Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпарт у Беларусь можа значна зьменшыцца


Ад суботы, 15 лістапада, пачала дзейнічаць пастанова Нацыянальнага банку Беларусі № 165. Яна забараняе папярэднюю аплату імпартнай прадукцыі, якая паступае ў Беларусь.


Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі Анатоль Драздоў тлумачыць неабходнасьць забароны тым, што замежнікі просяць у беларускіх прадпрыемстваў адтэрміноўку ад плацяжоў. Прычым адтэрміноўку значную — ад аднаго месяца да шасьці. А ад прадпрыемстваў патрабуюць папярэдняй аплаты:

“Атрымліваецца так, што небагатая Беларусь павінна ўсімі сваімі фінансавымі рэсурсамі памагаць краінам — нашым гандлёвым партнэрам выходзіць з эканамічнага крызысу. Паколькі патрабаваньні гучаць ультыматыўна, нашыя прадпрыемствы мусяць пагаджацца. І яны ідуць альбо на нябіржавы рынак, альбо на біржу і купляюць валюту.

З увядзеньнем гэтай забароны ў прадпрыемстваў зьяўляецца магчымасьць сказаць сваім гандлёвым партнэрам: выбачайце, папярэднюю аплату зрабіць ня можам — уведзеная наўпроставая забарона”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук бачыць для такой забароны зусім іншую прычыну:

“Гэта абмежаваньне бягучага рахунку, што сьведчыць пра безумоўнае напружаньне ў сыстэме плацяжоў краіны. Гэта, па сутнасьці, прызнаньне велізарнага ўплыву ўсясьветнага фінансавага крызысу на Беларусь”.

Дарэчы, забарону на папярэднюю аплату імпартнай прадукцыі яшчэ раней за Беларусь увяла Ўкраіна. Аглядальнік “Беларускай эканамічнай газэты” Аляксандар Герасіменка цьвердзіць: пасьля гэтага шмат якія беларускія прадпрыемствы вымушаныя былі спыніць адгрузку сваіх тавараў краіне-суседцы. І ён непакоіцца: ці не паўторыцца такая ж сытуацыя і ў Беларусі, ці не парушыцца каапэрацыя беларускіх і замежных прадпрыемстваў?

Васіль Шлындзікаў — былы генэральны дырэктар аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі, канцэрну “Амкадор”:

“Усе гэтыя абмежаваньні — яны не натуральныя для нармальнай эканомікі. І тут сапраўды ёсьць праблема: там забарона і тут забарона. Баюся, што можа цалкам паралізавацца гандаль з той жа Ўкраінай. І гэта будзе проста кашмар для тых, хто працуе з Украінай.

А з тымі краінамі, дзе такой забароны няма, праца будзе працягвацца. Але толькі на ўмовах узаемнага даверу, які склаўся за нейкі час. Аднак на новага партнэра ўжо ня выйдзеш. І калі ёсьць хоць найменшы сумнеў у надзейнасьці партнэра, зьдзелкі спыняцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG