Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пахаваньне праекту “саюзнай дзяржавы”?


Belarus -- Russian and Belarusian flags on the Minsk street, 23Mar2007
Belarus -- Russian and Belarusian flags on the Minsk street, 23Mar2007
Якія прычыны прывялі да зрыву сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі? Наколькі прынцыповыя цяперашнія рознагалосьсі паміж двума бакамі? Як далей могуць разьвівацца адносіны паміж Масквой і Менскам? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза Свабоды” зь Менску — палітоляг Віталь Сіліцкі, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Заплянаванае на 1 сьнежня пасяджэньне вышэйшай Дзяржрады так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, у рамках якога ў Маскву меўся прыляцець Аляксандар Лукашэнка, не адбылося. Цяпер абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў зрыве сустрэчы і нежаданьні ісьці на канкрэтныя інтэграцыйныя крокі. Што стала галоўнай прычынай зрыву сустрэчы, што прывяло да гэтай скандальнай сытуацыі, на вашу думку?”


“Ад Лукашэнкі запатрабавалі вызначыцца”

Кірыл Коктыш
Коктыш: “Як мне здаецца, беларускі бок не назваў сваімі імёнамі тыя праблемы, якія варта вырашыць. Гэта стабілізацыя беларускай эканомікі і пытаньне ўмоваў, на якіх можна атрымаць далейшую частку расейскага крэдыту. Беларускі бок у падрыхтоўцы сустрэчы зноў імкнуўся палітызаваць гэтыя пытаньні, ператварыць у торг прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, ператварыць у торг Канстытуцыйны Акт і магчымае ўвядзеньне адзінай валюты. Карацей, увесь „джэнтэльмэнскі набор“ Менску, які звычайна і прапаноўваецца. Гэтым разам гэта не спрацавала…”

Цыганкоў: “Абодва бакі звыкла абвінавачваюць адзін аднаго ў нежаданьні ісьці на рэальныя крокі. Каму зараз больш патрэбная інтэграцыйная ідэя — калі яна яшчэ камусьці патрэбная?”

Коктыш: “Пытаньне ў тым, што разумець пад інтэграцыяй. Дагэтуль разуменьне гэтага працэсу з абодвух бакоў было вельмі розным і цяжка сумяшчальным. Беларусь разумее пад інтэграцыяй нейкае палітычнае адзінства, найперш на ўзроўні рыторыкі, а Расея — агульную эканамічную супольнасьць. Сапраўды, гэта розныя бачаньні, і іх вельмі цяжка сумясьціць”.

Цыганкоў: “Віталь, дзе тыя галоўныя пункты сутыкненьня, якія прывялі да скандальнай сытуацыі?”

Сіліцкі: “Галоўным пунктам стала тое, што ад Лукашэнкі запатрабавалі вызначыцца.
Тут размова ня толькі пра адзіную валюту, але і пра ўвесь комплекс таго, што гарантавала б поўнае падпарадкаваньне Беларусі
Тут размова ня толькі пра адзіную валюту, але і пра ўвесь комплекс таго, што гарантавала б поўнае падпарадкаваньне Беларусі, у тым ліку і Канстытуцыйны Акт. Але Менск зацягваў прыняцьцё ключавых рашэньняў, бо ніколі і ня думаў вызначацца па іх.

Зараз зьмяніліся правілы гульні з боку Расеі — то бок па ўсім комплексе саюзных дамоўленасьцяў ад Лукашэнкі запатрабавалі больш яснага адказу. Адказу зноў няма, і таму я думаю, што мы пачынаем прысутнічаць на пахаваньні праекту інстытуцыйнага фантому над назвай “саюзная дзяржава”.

Цыганкоў: “Як тады патлумачыць тыя заявы Лукашэнкі, што гэтае паседжаньне можа стаць эпахальным для абодвух народаў, што там будуць прынятыя кардынальныя рашэньні? Гэта чыстая дэмагогія ці за гэтым нешта стаяла?”

Сіліцкі: “Адна справа — піяр, іншая — рэальныя рэчы. Прынамсі ад расейскіх аналітыкаў, набліжаных да ўлады, на канфэрэнцыі ў Кіеве, якую праводзіў Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, прагучала, што насамрэч беларускі бок максымальна адцягваў вырашэньне стратэгічных пытаньняў”.


“Эканамічная інтэграцыя для Беларусі найменш пажаданая”

Цыганкоў: “Словы пра пахаваньне саюзнай дзяржавы гучаць даўно — кожная сутычка кіраўнікоў Расеі і Беларусі давала для гэтага падставы. Але ці ёсьць сёньня больш, чым раней, падставаў казаць пра тое, што гэты праект перажывае ня лепшыя часы?”

Коктыш: “Гульня ідзе за тое, які бок першым пачне дэмантаваць саюзныя дамоўленасьці. Варта адзначыць, што ўсе палітычныя праекты прапаноўваў заўжды
Браць на сябе адказнасьць дэнансаваць саюзную дамоўленасьць ніхто ня важыцца
Менск — ён імкнуўся імі гандляваць у абмен на атрыманьне рэсурсаў. Расея ж прапаноўвала пераважна эканамічную інтэграцыю. Але браць на сябе адказнасьць дэнансаваць саюзную дамоўленасьць ніхто ня важыцца”.

Цыганкоў: “А навошта рабіць такія радыкальныя крокі? Чаму ня можа ўсё ісьці, як ішло? Чаму вы лічыце, што хтосьці мусіць зрабіць такі крок?”

Коктыш: “Бо такая дамоўленасьць далей ня можа працаваць. Да 2003 году яна працавала паводле формулы “расейскія рэсурсы ў абмен на беларускую рыторыку”. Гэта можа дзейнічаць да нейкай мяжы — потым трэба нешта вырашаць. Расеяй былі прапанаваныя і даволі мяккія варыянты — “пакінем убаку палітычную інтэграцыю і будзем дзейнічаць, як у Эўразьвязе, пачынаючы з саюзу вугалю і сталі”. Але Менск са зразумелых прычын адхіліў гэта, бо беларуская эканоміка функцыянуе паводле іншых законаў, чым расейская. Эканамічная інтэграцыя для беларускага боку найменш пажаданая.

Таму ранейшая формула далей працаваць не магла. І трэба было нешта рашаць — альбо ў бок палітычнай інтэграцыі, альбо ў бок эканамічнай, альбо забыцца на старое і прапанаваць нешта іншае”.

Цыганкоў: “Чаму цяперашняя сытуацыя зь вялацякучай інтэграцыяй ня можа працягвацца і далей?”

Віталь Сіліцкі
Сіліцкі: “Пагаджуся са спадаром Коктышам, што палітычныя праекты вылучаў беларускі бок, але нагадаю, што прапанова аб уваходзе Беларусі ў склад Расеі прагучала ў 2002 годзе з вуснаў Пуціна. Безумоўна, што гэты фантом, які прыдумалі Лукашэнка і Ельцын, Расеі замінаў, але існаваў, бо разглядаўся ў Крамлі як нейкая стадыя на шляху падпарадкаваньня і паглынаньня Беларусі.

Цяпер усё залежыць ад палітычнай волі з боку Расеі — ці гатовыя яны пайсьці на скасаваньне гэтага фантому. Сам Лукашэнка наўрад ці будзе вызначацца. Яму так добра жылося ў гэтых дамовах, што яму цяжка будзе самому іх зруйнаваць. І калі ставяцца прынцыповыя пытаньні з боку Крамля, Менск становіцца перад неабходнасьцю выбару.

Вар’яцтва “саюзнай дзяржавы” трэба разабраць і замяніць яго нармальнымі цывілізаванымі адносінамі
Я згодны са спадаром Коктышам, што гэтае вар’яцтва “саюзнай дзяржавы” трэба разабраць і замяніць яго нармальнымі цывілізаванымі адносінамі. Прыняцьцю рашэньня з боку Масквы спрыяе і тое, што Лукашэнка атрымаў імідж не зусім надзейнага партнэра пасьля грузіна-асэтынскага канфлікту.

Нічога страшнага ня здарыцца пасьля скасаваньня саюзнай дзяржавы. Адносіны Беларусі і Расеі вельмі грунтоўна інстытуцыяналізаваныя, падпісана шмат дамоваў ва ўсіх галінах жыцьця. Таму, калі зносіцца канструкцыя “саюзнай дзяржавы”, — ніякай рэвалюцыі не адбываецца, ёсьць рамкі для цывілізаванага існаваньня па ўсіх кірунках”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG