Гэта, прынамсі, акругі ў Барысаве, дзе балятаваўся Віктар Гарбачоў, у Жодзіне, дзе вылучаўся Аляксандар Валчанін, Мазыры, дзе аб’яднаныя дэмсілы прадстаўляў Леанід Арлоў.
Старшыня партыі Анатоль Лябедзька так патлумачыў “Свабодзе” гэта рашэньне:
“На канфэрэнцыі ў Вільні зрабілі рэкамэндацыю – не рабіць перапынку ў падрыхтоўцы да новых парлямэнцкіх выбараў. Таму мы вырашылі, што патрэбна падтрымаць тых былых кандыдатаў у дэпутаты, якія пасьпяхова правялі сваю выбарчую кампанію. І каб яны ўжо сёньня выкарыстоўвалі свой патэнцыял да новых парлямэнцкіх выбараў. Такога раней ніколі не рабілася. Звычайна заканчвалася кампанія, а потым усё пачыналася зноў з нулявой адзнакі. І ў лепшым выпадку дзесьці за адзін год да пачатку выбарчай кампаніі”.
Як прыклад спадар Лябедзька назваў перадвыбарную працу барысаўскага прадпрымальніка Віктара Гарбачова:
“У яго вылі назіральнікі на кожным участку, ён правёў 20 сустрэчаў на прадпрыемствах, актыўна распаўсюджваў агітацыйныя матэрыялы. І мы спадзяемся, што калі Віктар зноў вернецца да актыўнай працы з выбарнікамі, ён на наступных выбарах стане дэпутатам”.
На Палітрадзе АГП адзначалася: сярод кандыдатаў у дэпутаты было 30 партыйных прадстаўнікоў. Але фактычна толькі меншая палова зь іх правяла сваю кампанію здавальняюча.