Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя аналізуе вынікі выбараў


Сёньня ў Вільні пачалася двухдзённая канфэрэнцыя беларускай дэмакратычнай апазыцыі і экспэртаў. Зарэгістраваліся каля 100 удзельнікаў. Упершыню пасьля кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў апазыцыя сабралася ў такім шырокім складзе.

Сустаршыня Палітрады Аб'яднаных дэмсілаў Сяргей Калякін падкрэсьліў: нават паводле афіцыйных дадзеных, на апошніх парлямэнцкіх выбарах кожны шосты выбарнік галасаваў за кандыдатаў ад АДС. Насамрэч рэальны электарат дэмсілаў значна большы. І гэта, лічыць палітык, найлепшы адказ тым, хто дагэтуль цьвердзіць, што трэба было байкатаваць выбары.

Яшчэ адзін сустаршыня Палітрады, Анатоль Лябедзька так кажа пра сёньняшнюю дыскусію:

“Гэта — слова экспэртаў, пазыцыя тых, хто ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, і спроба ня столькі сказаць, хто вінаваты ў тым, што ня ўсё атрымалася, колькі спроба зрабіць аналіз і ўнесьці прапановы — з улікам таго, што гэта не апошняя выбарчая кампанія ў Беларусі”.

У якасьці экспэртаў сёньня выступалі палітоляг Аляксандар Класкоўскі, праваабаронца Алег Гулак, сацыёляг Аляксандар Сасноў, філёзаф Алесь Анціпенка ды іншыя.

Цікаўлюся ў спадара Лябедзькі, ці гучалі сёньня галасы тых, хто лічыць удзел у мінулых выбарах памылкай. У адказ чую:

“Гучалі такія заўвагі. Кола ўдзельнікаў дастаткова шырокае. Тут прысутнічаюць прадстаўнікі тых арганізацыяў і структураў, якія выступалі за байкот. У прыватнасьці, ад “Хартыі”, некаторых моладзевых арганізацыяў. Так што была мажлівасьць і гэтым людзям яшчэ раз даць сваё абгрунтаваньне кампаніі байкоту і патлумачыць, чаму яны лічаць, што яна пасьпяховая.

Аргумэнтаў за ўдзел у выбарах было значна больш. Сёньня гэта відавочна і гучала з вуснаў ня толькі палітыкаў, але і экспэртаў. Падчас дыскусіі быў такі падыход — бярэм шалі і кладзем на іх аргумэнты: станоўчыя і адмоўныя. І гэта правільны падыход. Таму і справаздача атрымалася ня толькі афарбаваная ў сьветлыя тоны, але і з крытыкай”.

А вось іншы удзельнік дыскусіі, журналіст Раман Якаўлеўскі, пакуль схіляецца да думкі, што пры такой стракатай канфігурацыі ўдзельнікаў канфэрэнцыі цяжка выходзіць на канкрэтныя вынікі:

“Я нічога новага тут яшчэ не пачуў. Пакуль ідзе толькі паўтор вядомага. Як і раней, бачу міжасабовыя, міжпартыйныя звадкі. Яны маюць месца і дагэтуль не спыняюцца. Гэта — сумна. Але што ў гэтым новага?!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG