Тое, што глябальны фінансавы і эканамічны крызіс не абмінуў Беларусь, многія беларускія грамадзяне за апошнія тыдні адчулі на ўласнай кішэні. “Бюджэтнікі” толькі месяц парадаваліся падвышанай зарплаце: у сьнежні ўлады падвышку скасавалі. Некаторыя заводы і фабрыкі перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень альбо ўвогуле прыпынілі дзейнасьць. На гэтую тэму — многія лісты ў нашай пошце апошняга часу.
Пра тое, як жывуць і выжываюць людзі ва ўмовах беспрацоўя і нізкіх заробкаў, паведамляе ў сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Корж з Добрушу. Нядаўна ён праяжджаў праз памежны пераход “Весялоўка”, гэта на сутыку межаў трох дзяржаў — Беларусі, Ўкраіны і Расеі. І сутыкнуўся зь вельмі своеасаблівым прыдарожным сэрвісам. Слухач піша:
“Гандляры тут зьяўляюцца толькі на кароткі час улетку, калі ля манумэнту Дружбы народаў праводзяцца афіцыйныя ўрачыстасьці. У астатні час зь беларускага боку мяжы ніякага сэрвісу няма. Але гэта — толькі на першы погляд. У сапраўднасьці ж многія жыхары навакольных вёсак знайшлі спосаб зарабіць. Справа ў тым, што вадзіцелі вялікагрузных аўтамабіляў праводзяць шмат гадзін у чарзе, каб прайсьці памежны і мытны кантроль. Ніякіх кавярняў і сталовак тут няма, затое можна замовіць гарачы абед хатняга прыгатаваньня, не выходзячы з машыны. Замову хутка перададуць праз мабільны тэлефон наўпрост гаспадыні на кухню — і праз паўгадзіны гарачая каструля будзе ў кабіне.
Я размаўляў з гэтымі дасьціпнымі і знаходлівымі людзьмі, якія наладзілі такі бізнэс. Выйсьця ў іх, фактычна, няма. Заробкі ў калгасе — мізэрныя. Асабліва ўзімку. Калі калгасьнікі чуюць, як па тэлевізары ўлада хваліцца, што сярэдняя беларуская зарплата перавышае 400 даляраў — дык проста рагочуць. Так што не ад добрага жыцьця даводзіцца выходзіць на вялікую дарогу.
Складаны час настае цяпер ня толькі для вясковых жыхароў. Вось і ў Добрушы з 1 сьнежня 137 работнікаў філіі заводу “Малочныя прадукты” выпраўленыя ў вымушаны адпачынак на няпэўны тэрмін. Вытворчасьць спыняецца — няма збыту”, — паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Корж з Добрушу.
Калі б гэтым прадпрымальным вяскоўцам дапамаглі ўлады — падтрымалі крэдытамі, падатковымі льготамі, навучылі весьці бухгальтэрыю — напэўна, яны з большай ахвотай адкрылі б на мяжы кавярню і працавалі легальна там, а не насіліся б з чыгункамі ды тэрмасамі паміж вёскай і мытняй. Думаю, што калі-небудзь так і будзе. Заробяць бізнэсоўцы-пачаткоўцы стартавы капітал — і захочуць пашырыць справу, паставіць яе на грунтоўны падмурак. Ну, а пакуль маем тое, што маем. Якая эканоміка, якія ўмовы ў прыватных прадпрымальнікаў — такі і прыдарожны сэрвіс. У кожным разе, чыгунок з гарачымі бульбай ды катлетамі — гэта ўжо значны прагрэс у параўнаньні з сэрвісам па-савецку, калі падарожнік мог разьлічваць у сельпоўскай краме хіба што на бляшанку рыбных кансэрваў ды на бохан чэрствага хлеба.
Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў некалькі апошніх тыдняў гасьцяваў у сына ў Злучаных Штатах, у Каліфорніі. Але і там не забываў пра Радыё Свабода — слухаў праз інтэрнэт, чытаў, глядзеў фотаздымкі і відэасюжэты. Ведаючы, якая вялікая цікавасьць у нашай аўдыторыі да тэмы эканамічнага крызісу, Кастусь вырашыў падзяліцца сваімі назіраньнямі пра тое, якім ён убачыў гэты крызіс у Каліфорніі. Слухач піша:
“Паведамляю пра тое, што я заўважыў, ня робячы глыбокіх высноваў (бо эканаміст зь мяне слабы). Напрыклад, у газэце “Сан Хасэ мэркуры ньюс”, што выходзіць у Сіліконавай даліне, 12 лістапада на першай старонцы зьявіўся артыкул пра стан рынку нерухомасьці ў акрузе Санта Клара (ахоплівае Сіліконавую даліну). Кошт на жытло ў акрузе значна ўпаў. Такім чынам, атрымалася, што ў сярэднім 14% набытага жытла, кожны сёмы дом стаў каштаваць дзешавей, чым выплаты за яго па крэдыце. Найбольш гэта адбілася на бяднейшых раёнах (напрыклад, усходні Сан-Хасэ, горад Гілрой і навакольле). І яшчэ: вельмі многа тавараў у крамах прадавалася са зьніжкамі, часам вельмі значнымі — да 70%. Пачынаючы з аўтамабіляў, кватэр і дамоў і канчаючы сьпіртовымі напоямі. На аўтамабілі зніжкі ажно да 8000 даляраў. Нас з дачкой, праўда, зацікавілі больш зьніжкі на адзеньне і абутак, і мы актыўна імі скарысталіся, набыўшы тое-сёе ну проста па сьмешным кошце. На дом ці на аўто грошай не хапала.
Што тычыцца цэнаў на бэнзін, то найтаньнейшы бачыў за 2 даляры 29 цэнтаў за галон (3,78 літра). Значыцца, каля 60 цэнтаў за літар. Але гэта на пэрыфэрыі, далёка ад буйных гарадоў. У цэнтры Сіліконавай даліны такі самы каштуе 2,79 — 2,89 за галон.
Усё ж, што ні кажы, а эканоміка ў іх куды больш гнуткая, чым наша. Рэагуе на сытуацыю імгненна, таму выйдуць яны з крызісу зь меншымі стратамі, чым мы. Такое маё ўражаньне”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Ушачаў.
За апошнія некалькі тыдняў цэны на бэнзін у Амэрыцы зьнізіліся яшчэ больш — цяпер літар паліва каштуе там паўдаляра, больш як удвая таньней, чым у Беларусі. Значна менш, чым беларусы, плацяць амэрыканцы і за многія іншыя тавары і паслугі. Гэта зусім натуральна для рынкавай эканомікі: зьніжаецца попыт — падае кошт нафты і сыравіны — і гэта імгненна адбіваецца на цэнах тавараў. Праўда, назіраючы за цэньнікамі ў беларускіх крамах, асабліва перад каляднымі сьвятамі, можна прыйсьці да зусім іншай высновы. Ну, але і стаўленьне да рынкавай эканомікі і ейных законаў у Беларусі зусім іншае.
Наш слухач Іван Цыбуляк з Гомеля, грунтуючыся на сьведчаньнях сваіх знаёмых, сьцьвярджае, што ключавое зьвяно ў фальсыфікацыях вынікаў беларускіх выбараў — старшыні ўчастковых камісіяў. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач разважае пра тое, якія зьмены выбарчага заканадаўства неабходна правесьці ў Беларусі дзеля таго, каб пазбавіцца ад махлярства. Іван Цыбуляк піша:
“Мой знаёмы — сам у мінулым старшыня камісіі — распавёў: перад галасаваньнем на кожны ўчастак даецца амаль 50 працэнтаў лішніх бюлетэняў. Ставіцца задача загнаць на датэрміновае галасаваньне як мага больш выбаршчыкаў. У кожнага старшыні — свая асабістая скрыня для галасаваньня, якую ён запаўняе лішнімі бюлетэнямі — пад вызначанага ўладай кандыдата.
Мой знаёмы, каб не ўчыняць гэтага злачынства, перад галасаваньнем пайшоў да доктара ды зьлёг на час выбараў у шпіталь. Інакш мог страціць працу.
Для мяне відавочна: каб правесьці сумленныя выбары, трэба кардынальна мяняць Выбарчы кодэкс. Датэрміновае галасаваньне — адмяніць; у склад камісій павінна ўваходзіць палова прадстаўнікоў улады і палова — АДС; гарантаваць дзейнасьць незалежных назіральнікаў пры падліку галасоў. Калі гэтага не зрабіць, то любыя гульні ў так званыя “выбары” можна спыняць. Тут і свабода слова не дапаможа.
На маю думку, за гэтыя шэсьць месяцаў прыпыненьня санкцыяў Лукашэнка зробіць дзеля прыліку яшчэ адзін крок у напрамку дэмакратыі — адменіць сьмяротнае пакараньне. Насамрэч гэта нічога не мяняе. Няўжо Захад дасьць падмануць сябе?” — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Іван Цыбуляк з Гомеля. Слухач таксама паведамляе, што ўсяляк падтрымлівае ідэю збору подпісаў за зьмену выбарчага заканадаўства ў Беларусі. Такую ідэю, нагадаю, маюць намер ажыцьцявіць у блізкай будучыні аб’яднаныя дэмакратычныя сілы.
За апошнія пятнаццаць год апазыцыя рабіла нямала спробаў шляхам збору подпісаў і правядзеньня рэфэрэндумаў прымусіць уладу да тых ці іншых крокаў. Пасьпяховай ня стала ніводная з гэтых спробаў. Улада праводзіла толькі тыя рэфэрэндумы, якія хацела сама, а вынікі іх былі загадзя прадвызначаныя — з той жа прычыны, зь якой загадзя вядомыя вынікі ўсіх беларускіх выбараў.
Зрэшты, новая эканамічная сытуацыя, у якой апынулася Беларусь на працягу апошніх месяцаў, можа падштурхнуць уладу да большай згаворлівасьці з Захадам і апазыцыяй. Першыя прыкметы гэтага мы ўжо назіраем.
На заканчэньне — ліст ад Яўгена Мікітава з Воршы. Слухач заклапочаны і ўстрывожаны лёсам беларускай мовы. Ён піша:
“Мы дажылі да вельмі цяжкіх часоў: сёньня зь беларускай мовай змагаецца дзяржаўная машына. Прычым гэта машына не чужой дзяржавы, не акупантаў, а — самой Беларусі. Выступаючы нядаўна ў нас у Віцебску, прэзыдэнт хваліўся вельмі моцнай прэзыдэнцкай уладай. Як шмат у нас залежыць ад волі аднаго чалавека. Жывем нібы не ў рэспубліцы, а пры манархіі. Вялікі цуд, што беларуская мова яшчэ існуе — нягледзячы на высілкі бюракратычнага апарату, які насаджае ўсё расейскае.
Так, уся дзяржаўная машына ў нас працуе выключна на расейскай мове. Ну і працуйце сабе, пакуль ваша ўлада. Чаму ж вы лезеце са сваёй рэформай беларускай мовы, якой не карыстаецеся? Навошта дратаваць мову, якая вам не належыць? Падганяючы мову беларусаў пад расейскае вуха, гэтыя так званыя “рэфарматары” наносяць ёй вялікую шкоду.
Няхай у Беларусі людзі гавораць на любой мове — на якой хто хоча. Але дзяржаўная мова павінна быць адна — беларуская. Выправіць памылку трэба неадкладна, бо так званыя “беларускія губэрні” пры гэтым прэзыдэнту могуць апынуцца неўзабаве ў складзе Расеі. І тады зь імі будзе тое, што са Смаленшчынай. Сёньня там беларускай мовы ўжо ня чутна і беларусаў таксама няма: усе яны ператварыліся ў “единый русский народ”,— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Яўген Мікітаў з Воршы.
Моўная палітыка ў Беларусі заставалася нязьменнай на працягу апошніх чатырнаццаці гадоў, і наўрад ці выпадае спадзявацца, што яна істотна зьменіцца ў блізкай будучыні. Але ўладары прыходзяць і сыходзяць, а беларуская мова, хоць і цярпіць ад татальнай русыфікацыі, якую заахвочваюць чыноўнікі, усё ж паказвае сваю жыцьцёвую сілу. Яна, без сумневу, перажыве тых, хто наладзіў гэтае змаганьне зь ёю.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by