Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Каляды нельга нават вузел на хусьціне завязваць


7 студзеня — адно з самых галоўных для праваслаўных сьвятаў — сьвята Божага нараджэньня, Раство Хрыстова, Каляды. Сёньня гаспадыні пякуць блінцы, гатуюць куцьцю, аўсяны кісель. Увечары беларусы сядаюць за посны стол.

Этнограф і фальклярыст Янка Крук разам са студэнтамі ўжо трэці дзень езьдзіць па вёсках Берасьцейшчыны, здымае на відэакамэру, як беларусы рыхтуюцца да сьвята і адзначаюць Каляды, запісвае песьні, абрады, традыцыі.

Карэспандэнтка: “Спадар Янка, а дзе вы зараз знаходзіцеся?”

“Кобрынскі раён, вёска Аніскавічы”.

Карэспандэнтка: “І там сапраўды захаваліся традыцыі, ведаюць, як сьвяткаваць, цётачкі сьпяваюць?”

“Так, мы ўжо другі дзень езьдзім па вёсках. Тут столькі нам багацьцяў распавядаюць! Таму мы запісваем на магнітафон, здымаем на відэакамэру, потым са студэнтамі будзем гэта расшыфроўваць, дыск будзе Калядам прысьвечаны. Старэйшае пакаленьне, жанчыны, якія нарадзіліся ў канцы 1920—30-х гадоў, перахапілі ад бабулек, матуль песьні, традыцыі...

Ведаеце, тут нас пераконвалі даволі шчыра, што і сёньня асабліва Каляды, Раство (як яны называюць), да гэтых двух сьвятаў ставяцца ня тое што ашчадна, шануюць гэта ўсё, але і па-сьвятому. Спэцыяльна, толькі на Каляды, хустку завязвалі па-асабліваму: на лаву раскладвалі, а назаўтра проста цераз галаву, як шапку, апраналі. Бо Каляды — настолькі сьвятое сьвята, што нельга было нават вузел на хусьціне завязваць. Усё захавалася, хоць трошкі і памёрзьлі, вельмі холадна... Але мы ўсе ў захапленьні, проста ў захапленьні! Не перадаць эмоцый...”

Карэспандэнтка: “А калядныя атрыбуты — маска казы, калядная зорка — у людзей таксама захаваліся?”

“Тут не. Ведаеце, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі склалася ўражаньне, што па ўсёй Беларусі хадзілі з усім гэтым. Ня ўсюды так было. На той жа Берасьцейшчыне ёсьць такія раёны, дзе сапраўды хадзілі з казой. А тут, на Кобрыншчыне — мы перапытвалі па дзесяць разоў — Каляды, калядаваньне было, але самы галоўны акцэнт рабіўся на Шчодрык, з 13 на 14 студзеня. На Шчадраца”.

А мастак Алесь Пушкін распавёў, як рыхтуюцца да Калядаў на мяжы Меншчыны і Віцебшчыны, у пасёлку Бобр Крупскага раёну:

“Сёньня прэлюдыя сьвята. Маскі і касьцюмы трэба дастаць з гарышча, і зорку калядную з саломы сплеценую, якую жоначка сама спляла. Сёньня — посны дзень, Яначка пячэ бліны, я рыжыкаў знайшоў — закусваць гарэлку. А бабулька Яніна Андрэеўна зараз мне казінага тварагу сьвежага дае, каб сырнікі сьпячы. Сёньня падрыхтоўка такая ў нас ідзе. Купілі каўбасы, 8 літраў гарэлкі жытнёвай празрыстай на хутары”.

Карэспандэнтка: “А навошта 8 літраў, так багата?”

“А таму што 30 чалавек зьбярэцца як мінімум, мужыкі. Ды зь Нью-Ёрку прыехала Валя Якімовіч, суседзі... Увогуле ў гэты дзень нікога не запрашаем, але і нікому не адмаўляем. Ну, а 7-га пачнецца дзень з таго, што а 9.30 у царкве Сьвятога Міколы набажэнства, і я там званю ў званы. Потым літургія. Пасьля літургіі ідзём дахаты, стол ставім, садзімся есьці-выпіваць... А ўвечары, калі ўзыдзе першая зорка, пойдзем калядаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG