У нашай пошце апошніх тыдняў па-ранейшаму шмат лістоў-водгукаў на нядаўнія гучныя адстаўкі высокапастаўленых карупцыянэраў зь ліку кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, пракуратуры, а таксама судзьдзяў.
Пра судовую сыстэму ў Беларусі, пра безабароннасьць людзей, якія адважваюцца ўступаць у судовыя спрэчкі з чыноўнікамі, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну. Слухач піша:
“Судзьдзяў прызначае прэзыдэнт. А хто канкрэтна кантралюе іхную дзейнасьць? Куды б я ні зьвяртаўся, усюды адказваюць: судзьдзі кіруюцца законам, а іх кантралююць суды вышэйшай інстанцыі.
Але справа ў тым, што ў нашых судзьдзяў існуюць сотні магчымасьцяў, каб судзіць не паводле закону, а паводле так званых “паняцьцяў” — гэта значыць, падладжвацца пад тых, хто дае ім уладу і грошы.
Канкрэтны прыклад. Мяне за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу супраць будаўніцтва побач з Рудзенскам хімічнага заводу судзьдзя пакарала штрафам — 350 тысяч рублёў. Гэта рашэньне я абскардзіў у абласным судзе, заплаціўшы за такое “задавальненьне” 70 тысяч рублёў дзяржпошліны. Зьвяртаўся ў Пухавіцкі суд, каб мяне вызвалілі ад пошліны — я ж адзінокі інвалід, жыву на пэнсію. Нуль увагі: плаці, і кропка... Заплаціў з пэнсіі. А абласны суд стаў на бок раённага. Тады прашу хаця б растэрмінаваць выплату штрафу. Нельга. У цябе, маўляў, ёсьць дзьве машыны, значыць, грошы маеш. А што гэта за машыны — нікога не цікавіць. “Масквіч 412” 1974 году выпуску застаўся ад нябожчыка-бацькі. А другая машына — “інвалідка”-“Ака”... Знайшлі багацея. І сьмех, і грэх”, — паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну.
Тое, на якіх прынцыпах грунтуецца дзейнасьць многіх беларускіх судзьдзяў, паказаў нядаўна падчас свайго антыкарупцыйнага выступу прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Трох судзьдзяў Цэнтральнага раёну Менску — Валеры Есьмана, Алену Ільіну і Тацяну Паўлючук — ён згадаў у зьвязку з “кватэрнымі махінацыямі” пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. Калі грамадзянін, які судзіўся са Сьнегіром з-за кватэры, зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёну, судзьдзя Ільіна, паводле слоў Лукашэнкі, “узгадняла праз тэлефон са Сьнегіром пасьлядоўнасьць сваіх дзеяньняў”. Судзьдзі Есьман і Паўлючук таксама дапамагалі націснуць на незгаворлівага жыльца — пакаралі яго нібыта за самавольную перапляніроўку кватэры, на якую прэтэндаваў Сьнягір.
Адметна, што раней усе трое судзьдзяў адзначыліся ўдзелам у палітычных справах супраць апазыцыйных актывістаў.
Аўтар наступнага ліста — наш даўні слухач і аўтар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну — паведамляе пра тое, як успрынялі апошнія гучныя выкрыцьці яго знаёмыя і сябры. Ён піша:
“Яшчэ некалькі год таму пасьля такога спэктаклю прыхільнікі Лукашэнкі (а іх было і застаецца нямала) казалі з захапленьнем: “Вось маладзец “Бацька”, сячэ галовы начальнікам!” Цяпер часьцей можна пачуць іншае: “А што, побач зь ім сядзяць не такія ж? У іх палацы пад Менскам іншыя? Чаму ён іх не чапае?”
Уся гэтая гісторыя з карупцыяй — наступства той сыстэмы, якую сам жа Лукашэнка і стварыў.
Калі ён ішоў да ўлады, дык здолеў завабіць на свой бок самыя бедныя слаі насельніцтва — найперш пэнсіянэраў і людзей зь нізкімі даходамі. Ён многае ім паабяцаў, і людзі яму паверылі.
А калі дамогся свайго, дык стаў абапірацца на самую верхнюю праслойку грамадзтва — кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, “сілавікоў”, “вэртыкальшчыкаў”,— піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з Радашкавічаў. — Тут ён ужо не абяцаў, а проста даў ім магчымасьць цудоўна жыць. А ўзамен яны павінны былі трымаць увесь просты люд у кулаку, у зародку спыняючы любыя праявы незадавальненьня і пратэсту, а таксама забясьпечваць патрэбныя вынікі на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах. Для гэтага ім была дадзена эфэктыўная зброя — кантрактная сыстэма.
Кіроўная эліта, адчуўшы ўсёдазволенасьць, пачала будаваць сабе такія замкі, што той катэдж Старавойтава, які ў свой час паказвалі па тэлебачаньні як прыклад разбэшчанасьці кебічаўскіх начальнікаў, выглядае проста куратнікам. І замкі ды шыкоўныя машыны — гэта толькі бачная частка айсбэрга. А дзе кіроўная эліта адпачывае, дзе лечыцца, дзе вучыць сваіх дзяцей? Даходзіць да таго, што нават абслуга ў шмат каго зь іх бясплатная: пакаёўкі ды лёкаі атрымліваюць заробак на прадпрыемстве, якім кіруе высокапастаўлены гаспадар-магнат.
Выснова з усяго гэтага адна: Лукашэнка, які ўзьляцеў на хвалі барацьбы з карупцыяй, так на вяршыні гэтай хвалі і застаецца. Вось толькі ніякай барацьбы зь ёй ён больш не вядзе”, — гэтак лічыць Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.
На працягу апошніх гадоў, дзякуючы спрыяльнай зьнешняй каньюнктуры, беларуская эканоміка расла шпаркімі тэмпамі. І багацелі дзякуючы гэтаму ня толькі начальнікі (хоць рэальны ўзровень іхнага дабрабыту асабліва кідаецца ў вочы). Расьлі заробкі і ў большасьці шараговых работнікаў. Гэта заўважна хоць бы па колькасьці аўтамашын на беларускіх дарогах альбо па новабудоўлях у беларускіх гарадах: дзясяткі тысяч кватэраў у панэльных дамах будуюцца зусім не для эліты.
Але “заможныя”, “тлустыя” гады, відавочна, мінулі. Заробкі больш не растуць, вытворчасьць падае, рабочыя месцы скарачаюцца. Атрымаць крэдыт у банку на будаўніцтва кватэры альбо на новую машыну амаль немагчыма. І ў той жа час зьбяднелы люд бачыць, у якой раскошы купаюцца так званыя “слугі народу”. Такое раздражненьне, калі яно набудзе масавыя маштабы, надзвычай небясьпечнае для аўтарытарнай улады. І сама ўлада гэта падсьвядома адчувае.
Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну апісвае рэаліі сёньняшняй беларускай вёскі. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:
“Наглядзеўшыся беларускага тэлебачаньня, я, ахоплены гонарам за посьпехі нашай маладой дзяржавы і асабліва яе сельскай гаспадаркі, пайшоў у калгас — прасіць трактар, каб прывезьці дровы. І пачалі калгасныя начальнікі пасылаць мяне ад аднаго да другога. Хадзіў цэлы тыдзень — дзень у дзень. То трактара няма, то прычэпа, то трактарыста... Так маё захапленьне нашай сыстэмай спакваля і скончылася. Пасьля гэтага БТ у нашай сям’і ўжо ніхто не глядзіць.
За саветамі ўсё ж лепш было. У калгасе налічвалася каля 50 трактараў і машын. Куды яны ўсе падзеліся? Атрымліваецца, усё расьцягнулі?
Пачытаеш нашу Канстытуцыю — кожнаму чалавеку нібыта гарантавана права на дастойнае існаваньне, на годны ўзровень жыцьця. А што на самой справе? Усё зусім інакш. І навошта нам такая ўлада і такі закон, якія ня могуць забясьпечыць упэўненасьці ў сваіх сілах, у заўтрашнім дні?
Усе бачылі, якім чынам праводзілі ў нас так званыя “выбары” ў Палату прадстаўнікоў. І з такімі “дэпутатамі” Лукашэнка хоча правесьці лібэралізацыю грамадзкага жыцьця?
А воля народу да пераменаў, лічу, ужо сасьпела. Трэба толькі растлумачыць кожнаму выбарцу, дзе белае, а дзе чорнае. Тады працэнтаў 60 абавязкова прагаласуюць за дэмакратыю”, — гэтак лічыць Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну.
Найбольш пераканаўчы аргумэнт для большасьці людзей — усё ж не чужыя словы, якімі б даходлівымі і абгрунтаванымі яны ні былі, а — уласны досьвед, штодзённыя жыцьцёвыя рэаліі. Вось вы, спадар Кляноўскі, пахадзілі тыдзень па начальніцкіх кабінэтах, выпрошваючы трактар — і які прапагандыст здольны цяпер пераканаць вас у тым, што калгасная сыстэма — самая прагрэсіўная і найбольш адпаведная патрэбам вясковага чалавека?
На заканчэньне — фрагмэнт зь вершаванага ліста нашага слухача і аўтара, удзельніка вайны Фелікса Шкірманкова са Слаўгарада. Ён наступным чынам апісвае сваё стаўленьне да цяперашняй улады:
“Чаму на душы ў мяне неспакойна,
Трывога няспынна цмокам гняце?
Таму што нахабна і непрыстойна
Сёньня ўлада паводзіць сябе.
Чым перад ёй, хачу знаць, правініўся?
Якую, калі я ёй шкоду зрабіў?
Можа, што лёкаем я не схіліўся
І ў Саюз, дзе Гілевіч, уступіў?
Пэўна, за гэта яна перашкоды
Робіць, узьвёўшы між намі сьцяну?
Але ўсё адно я зь нейкай нагоды
Людзям, што думаю, тое кажу...”, — гэта былі вершаваныя радкі зь ліста Фелікса Шкірманкова са Слаўгарада. Ён таксама піша:
“Тыя з маіх вершаў, што гучалі ў свой час па “Свабодзе”, мелі станоўчыя водгукі. Іх выказвалі пры сустрэчах і знаёмыя, і незнаёмыя мне людзі. Былі і тэлефонныя падзякі. Гэта — сьведчаньне таго, што “Радыё Свабода” даходзіць да людзей і працуе на карысьць нашай Бацькаўшчыны”.
Дзякуй, спадар Шкірманкоў, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by