Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі дэвальвуюць беларускі рубель?


Расея ўжо пералічыла Беларусі адзін мільярд даляраў крэдыту, а місія Міжнароднага валютнага фонду працягвае перамовы зь Менскам аб выдзяленьні крэдыту на два мільярды даляраў.


Як гэтыя пазыкі могуць паўплываць на фінансавую сыстэму Беларусі ва ўмовах крызісу.

Спачатку пра ролю тых грошай, якія ўжо дайшлі да Беларусі. Што такое адзін мільярд даляраў у цяперашніх умовах? Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку краіны, тлумачыць:

“Для нашай краіны гэта вялікія грошы. Іх можна параўнаць з гадавым бюджэтам адной з абласьцей”.

Станіслаў Багданкевіч
Прафэсар Багданкевіч кажа: вельмі многае залежыць ад таго, як будуць выкарыстоўвацца пазычаныя грошы:

“Гэта — рэзэрвы. І калі б гэтыя грошы пайшлі ў рэзэрвы, было б добра. Але ж яны пойдуць на аплату газу і нафты, якія паступаюць з Расеі”.

Анатоль Драздоў, кіраўнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку, кажа, што Беларусь своечасова паклапацілася пра свой золатавалютны запас:

“Вельмі добра, што мы гэта зрабілі. Калі вы памятаеце, напрыканцы сакавіка 2007 году ў нас было меней за 1 мільярд 700 мільёнаў даляраў ЗША ў рэзэрве. А сёлета ў жніўні — ужо 5,7 мільярда. То бок павелічэньне ў тры разы. А калі б мы гэтага не зрабілі і з тымі грашыма ўвайшлі ў цяперашнюю сытуацыю? Што было б тады?

Але зноў жа — 5 мільярдаў для такой краіны як Беларусь, гэта — мала. І такая задача была пастаўленая — зрабіць запас у 10 мільярдаў. Але мы проста не пасьпелі”.

Станіслаў Багданкевіч кажа, што спадзявацца толькі на крэдыты нельга. І называе наступныя лічбы: яшчэ паўтара года таму запазычанасьць усёй эканомікі Беларусі складала 6 мільярдаў даляраў, а сёлета — ужо 14 мільярдаў. Гэта адбываецца таму, што Беларусь закупляе больш, чым прадае, тлумачыць прафэсар:

“У нас імпарт перавышае экспарт на велізарную велічыню — у некалькі мільярдаў даляраў”.

І ўсё ідзе да таго, што дэфіцыт зьнешняга гандлю Беларусі будзе павялічвацца. Замежныя пакупнікі з розных прычынаў ужо ня могуць купляць столькі беларускіх тавараў. Прыкладам, сёньня на прэсавай канфэрэнцыі першы сакратар амбасады Латвіі ў Беларусі Дайніс Фрэйманіс паведаміў, што транзыт беларускіх калійных угнаеньняў праз вэнтсьпілскі порт скараціўся. А адзін з маіх калег, які тыдзень таму вярнуўся з Латвіі, сказаў, што ў порце яму назвалі наступныя лічбы: летась тут загрузілі 500 тысяч тон угнаеньняў для ЗША, а сёлета — толькі 150 тысяч тон.

Прафэсар Багданкевіч лічыць, што зьмяншаць дэфіцыт трэба праз дэвальвацыю беларускага рубля:

“У сьвеце, калі зьнешні гандаль незбалянсаваны, урад заўжды намагаецца зрабіць выгадным экспарт і нявыгадным імпарт. Дык вось, дэвальвацыя нацыянальнай валюты заўжды вядзе да таго, што экспарт становіцца для прадпрыемстваў краіны выгадным, а імпарт робіцца менш выгадным”.
МВФ: Беларусь павінна на 20 адсоткаў зьменшыць курс беларускага рубля

Дарэчы, сёньня давялося пачуць, што менавіта адмова беларускага боку ад дэвальвацыі рубля прыводзіць да затрымкі перамоваў зь місіяй Міжнароднага валютнага фонду. Прадстаўнікі МВФ лічаць: Беларусь павінна на 20 адсоткаў зьменшыць курс беларускага рубля. Беларускія перамоўнікі з гэтым не пагаджаюцца. Таму перамовы, якія павінны былі скончыцца яшчэ 6 лістапада, усё яшчэ працягваюцца.

Чаму перамовы зацягнуліся? Анатоль Драздоў на гэтае пытаньне адказвае так:

“МВФ — гэта арганізацыя даўняя. І калі да іх зьвяртаюцца па крэдыт, яны выстаўляюць практычна аднолькавыя патрабаваньні да ўсіх краінаў. І часта яны ня ўлічваюць спэцыфіку эканомікі той ці іншай краіны. Натуральна, што мы спрачаемся, даводзім, што тая ці іншая мера, якой яны просяць, можа для нашай эканомікі стаць неадпаведнай”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG