Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад вызваляе цэны


Беларускі ўрад прыняў пастанову, паводле якой цэны на беларускую прадукцыю на ўнутраным рынку будуць фармавацца сыходзячы з рынкавай сытуацыі. Ці прывядзе гэта да росту цэнаў?

Паводле намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, беларускім прадпрыемствам дазволена фармаваць цэны на экспартаваную прадукцыю ў залежнасьці ад кан’юнктуры рынку. Аднак гэта норма распаўсюджваецца і на ўнутраны рынак. Што азначае новая цэнавая палітыка?Ці прывядзе гэта да росту цэнаў? У размове з карэспандэнтам Свабоды Андрэй Тур адзначыў:

Андрэй Тур
— Калі рынкі згортваюцца, калі няма збыту прадукцыі, як вы можаце прадаваць прадукцыю? Якія цэны вырастуць, калі вы яе прадаць ня можаце і па гэтых цэнах? Вы па гэтых ня можаце прадаць?”

— Гэта тое, што ідзе на экспарт. А на ўнутраным рынку?”

— А на ўнутраным рынку тое ж самае. Што, у нас запасы гатовай прадукцыі толькі на вонкавы рынак вырасьлі? А на ўнутраны? Вы паспрабуйце рэалізаваць прадукцыю.

Паводле Андрэя Тура, прадпрыемствы могуць фармаваць цэны нават ніжэй за сабекошт.

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук заявіў, што новаўвядзеньні сьведчаць пра тое, што курс ураду апошніх 15-ці гадоў на рэгуляваньне цэнаў нібыта пад шырмай сацыяльнай абароны насельніцтва праваліўся:

Яраслаў Раманчук
— Гэта зроблена пад цяжарам таго становішча, у якім апынуліся беларускія прадпрыемствы. Бо відавочна, што ў нас крызіс і крызіс збыту. Калі ўрад і банкі ня могуць даць прадпрыемствам грошы, урад проста пачаў не перашкаджаць ім і даваць больш свабоды. У гэтым кантэксьце гэта, безумоўна, добры крок. Але гэта крок, вырваны з усяго кантэксту. Таму яго эфэктыўнасьць акурат будзе паменшана іншымі заканадаўчымі актамі, якія яшчэ існуюць.

Яраслаў Раманчук не выключае, што новая цэнавая палітыка можа прывесьці да падаражаньня:

— Рост цэнаў будзе, бо ў нас Нацбанк праводзіць вельмі мяккую манэтарную палітыку. У гэтым годзе мы чакаем, што рублёвая маса павялічыцца на 50%, крэдыты ў эканоміцы павялічыліся на 60%. І ў такой сытуацыі, калі няма такога ж аб’ёму валюты, калі валавы ўнутраны прадукт не расьце так хутка, безумоўна, гэта прыводзіць да таго, што вось гэтыя пустыя грошы накіроўваюцца на спажывецкі рынак, дзе і вядуць да росту цэнаў”.

Эканаміст Алесь Чубрык мяркуе, што ў пэўным сэнсе гэты крок ураду лібэралізацыйны, калі насамрэч цэны вызвалілі. Гэта будзе весьці да роту цэнаў, калі Нацбанк будзе друкаваць даволі грошай, каб падсілкоўваць інфляцыю ці дэвальвацыю:

Алесь Чубрык
— Калі вы зьвернеце ўвагу на дынаміку цэнаў імпартаваных тавараў, напрыклад, на будматэрыялы, то ўбачыце, што цэны ў беларускіх рублях зараз мяняюцца з той жа хуткасьцю, як і курс даляру ў абменных пунктах. То бок ідзе пастаянная карэктыроўка на дэвальвацыю, дэвальвацыя пачынае ўплываць на цэны. І калі Нацбанк будзе друкаваць шмат грошай, мы не пазьбегнем ня толькі дэвальвацыі, але й інфляцыі. Проста залішняя колькасьць грошай у абарачэньні будзе прыводзіць да росту цэнаў. Але ж само па сабе вызваленьне цэнаў не павінна прывесьці да нейкай інфляцыі ці скачкоў у цэнах. Яны ў нас і так даволі высокія. Магчыма нават некаторыя цэны могуць паменшыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG