Калі раней гэтая велічыня складала 91 тысячу рублёў, то цяпер — 77 тысяч. Фактычна стаўка вернутая да ранейшага памеру: паводле новых тарыфаў дзяржаўныя службоўцы атрымалі заробкі толькі ў лістападзе. Хто найбольш пацерпіць ад такога кроку?
Якраз месяц таму тарыфная стаўка І разраду была падвышаная з 73 да 91 тысячы рублёў. У выніку чыноўнікі атрымалі дадаткова ў эквіваленце 100—150 даляраў. Адзначалася, што такія захады дазволяць падвысіць намінальны заробак бюджэтнікаў у сярэднім на 21%. Паводле разьлікаў, колькасьць працаўнікоў з заробкам, ніжэйшым за 200 даляраў, зьменшыцца на 300 тысяч чалавек. Перадусім плянавалася “падцягнуць” да цывілізаванай рысы настаўнікаў, мэдыкаў, прадстаўнікоў навукі і культуры.
Аднак падвышэньне аказалася кароткачасовым. У адным зь менскіх шпіталёў мне патлумачылі, што іх наўпрост папярэдзілі ня верыць напісанаму ў разьліковых квітках:
“Так, вядома, мы да гэтай стаўкі прывязаныя. Дарэчы, якраз сёньня атрымалі разьліковыя лісткі з указаньнем — за што і колькі налічана грошай. Але амаль усьлед затэлефанавалі з бухгальтэрыі і папярэдзілі, каб не разьлічвалі на тое, што там напісана. Сказалі, што будзе пераразьлік і што ўрэшце будзе сума меншая”.
Супрацоўнік аднаго з аршанскіх заводаў Васіль Кругавы таксама не ў захапленьні ад урадавых захадаў. Кажа, што зьніжэньне памеру тарыфнай стаўкі неадкладна пацягне за сабой рэвізію зарплаты:
“Так, адразу ж гэта адчуем. Бо практычна адразу ж заробкі пакоцяцца ўніз. Стаўка І разраду — велічыня, ад якой усе скачуць. І цалкам натуральна, калі панізілася яна, то зьнізіцца і заробак. А разам зь ім і прэміяльныя, і нейкія іншыя дадатковыя выплаты. І гэта сумна, бо насамрэч усе чакалі, што будзе падвышэньне”.
Зрэшты, новае палажэньне закране ня ўсіх. Натуральна, што ніяк не адчуюць тарыфнага рэгуляваньня арганізацыі прыватнай формы ўласнасьці, а таксама некаторыя нават напаўдзяржаўныя прадпрыемствы. Вось што кажа рабочы закрытага акцыянэрнага таварыства “Атлант”:
“Гэта адаб’ецца на бюджэтніках. Мяне гэта ня тычыцца, не. Наша прадпрыемства лічыцца акцыянэрным, хоць “залатая акцыя” знаходзіцца ў дзяржавы. Зрэшты, ня ведаю, як гэта пашырыцца на заводзкую “вярхушку”, але на мяне як на рабочага гэта не паўплывае. Мой заробак не залежыць ад стаўкі”.
Сустаршыня прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў адзначае, што гэта першы выпадак зьніжэньня тарыфнай стаўкі І разраду, пачынаючы ад 1994 году. Дагэтуль яе велічыня толькі падвышалася, што дазваляла ўладам казаць пра сыстэмны рост зароплаты ў Беларусі:
“У любым выпадку зьніжэньне тарыфнай стаўкі вядзе да таго, што заробкі падаюць практычна ўсюды. А гэта за сабой пацягне тое, што памеры заробкаў будуць пераглядацца і на прадпрыемствах. Увогуле, як усё ідзе? Тарыфная стаўка І разраду, а потым на яе нанізваюцца каэфіцыенты — уключна да 28-га.
Гэта беспрэцэдэнтны выпадак
Хачу адзначыць, што ўвогуле гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Раней такога ніколі не было, каб тарыфная стаўка І разраду паніжалася. Прынамсі, у сваю бытнасьць я такога ня памятаю, заўсёды яна падвышалася. Заўсёды адбываўся працэс падвышэньня. І я нават не разумею, якое абгрунтаваньне гэтаму яны даюць эканамічнае”.
Шмат хто ўзгадвае нядаўні выступ прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага з заявай пра неабходнасьць скараціць дзяржаўныя выдаткі больш як на 2 мільярды даляраў, што складае 12% расходнай часткі беларускага бюджэту. Аляксандар Бухвостаў трымаецца такой думкі наконт гэтага:
“Няхай бюджэтныя сродкі эканомяць на заробках у тых сэктарах, дзе яны яўна перагнулі — у сілавых структурах, на спэцпадразьдзяленьнях. Вось там яны папрызначалі сапраўды неадэкватныя заробкі. Але чаму павінны цярпець рэальна малазабясьпечаныя? Па ідэі, у Сідорскага таксама павінны прыбыткі зьнізіцца, але думаю, што чыноўнікі знойдуць магчымасьць кампэнсаваць сабе страты”.
Урад зрабіў “падарунак” перад каляднымі і навагоднімі сьвятамі
Людзей абурае, што “падарунак” урад зрабіў перад каляднымі і навагоднімі сьвятамі, калі выдаткі асабліва высокія. Але аналітыкі папярэджваюць, што гэтым непрыемныя сюрпрызы не абмяжуюцца. Шмат якія прадпрыемствы, карыстаючыся сьвяточнай нагодай, маральна гатовыя выправіць работнікаў амаль у месяцовы вымушаны адпачынак — ад 20-х чыслаў сьнежня да сярэдзіны студзеня.