояў. І любы чалавек, які стаіць на чале дзяржавы, ня можа і ня зможа ігнараваць вострыя вуглы гэтай самай рэчаіснасьці. Расейцы ж не блякаду робяць, яны гатовыя свой газ у любы момант даць у любых аб’ёмах, нават банцікам абвязаўшы. Адна толькі “драбяза” – пачым? Калі ёсьць грошы плаціць – дык няма праблемы. А вось калі няма грошай, тады няма нічога, акрамя суцэльнай праблемы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG