Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётра Садоўскі: “І сярод міністраў ёсьць добрыя людзі”


Пётра Садоўскі
Пётра Садоўскі

Сёньня Пётра Садоўскі разважае над тым, ці не разбурае сыстэма цэнтралізаванага тэсьціраваньня пры паступленьні абітурыентаў у вну духоўны складнік беларускай вышэйшай адукацыі.


На чарговы зыгзаг майго пакручастага лёсу дужа паўплываў Дарашэвіч Міхаіл Васілевіч, што зь вясны 1959 году быў міністрам вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі БССР. Заўсёды ўзгадваю гэтага добрага чалавека, калі праходжу ў Менску па вуліцы, што носіць ягонае імя. Ён паспрыяў майму шчасьцю, бо дапамог знайсьці тую прафэсію, якая была наканаваная лёсам.

Сэрцам выбраная прафэсія, добрае здароўе, сям’я і Радзіма, калі пакуль і не ўладкаваная, – вось для мяне складнікі шчасьця.
З пэўнымі прыгодамі ў Маскве і на чыгунцы, бо меўся ехаць зь Яраслаўля ў сваё Ветрына на прызыў у войска, дабраўся я да Менску глыбокай восеньню з залатым мэдалём за сувораўскую адзінаццацігодку і 30 хрушчоўскімі рублямі ў кішэні, што скінуліся мне новыя сябры на дарогу – на 13 кг доктарскай кілбасы. Ніхто са сваякоў ня ведаў, дзе я і што я. Грошай за прададзены на Старажоўцы (была такая барахолка) новы курсанцкі шынэль хапіла на некалькі дзён, каб пракарміцца і пераначаваць у знаёмых. Трэба было тэрмінова вызначацца, каб не аказацца дэзэртырам ад вайсковай службы, а ісьці ў салдаты не хацелася.

Рашэньне і рашучасьць прыйшлі неяк самі сабою. Залатыя мэдалі тады не давалі ніякага права, ды й навучальны год ужо пад першую сэсію падыходзіў, аднак я вырашыў трапіць на прыём да міністра вышэйшай адукацыі і прасіцца ў ін’яз. Калі не – паспрабую па-сапраўднаму хрысьціцца і пайсьці ў духоўную сэмінарыю. На самоце, пад чужымі дахамі па начах мяне раз-пораз ахоплівала незразумелае душэўнае тамленьньне. Я ўжо тады пачаў разрывацца паміж пошукамі трансцэндэнтнай ісьціны і жывым жыцьцём.
Ужо глыбокай восеньню з трэцяй спробы хвілін за сорак да канца працоўнага дня трапляю на гутарку да міністра. Міністар – ладнай паставы чалавек зь велікаватай галавой, уладарыць усім целам над доўгім і шырокім сталом, як на троне, далоні-паўкулакі, надутыя, як вайсковыя зімовыя пальчаткі, вочы жывыя, не начальніцкія. Ня ведаю, чым я яго ўзяў, магчыма, нейкімі першымі сказанымі словамі, сваёй шчырасьцю і пэўным уменьнем распавядаць. (Увогуле ўсё далейшае жыцьцё я заўважаў, што ў мяне ў гутарцы зь людзьмі, ад якіх залежыла вырашэньне нейкага пытаньня, былі важныя першыя, можа 30 секунд: якія першыя словы я знайшоў).

Нешта такое ў мяне сказалася, што міністар адразу пачаў слухаць і, як мне здалося, заўважыў ва мне асобу. Слухаў уважліва, прыязна ўсьміхаўся, калі-небудзь нават рагатаў, слухаючы мае сюррэалістычныя прыгоды дзяцінства і юнацтва. Папрасіў сакратарку прынесці гарбаты зь лімонам і печыва ды адпусьціў дадому. Праседзеў са мной яшчэ мусіць з гадзіну, патэлефанаваўшы некуды, што затрымліваецца, і распавёў сам пра сваё дзяцінства, як 11-гадовым пачаў працаваць з плытагонамі, як некалькі разоў тануў, як наймаўся працаваць пастухом і г. д. Нават прадэманстраваў мэлёдыю песні, што сьпявалі плытагоны. Скончылася ўсё тым, што Міхаіл Васілевіч сказаў прыблізна такое: “Я сам быў добры жэўжык, і горачка хлябнуў, і малым напрацаваўся. А міністар я яшчэ нядаўна. Зраблю добрую справу – вучыся. А свой залаты мэдаль апраўдай. Я пацікаўлюся, як ты будзеш вучыцца. Будзеш мой хрэьнік”. Сам прадыктаваў мне тэкст маёй заявы (зьмест я не магу ўспомніць) і напісаў рэзалюцыю: “Принять в виде особого исключения с освобождением вакантных мест”. На разьвітаньне паціснуў руку і сказаў: “Я патэлефаную рэктару, каб у цябе правялі так званую праверку ведаў, бо экзамэны зараз нельга прымаць. Калі зможаш, здай зімою экзамэны разам з усімі. За два месяцы пасьпееш дагнаць”. Я кляўся спраўдзіць давер.
Слова сваё я стрымаў. Праўда, спачатку на факультэце папаўзьлі плёткі, што я сваяк нейкага вялікага начальніка. Іспыт ведаў па нямецкай мове вытрымаў бліскуча, сачыненьне пісаў на вольную тэму “Мая любімая кніга” (я пісаў пра “Бяскрылых птушак” Віліса Лацыса), а па гісторыі было пытаньне пра перамогі Чырвонай арміі ў 1944-45 гг. Па ўсіх трох прадметах атрымаў пяцёркі.

Я разумеў, што фармальна стаў студэнтам незаконна, карыстаючыся сваёй трохі нахабнай харызмай, аднак сумленьне мяне ня мучыла: усё ж у мяне быў залаты мэдаль, бацька загінуў на вайне, маці была інвалід 2-й групы, злыя людзі з гораду Леніна выштурхнулі мяне на вуліцу, добры чалавек у Менску кампэнсаваў злы чын дабром. Сам я нікому не зрабіў зла, бо залічылі мяне на бюджэтнае месца пасьля адсеву двоечнікаў. Два месяцы пражыў без стыпэндыі, працуючы па начах на халадзільным камбінаце, а жыў зайцам у інстытуцкім інтэрнаце.

Пра свае цяжкасьці дадому нічога не пісаў. Там ведалі, што я не прападу. Веды свае набываў сыстэматычнай працай, хоць і без асаблівых высілкаў – весела. Цяпер думаю: што было б са мною ў 1959 годзе, каб тады існавалі, як цяпер, тэсты і лёс не сутыкнуў мяне зь міністрам Дарашэвічам?

У інстытуце я міністра не падвёў. За ўвесь час навучаньня ў мяне не было ніводнай чацьвёркі ў заліковай кніжцы, толькі адна чацьвёрка на дзяржэкзамэнах па гісторыі КПСС, якую тады ўжо перарабілі ў прадмет з назвай “навуковы камунізм”. Праз гэтую чацьвёрку я не атрымаў чырвонага дыплёму.

Грамадзкі рэдактар тыдня Пётра Садоўскі хутка адзначыць 70-годзьдзе. Будучы германіст і першы амбасадар незалежнай Беларусі сем гадоў прабыў у сьценах Менскай сувораўскай вучэльні, “дзе сфармаваліся ўсе вартасьці й комплексы інтэлектуала і рамантыка (цытата зь ягонай кніжкі, выдадзенай у сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе”). Няўдалыя спробы стаць вайсковым мэдыкам, фінансістам, філёзафам прывялі да посьпехаў у германістыцы і славянскай філялёгіі”. Спадар Садоўскі вядомы сёньня як кандыдат навук, дэпутат нацыянальнага парлямэнту, дыплямат, аўтар шматлікіх публікацыяў… У пятніцу ён прэзэнтуе аўтабіяграфічныя арабескі “Мой шыбалет”, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода і выдадзеныя зь яго дапамогай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG