Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыка як аб’ект кібэратакаў


На мінулым тыдні ў ЗША апублікаваны досьлед, зь якога вынікае, што найважнейшыя інстытуты амэрыканскага ўраду зьяўляюцца мішэньню для безупынных кібэратакаў. Сёньняшняе выданьне газэты Wall Street Journal, спасылаючыся на гэты досьлед, піша, што ЗША прайграе сутычку ў кібэрпрасторы з "замежнымі ўрадамі і тэрарыстычнымі групамі".


Даклад пра кібэрбясьпеку ЗША быў падрыхтаваны Цэнтрам стратэгічных і міжнародных досьледаў на падставе працы адмысловай камісіі, у якую ўвайшлі спэцыялісты ў галіне інфарматыкі з прыватнага сэктару, вайсковыя экспэрты, агенты выведкі ды іншых спэцслужбаў, а таксама два прадстаўнікі Кангрэсу.

Паводле дакладу, кампутары Дзярждэпартамэнту, Пэнтагону ды Дэпартамэнтаў унутранай бясьпекі і гандлю у мінулым сталіся аб’ектамі ўзламаньня з боку невядомых замежных парушальнікаў.

Паводле сьведчаньня аднаго неназванага службоўца зь Дзярждэпартамэнту, штодня адбываюцца "сотні тысячаў" спробаў пранікнуць у базы дадзеных Пэнтагону. Некаторыя з гэтых спробаў закончваюцца пасьпяхова. Здабычай кібэрвыведнікаў сталіся таксама "тэрабайты" засакрэчанай інфармацыі ў Дзярждэпартамэнце.

Каб нэўтралізаваць кібэратакі, кампутары ў адным зь ведамстваў Дэпартамэнту гандлю на некалькі месяцаў адключылі ад сеціва. Нацыянальнае агенцтва аэранаўтыкі і дасьледаваньня касьмічнай прасторы (НАСА) перад кожным запускам касьмічнага "шатлу" перастае карыстацца электроннай поштай.

Паводле газэты, гакеры, ангажаваныя ў "джыхад" супраць ЗША, атакуюць амэрыканскія вайсковыя кампутары, каб паблытаць ім ідэнтыфікацыю сваіх і варожых сілаў у Аўганістане і Іраку.

Паводле згаданага дакладу, Амэрыка найбольш падатлівыя на кібэратакі, бо яна была першай краінай, якая збудавала агульную сыстэму інтэрнэт-сувязі. Краіны, якія зрабілі гэта значна пазьней (прыкладам, Кітай), выкарысталі больш бясьпечныя пратаколы перадачы інфармацыі.

"Шмат амэрыканцаў верыць, што наша дзяржава ўсё яшчэ зьяўляецца лідэрам у кібэрпрасторы, падобна як шмат амэрыканцаў у 1957 годзе верыла, што ЗША былі лідэрам у космасе, ажно да моманту, калі над іхнымі галовамі зьявіўся савецкі спутнік” — пішацца ў дакладзе.

Артыкул у Wall Street Journal прыгадвае магутную кібэратаку супраць Эстоніі у 2007 годзе, неўзабаве пасьля таго як Масква абурылася пераносам помніка савецкаму салдату ў Таліне, ды кібэратаку супраць урадавых і фінансавых камунікацый Грузіі ў гэтым годзе.

Дарэчы і сайт Беларускай службы Радыё Свабода стаўся ў красавіку гэтага году, у дзень чарнобыльскага маршу ў Менску, аб’ектам кібэратакі вядомай пад назвай „адмова ў абслузе” (distributed denial of service). Гэтая атака зрабіла наш вэбсайт часова недаступным для карыстальнікаў.

Згаданы амэрыканскі даклад заключае ў сабе рэкамэндацыі для адміністрацыі новаабранага прэзыдэнта Барака Абамы ў галіне кібэрбясьпекі. Адна з рэкамэндацыяў — стварыць новую дзяржаўную структуру для абароны нацыянальнай кібэрпрасторы ад атакаў. "Першым крокам дзеля абароны зьяўляецца ўсьведамленьне, што атака пачалася," — заключае Wall Street Journal.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG