Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія апазыцыянэры просяць прытулку ў Эўропе


Віктар Падчыненкаў
Віктар Падчыненкаў

Былы кандыдат у дэпутаты, сябра АГП Віктар Падчыненкаў і яго давераная асоба падчас выбарчай кампаніі Ўладзімер Ларын зьехалі зь Беларусі, бо не маглі знайсьці працы.


Апошнім часам узмацніўся ціск на іх з боку праваахоўных органаў. За мяжой апазыцыйныя актывісты папрасілі палітычнага прытулку.

Віктар Падчыненкаў шукаў працы больш за месяц, але яму паўсюль адмаўлялі. На ўтрыманьні ў яго двое дзетак і жонка, якая таксама не працуе.

Наша радыё распавядала, як на наступны дзень пасьля выбараў дырэктар прыватнай мэблевай фірмы звольніў Віктара Падчыненкава з працы, спаслаўшыся на тое, што гэтага ад яго патрабавалі прадстаўнікі ўлады.

Уладзімер Ларын
Уладзімера Ларына звольнілі яшчэ раней, бо ён некалькі разоў быў асуджаны за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Пра тое, што яны едуць прасіць палітычнага прытулку, уцекачы прызналіся самі перад ад’ездам кіраўніку абласной арганізацыі АГП Юр’ю Істоміну.

Віктар Падчыненкаў з Антвэрпэна ўжо зьвязваўся зь сям’ёй. Ягоная жонка Яўгенія сказала, што ў Віктара пакуль усё добра. Я запытаўся яе — чаму ён наважыўся на такі крок?

Яўгенія Падчыненкава: “Мы ўжо проста стаміліся тут змагацца. Ён ніяк ня мог знайсьці нармальнай працы. Мы ўвесь час перабіваліся, летам наагул жылі напаўгалодныя. Ладна, я пакуль не магу пайсьці працаваць, бо дачка малая, а яго ж нікуды не прымалі, ён жа мэблю зьбіраў”.

Уладзімер Ларын цяпер у Амстэрдаме. У Горадні засталася жонка, яны нядаўна пабраліся шлюбам і пакуль ня маюць дзетак. Тацяна Ларына кажа, што Валодзя таксама абхадзіў увесь горад, але на працу яго так нікуды і не ўзялі. А апошнім часам пачалі мацней ціснуць праваахоўныя органы.

Тацяна Ларына: “Выклікі ў КДБ, міліцыю, нейкія тэлефанаваньні, запалохваньні...”

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін з разуменьнем успрыняў іх рашэньне зьехаць зь Беларусі, паколькі бачыў, што ягоныя калегі па партыі не маглі наладзіць тут нармальнага жыцьця для сябе й сваіх сем’яў з палітычных прычынаў.

Істомін: “У апошнія тыдні актывізаваліся супрацоўнікі праваахоўных органаў, найперш КДБ. Яны неаднаразова выклікалі й Падчыненкава, і Ларына. Я думаю, што пасьля тых размоваў, якія яны вялі праз тэлефон, хлопцы й прынялі рашэньне тэрмінова зьехаць і папрасіць палітычнага прытулку”.

Сёлета паўторна папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі актывіст беларускай апазыцыі Аляксей Шыдлоўскі. Упершыню ён рабіў такую спробу на пачатку лютага, але тады МЗС Чэхіі адмовіла Шыдлоўскаму, бо ў пашпарце ў яго была літоўская віза, больш працяглая, чым чэская. Пасьля высылкі актывіст не вяртаўся ў Беларусь, а жыў ва Ўкраіне. Гэтым разам Аляксей Шыдлоўскі спадзяецца на станоўчы вынік.

Яшчэ раней пакінуў Беларусь журналіст газэты “Народная воля” Аляксандар Сіліч. У Лёндан перабралася незалежная беларуская журналістка Вольга Бірукова. Ва Ўкраіне робіць фэрмэрам былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Ўладзімер Кудзінаў. У Польшчы цяпер жыве бізнэсовец і былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Валеры Кругавы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG