Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Будзе росквіт шэрых схемаў”


У Беларусі згодна з пастановай №165 Нацыянальнага банку забаронена перадаплата за пастаўкі імпартных тавараў. Міністэрства гандлю падрыхтавала пералік імпартных тавараў, зьнікненьне якіх, на думку беларускіх чыноўнікаў, “ня зробіць прыкметнага ўплыву на спажывецкі рынак краіны”. Паменшыць аб’ёмы імпартных закупак некаторых тавараў напалову плянуецца ўжо ў лістападзе – сьнежні.

У пераліку некрытычнага імпарту – 16 відаў харчовых тавараў і 15 прамысловых. З харчовых тавараў у чорны сьпіс трапілі сыры, тварог, масла, ёгурты, маянэз, чакаляда, марозіва, кандытарскія вырабы, піва, безалькагольныя напоі. З прамысловых – тэлевізары, мэбля, дываны, бялізна, сумкі, некаторыя віды будаўнічых матэрыялаў ды іншыя. Да чаго могуць прывесьці такія захады, разважае адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў:

“Абмежаваньні падчас крызісу могуць выклікаць таварны голад, узмацніць хвалю гэтага крызісу. Не на карысьць гэтыя забароны падчас крызісу. Бо ўсё адно ёсьць схемы праз оф-шоры ў імпартэраў, я ведаю. Росквіт шэрых схемаў будзе, паставак, закупак і пераліку валюты. Гэта можа выклікаць часовае спыненьне паставак тавараў і таварны голад. То бок гэта яшчэ адзін віток у крызіс”.

Паводле задумы беларускіх чыноўнікаў, гэтыя захады павінны захаваць у краіне валюту і разладаваць сховішчы і склады, затавараныя беларускай прадукцыяй. Міністэрства гандлю паставіла перад вытворцамі, мясцовымі ўпраўленьнямі гандлю задачу напоўніць крамы “усёй без выключэньня намэнклятурай тавараў, што вырабляюцца ў краіне”. Прафэсар Аляксандар Патупа выказаў такое меркаваньне:

“Прыблізна па гэтай схеме будавалася савецкая эканоміка. Тады ўжо дакладна куплялі ўсё айчыннае. Але ўсе стаялі ў чэргах па імпарт. Даставалася ўсё “з-пад крыса”. Усё адно імпарт завозіўся. То бок гэта пачынае стымуляваць усялякія чорныя і шэрыя схемы. На мой погляд, гэтыя захады вельмі дзіўныя. Па сутнасьці гэта антырынкавы ход”.

Што да так званых “чорных” і “шэрых” схемаў, іх будуць шукаць і, хутчэй за ўсё, знойдуць. Ізноў жа гэта адаб’ецца на цэнах. І пацярпяць ня дробныя прадпрымальнікі, а буйныя імпартэры, лічыць прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка:

“Нашыя прадпрымальнікі, якія плацяць адзіны падатак, ня могуць зарабляць такіх шалёных грошай – кажу, каб гэта ведала Міністэрства гандлю. Такія захады, што можна вывозіць валюту толькі пад іхны сьпіс, зь іхнага дазволу, павінны больш цікавіць вялікіх імпартэраў, якія зарабляюць на імпарце вельмі шмат. Тыя самыя аптовыя базы, якія могуць гандляваць вялікімі партыямі вопраткі, касмэтыкі. Гэта не закране прадпрымальнікаў, што сплачваюць адзіны падатак. Гэта закране вялікіх карумпаваных імпартэраў. Яны ўжо змагаюцца самі паміж сабой”.

У сераду ў “Жывым журнале” зьявіліся прыклады, як мясцовыя ўлады пачалі дзейнічаць: у Полацку ў супэрмаркеце “Дыяніс” з паліц ужо зьнялі імпартныя тавары. Прыбралі расейскія маянэзы, замест імпартных сокаў у “тэтрапаках” зьявіліся трохлітровыя слоікі з айчыннымі сокамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG