Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці набудзе Расея беларускую прадукцыю даражэй за сабекошт?


Міністар сельскай гаспадаркі РФ Аляксей Гардзееў
Міністар сельскай гаспадаркі РФ Аляксей Гардзееў
Міністар сельскай гаспадаркі Расейскай Фэдэрацыі Аляксей Гардзееў на сумеснай калегіі аграрных ведамстваў Расеі і Беларусі заявіў: каб скараціць аб’ёмы імпарту з краінаў далёкага замежжа, Расея зацікаўленая ў павелічэньні долі паставак харчаваньня зь Беларусі.

Чыноўнік адзначыў, што беларуская прадукцыя мае высокую якасьць і адпавядае тэхналягічным, санітарным і гігіенічным патрабаваньням. Аднак незалежныя экспэрты лічаць, што праблемы могуць узьнікнуць пры вызначэньні кошту прадукцыі. Ужо былі прыклады, калі беларускія вытворцы гандлявалі з Расеяй сабе на страту.

Паводле словаў Аляксея Гардзеева, патрэба расейскага рынку ў мясе складае 2 мільёны тон, у цукры — 3 мільёны тон, ёсьць неабходнасьць у пастаўках бульбы, садавіны. Але адной з асноўных пазыцый павелічэньня беларускага экспарту можа стаць ялавічына. Як кажа Аляксей Гардзееў, расейскія спажыўцы ўсё менш задаволеныя якасьцю прадукцыі, якая пастаўляецца з ЗША:

“Мы цалкам маглі б па ялавічыне абмеркаваць пашырэньне аб’ёмаў паставак — перадусім з улікам таго, што значная частка ідзе з далёкага амэрыканскага кантынэнту. І цалкам верагодна, што ўсё ж беларуская ялавічына, з краіны, якая побач знаходзіцца з Расеяй, нашмат вышэйшай якасьці. Тым больш яна можа дастаўляцца ў шэрагу выпадкаў таксама ў ахалоджаным выглядзе”.

На сумеснай калегіі міністэрстваў сельскай гаспадаркі Расеі і Беларусі было адзначана, што пакуль экспарт беларускага харчаваньня займае зусім нязначную частку імпарту Расеі. Прыкладам, у 2008 годзе ўдзельная вага паставак зь Беларусі складзе 4% ад агульнай колькасьці імпарту харчаваньня Расейскай Фэдэрацыі. Імпарт мяса і малака зь іншых краінаў па-ранейшаму значна перавышае беларускія пастаўкі.

Міхаіл Русы
У гэтым зьвязку старшыня Аграрнай партыі Беларусі Міхаіл Русы вітае рашэньне расейскага боку істотна павялічыць пастаўкі беларускага харчаваньня. На яго перакананьне, у Беларусі створаныя ўсе ўмовы для адпаведнасьці беларускай прадукцыі высокім міжнародных патрабаваньням:

“У нас не разбураны аграпрамысловы комплекс, а наадварот, ён адроджаны. Узьнятыя на новы ўзровень высокатэхналягічныя прадпрыемствы -жывёлагадоўчыя комплексы, птушкафабрыкі, сьвінагадоўчыя комплексы. Вельмі плённа спрацавала праграма адраджэньня вёскі, якая дазволіла пераўзброіць больш за 700 фэрмаў. Завяршаецца мадэрнізацыя перапрацоўкі ў рамках патрабаваньня і эўрапейскіх стандартаў, і санітарных нормаў, якіх патрабуе Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя. Іншымі словамі, усё гэта дазваляе нам канкурыраваць на зьнешніх рынках”.

Цяпер
Практычна ўвесь харчовы экспарт Беларусі наўпрост прывязаны да Расеі
практычна ўвесь харчовы экспарт Беларусі наўпрост прывязаны да Расеі. Паводле прагнозаў, у 2008 годзе Беларусь прадасьць за мяжу прадукцыі прыкладна на 2 мільярды даляраў. 1 мільярд 600 мільёнаў з гэтай сумы заплацяць расейскія спажыўцы.

Між тым журналіст-аграрнік Анатоль Гуляеў лічыць, што радавацца агучаным у Менску “дэклярацыям аб намерах” пакуль заўчасна. Сабекошт беларускай прадукцыі такі высокі, што часам не даводзіцца казаць нават пра мінімальны прыбытак ад яе рэалізацыі. Спадар Гуляеў згадвае: некалькі гадоў таму адзін з намесьнікаў міністра сельскай гаспадаркі скардзіўся, што ў той год у Расею было прададзена каля 40 тысяч тон масла, і на кожным кіляграме Беларусь страціла 1 даляр. Прычынай — выдаткі ў аграпрамысловым сэктары:

Анатоль Гуляеў
“Чаму цяпер узьнікла такая сытуацыя. што Беларусь нібыта гатовая гандляваць і г.д.? Па-першае, трэба дачакацца, каб яшчэ пачалі гандляваць. Размовы — гэта адно, а справы — зусім іншае. Неяк ужо была дамоўленасьць з Масквой. Лужкоў паабяцаў: будзем набываць у вас масла, ялавічыну, усё, што трэба. Ну, будзем дык будзем. Назвалі Мінсельгасхарчу Беларусі фірмы, якія гатовыя купляць. Адказныя чыноўнікі кінуліся да гэтых людзей — маўляў, набывайце ў нас ялавічыну, сьвініну, масла. Тыя назвалі кошт, за які гатовыя набываць. І нашы проста ў жах прыйшлі, бо масквічы гатовыя купляць, але за цану, ніжэйшую за сабекошт. То бок на страту беларускім прадпрыемствам. Пачалі абурацца: як жа так, мы ж дамовіліся?! А тыя ў адказ: няўжо мы павінны ў вас купляць даражэй, чым ёсьць іншыя прадукты? Таму такая дамова яшчэ вельмі няясная, і што зь яе будзе — пакуль незразумела”.

Варта ўзгадаць, што “падвешанай” застаецца сытуацыя адносна вытворцаў малочнай прадукцыі. Расейскія наглядныя органы неаднаразова агучвалі свае прэтэнзіі, пагражаючы спыніць беларускія пастаўкі з-за неадпаведнасьці вытворчасьці тэхналягічным нормам. Да таго ж 21 сьнежня ў Расеі пачнуць дзейнічаць новыя тэхнічныя рэглямэнты на малако і малочныя прадукты. Дакумэнтам забараняецца пісаць на пакеце слова “малако”, калі ў прадукце выкарыстоўваецца сухое малако. Калі яго доля перавысіць палову, то прадукт стане “малочным напоем”. Будуць яшчэ такія катэгорыі, як ”малочны састаўны прадукт” і ”прадукт з утрыманьнем малака”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG