Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэформы, якія не перакуляць уладны човен


Аляксандар Лукашэнка на ўчорашняй сустрэчы з актывам Віцебскай вобласьці заявіў, што лічыць неабходным лібэралізаваць усе сфэры жыцьця. У прыватнасьці, кіраўнік дзяржавы сказаў: “Абараняць права людзей на прыстойны заробак, на тое, каб свабодна жыць і гаварыць тое, што чалавек думае, — вось галоўная задача прэзыдэнта. Пра гэта ўсе мы павінны памятаць”.


Палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш лічыць, што гэтыя словы — адлюстраваньне тэндэнцыі апошніх часоў:

“І эканамічныя, і палітычныя абставіны вымушаюць нашу ўладу шукаць паразуменьня з “навакольным асяродзьдзем”. І ня толькі на Ўсходзе, але і на Захадзе. Можа, нават перадусім на Захадзе. І гэта вымушае да зьменаў у сфэры палітыкі, у сфэры правоў чалавека. Бо ўсе ведаюць, як да гэтых пытаньняў ставіцца Захад.

Нельга лічыць, што адразу ўсё адчыніцца і ўсе пытаньні, зьвязаныя з правамі чалавека, з палітычнымі працэсамі, з выбарамі будуць вырашаныя станоўча, як таго хацелі б Захад і беларуская дэмакратычная апазыцыя
І таму ўсё гэта выліваецца ў спробы знайсьці нейкія шляхі да самарэфармаваньня. Але пры гэтым гэтыя спробы абапіраюцца на абсалютна ясную тэзу — яны не павінны прывесьці да таго, каб човен перакуліўся і каб зь яго павыляталі тыя, хто гэтыя спробы ажыцьцяўляе. І таму нельга лічыць, што адразу ўсё адчыніцца і ўсе пытаньні, зьвязаныя з правамі чалавека, з палітычнымі працэсамі, з выбарамі будуць вырашаныя станоўча, як таго хацелі б Захад і беларуская дэмакратычная апазыцыя”.

Намесьнік старшыні камісіі правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і сродкаў масавай інфармацыі ў Палаце прадстаўнікоў Анатоль Глаз сказаў “Свабодзе”, што, на ягоную думку, “учорашнія выказваньні прэзыдэнта ня ёсьць нешта новае, гэта працяг той палітыкі, якую ён праводзіць фактычна ад самага ягонага абраньня”:

“Я падзяляю цалкам гэтае выказваньне, бо фундамэнт любой дзяржаўнай улады, фундамэнт стабільнасьці, гэта — клопат пра чалавека. Я чуў гэтыя выказваньні кіраўніка нашай дзяржавы і, наколькі іх зразумеў, асноўнае — гэта дабрабыт чалавека. Але пры падвышэньні дабрабыту нельга забывацца і пра разнастайныя правы чалавека. Гэта рэчы ўзаемазьвязаныя. Пра гэта прэзыдэнт і нагадаў.

Таму я і не лічу гэтую заяву новай. Гэта разьвіцьцё той палітыкі, якую прэзыдэнт праводзіць цягам усяго тэрміну кіраваньня нашай рэспублікай”.


Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч скептычна ставіцца да апошніх выказваньняў кіраўніка дзяржавы:

“Хлусьня і крывадушша заўсёды былі асноўнай рысай нашага прэзыдэнта. І тут ён застаўся верным сабе. Таму што ўжо большых парушэньняў, чым у нас, быць ня можа. Большага зьдзеку з моладзі, з інтэлігенцыі быць ня можа. І тут ён такое кажа. Чалавек хлусіў у сваім калгасе і хлусіць сёньня”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG