Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыстэма перавыхаваньня — лягерная


Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць стварыць у кожнай вобласьці працоўныя лягеры для бацькоў-п’яніцаў, якія ня плацяць дзяржаве за ўтрыманьне сваіх дзяцей. Да чаго могуць прывесьці гэтыя намеры?


Слухачка “Свабоды” Зінаіда Радан неадкладна адрэагавала на новыя заявы Лукашэнкі. Жанчына пярэчыць прэзыдэнту:


“Рыгоравіч хоча адначасова забіць двух зайцоў”

“Рыгоравіч хоча адначасова забіць двух зайцоў. З аднаго боку, ён нарошчвае вытворчасьць гарэлкі ды прыбыткі ад яе продажу; з другога боку — змушае грамадзянаў, якія сьпіліся, утрымліваць сваіх дзяцей. Няўжо ў атачэньні Лукашэнкі няма сумленнага лекара, які б патлумачыў яму, што алькагалізм — гэта найцяжэйшае псыхічнае захворваньне і ўсялякія спробы заклікаць маргіналаў, якія сьпіліся, да захоўваньня якіх-колечы правілаў — гэта пустое марнаваньне часу”.

Працоўнымі лягерамі для перавыхаваньня нядбайных бацькоў, пра неабходнасьць якіх заявіў Аляксандар Лукашэнка, могуць стаць так званыя ЛПП — лекава-працоўныя прафілякторыі.


Сярэдні заробак у жаночым лягеры — $88

Цяпер іх у Беларусі чатыры. Мужчынскія дзейнічаюць у Наваградку, Сьветлагорску і вёсцы Шышчыцы Слуцкага раёну. Жаночы ЛПП месьціцца ў Горацкім раёне на Магілёўшчыне.

Cёньня начальнік горацкага ЛПП палкоўнік міліцыі Леанід Котаў паведаміў “Свабодзе”, што сярэднямесячны заробак пацыентаў дасягнуў 176 тысяч 800 беларускіх рублёў.

“75 працэнтаў з гэтай сумы большасьць жанчын мусяць аддаваць у якасьці аплаты за знаходжаньне іхніх непаўналетніх дзяцей у дзяржаўных установах альбо апякунскіх сем’ях, — удакладняе палкоўнік Котаў. — Калі дзіця адно і малое, то плацяць 132 тысячы рублёў. Іншыя — 190 тысяч. У асобных жа двое-трое і больш дзяцей. Ім належыць плаціць 1-1,2 мільёна рублёў. А дзе яна столькі заробіць, калі ня мае спэцыяльнасьці і досьведу?”


Магілёў: 70% доўгу на ўтрыманьне дзяцей не спагнана

У ЛПП на кожную працу даведзеныя нормы і расцэнкі. Калі норма не выконваецца, то ўжываюцца сродкі пакараньня. І менавіта на сілу прымусу ўсьлед за Лукашэнкам напіраюць начальнікі ў рэгіёнах. Факты гэтага ў Магілёве называе Андрэй Белагубаў:

На спэцыяльнай нарадзе ўчора было заяўлена, што бальшыню нядбайных бацькоў удалося працаўладкаваць, аднак спагнаць зь іх сродкі на ўтрыманьне іхных дзяцей не ўдаецца. З плянаваных амаль двух мільярдаў рублёў спагнана толькі 64%.

“Людзі такога пляну без прахадной працаваць ня будуць. Запомніце! Ім патрэбная прахадная. Вакол за ЖЭУ, на жаль, прахадных няма. Ён трымаецца адной вуліцы. Ён вакол крамы і мяце”, — казаў сваім падначаленым Віктар Шорыкаў.

Сёлета ў Магілёве 81 чалавек пазбаўлены бацькоўскіх правоў і 93 дзіцяці ўзятыя пад апеку дзяржавы. 179 даўжнікоў у вышуку. 466 дзяцей знаходзяцца ў нядобранадзейных сем’ях. 1209 чалавек штомесяц прымусова аплачваюць утрыманьне сваіх дзяцей.

Палітык і праваабаронца Тацяна Процька камэнтуе:

“Праблема гэтая сапраўды існуе. Але вырашаць яе трэба па-іншаму. Усё-ткі 21-е стагодзьдзе. Кідаць іх, як жывёлін, у лягеры нельга. Трэба вырашаць іншым шляхам. Вырашаць праз разьвіцьцё эканомікі. Каб эканоміка была на ўздыме не на паперы, а насамрэч. Каб былі працоўныя месцы. Каб людзі бачылі, што ў іх сапраўды ёсьць шанец”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG