Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дайшлі да бартэру з Сырыяй?


Працягваецца візыт у Менск прэм’ер-міністра Сырыі Мухамэда Наджы аль-Атры. Паводле беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага, Сырыя – ключавы партнэр Беларусі на Блізкім Усходзе і ў арабскім сьвеце ў цэлым, а гэты візыт закладзе падмурак для візыту прэзыдэнта Сырыі ў Беларусь.

Прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі пасьля перамоваў заявіў, што Беларусь і Сырыя дамовіліся пра ўзаемныя пастаўкі дызпаліва і фасфатнай сыравіны. Яны будуць ажыцьцяўляцца на кампэнсацыйнай аснове. Беларусь пераарыентуе частку экспартных патокаў дызэльнага паліва на Сырыю. А Сырыя з свайго боку забясьпечыць пастаўкі фасфатнай сыравіны для Беларусі. Паводле прэм'ер-міністра Сырыі, рэалізацыя гэтага праекту дазволіць арганізаваць абмен неабходнымі таварамі.

Абедзьве краіны маюць намер пачаць кампэнсацыйныя пастаўкі і іншых тавараў. Да прыкладу, мяняць гарачакачаныя трубы Беларускага мэталюргічнага заводу на сырыйскі алюмінь і бавоўну. У прэсавай службе Савету міністраў не патлумачылі, ці азначае гэта абяцанае Сідорскім вяртаньне да бартэру.

“Безумоўна, гэта бартэр, – лічыць кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. – Клірынгавыя разьлікі, якія могуць быць паміж краінамі. Мы вяртаемся да 1990-х гадоў, калі бартэр быў вельмі папулярнай формай разьлікаў, бо плацежная сыстэма проста не працавала. І мы дажыліся да таго, што пакрысе вяртаемся да гэтага. Гэта сьведчыць пра адкат ад цывілізацыйных стандартаў, да якіх мы наблізіліся ў апошнія сем гадоў у манэтарнай сфэры”.

Паводле спадара Раманчука, не даводзіцца казаць, што арабскі фактар наагул дапаможа выйсьці з крызісу гандлёвага і плацежнага балянсу:

“Сырыя такі партнэр: адно, што гавораць, і другое, што ёсьць у сапраўднасьці. Сырыя можа быць нашым добрым партнэрам у дачыненьні да гандлю зброяй і іншымі рэчамі. Каб гэта ўсё прыкрыць, трэба нейкі кантракт заключыць. Я не выключаю і такога разьвіцьця сытуацыі. Але казаць, што Сырыя нейкім чынам мае вялікі ўплыў на гандаль Беларусі, не даводзіцца. Бо нават у сьпісе 20-ці найбольшых гандлёвых партнэраў Беларусі Сырыі я ня памятаю”.

Для афіцыйнага Менску, як і раней, арабскі вэктар застаецца вельмі ажыўленым. Нядаўна ў Менску пабываў лідэр лібійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі. Чакаецца візыт прэзыдэнта Сырыі. Аднак палітоляг Віталь Сіліцкі адзначае, што Беларусі да прарыву з ізаляцыі яшчэ далёка:

“Мы ўвесь час на праспэкце Незалежнасьці бачым то сырыйскія, то лібійскія сьцягі. А вось сьцягоў францускіх, нямецкіх ці польскіх нам на гэтым праспэкце пэўна яшчэ чакаць даўгавата”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG