Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь раздавала "локшыну" ад БТ


Моладзевыя актывісты Партыі БНФ правялі флэш-моб у Менску на Камароўскім рынку.


Моладзевыя актывісты партыі БНФ зладзілі флэш-моб, заклікаючы грамадзянаў не давяраць дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі. Яны раздавалі мінакам пакеты з локшынай, на якіх было напісана: “Не дазваляй вешаць сабе лапшу на вушы. Глядзі БелСат”.

Некалькі спэцназаўцаў у цывільным знаходзіліся каля цэнтральнага ўваходу ў рынак. Каб пазьбегнуць затрыманьня, удзельнікі акцыі раздавалі пакеты на вуліцы Веры Харужай.

Гаворыць Франак Вячорка:

“Лапшу на вушы ня вешайце і не глядзіце БТ. Наша сёньняшняя акцыя — супраць прапаганды, якая паходзіць з БТ. Мы за тое, каб людзі расплюшчылі вочы і глядзелі сапраўдныя мэдыі”.

Аляксандра Клімовіч дадала:

“Я ўдзельнічала ў гэтай акцыі, бо яна нестандартная і бясьпечная. Міліцыя ня можа прыдрацца, калі ты раздаеш макароны. Людзі рэагуюць, калі да іх зьвяртацца ў нестандартнай форме. Як вось гэта — несапраўдная локшына, так і БТ — несапраўднае СМІ”.

Людзі з задавальненьнем бралі пакеты, калі пераконваліся, што гэта не рэклямная кампанія.

Гаворыць Сяржук Карповіч:

“Рэакцыя цудоўная. Некаторыя нават падбягалі са сьпіны і казалі: „Дайце і мне таксама. Я супраць БТ“. Людзі спачатку думалі, што гэта рэклямная кампанія альбо гэта за грошы прадаецца. Людзі сталага веку крыху зь недаверам ставіліся. Яны ня вераць, што ў нас ёсьць нешта бясплатнае”.

Антон Койпіш падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

“Была відавочная розьніца паміж тым, калі даеш нешта і кажаш: „Частуйцеся, калі ласка“, ці кажаш: „Не глядзіце БТ, глядзіце БелСат“. Розьніца відавочная. Калі ў другім выпадку адразу бяруць з задавальненьнем, то ў першым кажуць, што такога не ядуць”.

Акцыя прайшла без затрыманьняў. Удзельнікі акцыі раздалі ўсе пакеты і сышлі. Аўтазак яшчэ каля паўгадзіны стаяў на вуліцы Чырвонай, а пасьля зьехаў.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG