Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Назад у 90-я, да бартэру? Можна і ў каменны век вяртацца”


belarus -- microphone, Minsk, 24Apr2008
belarus -- microphone, Minsk, 24Apr2008
Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі адзначыў, што беларускія прадпрыемствы павінны выкарыстоўваць досьвед 90-х гадоў. Наколькі могуць дапамагчы сёньняшняй эканоміцы бартэр, адкладаньне плацяжоў ды іншыя эканамічныя мэтады, уласьцівыя 90-ым гадам? Ці дапусьціць улада масавыя звальненьні, і што ў такой сытуацыі могуць зрабіць незалежныя прафсаюзы? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканаміст Леанід Злотнікаў і старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.


Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Наколькі могуць дапамагчы сёньняшняй эканоміцы бартэр, адкладаньне плацяжоў ды іншыя эканамічныя мэтады, уласьцівыя 90-ым гадам? Ці патрэбныя яны ў сёньняшняй эканамічнай сытуацыі?”


“Упершыню чую, каб кіраўнік ураду
сам быў ініцыятарам пераходу на бартэр”

Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: “Існуе шмат прычын, чаму прадпрыемствы пераходзяць на бартэр. Але я ўпершыню чую, каб кіраўнік ураду сам быў ініцыятарам такога пераходу. Прадпрыемствы пераходзяць, па-першае, з-за таго, што недахоп ліквіднасьці, не хапае грошай, таму яны павінны плаціць вялікія працэнты за пазыкі. Па-другое — гэта спроба працягнуць існаваньне неэфэктыўных прадпрыемстваў, неэфэктыўнай эканомікі. Бо немагчымасьць зарабіць грошы альбо пазычыць іх сьведчыць пра неэфэктыўнасьць тых вытворцаў, якія ня могуць абысьціся бяз бартэру”.

Цыганкоў: “Мы разважаем над макраэканамічнымі праблемамі, над тым, як крызіс адаб’ецца на беларускіх прадпрыемствах, але прадпрыемствы — гэта жывыя людзі, гэта рабочыя, інжынэры, адміністрацыйны пэрсанал. Хто найбольш безабаронны ў гэтай сытуацыі?”

Ярашук: “Вядома, найперш пацерпяць шараговыя працаўнікі. Хаця, вядома ж, будзе ня мёд і для кіраўніцтва, і для інжынэрна-тэхнічных работнікаў. Але ў такіх выпадках першымі выдаткі нясуць тыя, хто непасрэдна працуе на рабочым месцы. Будуць паніжацца заробкі, бо ня будзе адпаведнай працы. Можна прагназаваць, што магчымае й скарачэньне працоўных месцаў.

Добра ўжо тое, што на ўзроўні найвышэйшага кіраўніцтва краіны прыйшло разуменьне, што ад крызісу нікуды не падзецца, калі размова ідзе пра больш-менш адкрытую эканоміку. Бо дзіўна было чуць разважаньні, што нас гэта не кранае і ня тычыцца.

І два словы наконт бартэру. Назад у 90-я? Ведаеце, можна і ў каменны век вяртацца. Чамусьці ніводная краіна з тых, якія закрануў крызіс, не вядзе такія размовы. Вяртацца трэба да нармальнай рынкавай эканомікі, дзе маюць функцыянаваць рынкавыя інстытуты, у тым ліку тыя, якія не прадугледжваюць існаваньне стратных прадпрыемстваў”.

Цыганкоў: “Калі казаць пра бартэр, то, наколькі я разумею, гэта тая форма, якая дапускае нашмат болей парушэньняў, чым у звычайнай эканоміцы. Гэта, магчыма, больш разьвязвае рукі розным кантрольным органам.. Больш будуць трэсьці дырэктараў?”


“Наагул можа наступіць хаос”

Злотнікаў: “Цяпер таксама трасуць кіраўнікоў прадпрыемстваў, і шмат якія зь іх сядзяць у турме. Усё роўна ў нас будзе праца кантралюючым органам.

Але ня гэта галоўная страта для эканомікі, калі будзе пашырацца бартэр. Ня толькі працаўнікі страцяць, якім будуць выдаваць заробак талеркамі і яны будуць сядзець недзе, імкнуцца прадаць іх. Але страціць і ўрад — інструмэнты кіраваньня макраэканамічнай палітыкі. Гэта грашовая палітыка і падатковая палітыка. І без жывых грошай гэтыя інструмэнты страчваюцца. Тады наагул можа наступіць хаос.

Цыганкоў: “Напэўна, урад гэта разумее, і Сідорскі, магчыма, меў на ўвазе не татальны пераход на бартэр, а ўжываньне яго ў нейкіх выключных выпадках?”

Злотнікаў: “Проста немагчыма, каб уся эканоміка перайшла зараз на тавараабмен. Бо цяпер настолькі дэталёвы падзел працы ў сьвеце, што перайсьці на такія “грошы” як цэмэнт, мэтал, мяса — гэта азначае страціць эфэктыўнасьць эканомікі. Гэта вельмі нэгатыўны момант, і, як слушна адзначыў спадар Ярашук, пераход калі не ў каменны век, то ў сярэднявечча”.

Цыганкоў: “Аляксандар, вы казалі пра тое, што наступствам крызісу могуць стаць і звальненьні. Аднак прэзыдэнт Лукашэнка за гэтыя тыдні неаднаразова заяўляў, што кіраўніцтва не дапусьціць масавых звальненьняў. Але калі няма збыту прадукцыі, што будуць рабіць гэтыя лішнія рукі?”


“Будуць запатрабаваныя сапраўдныя прафсаюзы”

Ярашук: “Наўрад ці будуць масавыя звальненьні, бо тады для ўладаў узьнікае пагроза росту сацыяльнай напружанасьці. Эканамічныя праблемы пачнуць ператварацца ў палітычныя, і чым гэта скончыцца, ніхто ня ведае.

Хутчэй за ўсё, будзе тое, што зараз робіцца ўжо на МАЗе. Скасавалі трэцюю зьмену, прапаноўваюць ісьці ў адпачынак і чарговы, і за свой кошт. Мяркую, мы вернемся да стану, калі беспрацоўе будзе ня яўнае, а схаванае. Гэта, магчыма, і крыху лепш, чым масавыя звальненьні. Бо мы не хацелі б, каб яны мелі месца — мяркую, любы разумны чалавек не жадае, каб краіна з гэтым сутыкнулася. Але ў любым выпадку сацыяльная напружанасьць будзе расьці.

Што да кантралюючых органаў, то такія спэктаклі будуць разыгрывацца, каб паказаць, што нехта страціў адказнасьць і трэба падкручваць гайкі”.

Цыганкоў: “У такіх умовах ці могуць узрасьці вага і аўтарытэт незалежных прафсаюзаў? Ці яны настолькі разгромленыя, што наўрад ці людзі да іх зьвернуцца?”

Ярашук: “Крызіс і стане лякмусавай паперкай, ён праявіць адразу, ці ёсьць абаронцы правоў працоўных на прадпрыемствах ці іх няма. Пазытыў будзе ў тым, што мы можам падысьці да пэрыяду сур’ёзнага рэфармаваньня прафсаюзнага руху, зьяўленьня сапраўдных прафсаюзаў. Ці будуць яны ўваходзіць у склад Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў ці яны будуць уваходзіць у склад Фэдэрацыі — гэта ўжо ня так важна, гэта пытаньне тэхналёгіі. Але самае галоўнае, што будуць запатрабаваныя сапраўдныя прафсаюзы, абаронцы правоў працоўных”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG