Зінаіда Бандарэнка – народная артыстка Беларусі гаворыць, што яна не проста адчувае, а нават вельмі адчувае наступствы крызісу:
“Учора схадзіла ў гандлёвы цэнтар “Аэрапорт”, ён тут побач з маім домам. Мяса, ну, так падаражэла! Ды, усё літаральна – і малочныя прадукты, і сыры... Ну, а пэнсіі не павялічыліся. Заробкі, наколькі я ведаю, паднялі з 1-га верасьня толькі настаўнікам. А астатнім людзям заробкі не павысілі. Растуць заробкі толькі ў чыноўнікаў – я так лічу і не толькі я.
А што тычыцца крызісу, дык у мяне адчуваньне, што гэта толькі пачатак. Будзе горш, бо ўжо вядома, што за кватэру, энэргію, ды і іншыя паслугі трэба будзе плаціць больш. У нас жа не пытаюцца, урад робіць сваю справу – і ўсё”.
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, найперш, хвалюецца за жонку:
“Жывем мы сьціпла. А крызісы найперш адчуваюць тыя, хто жывуць багата.
Але іншае пытаньне, што жонцы трэба ісьці да стаматоляга. А ставіць пратэзы гэта даволі дарагое задавальненьне. І я баюся, што ў бліжэйшы час кошты будуць расьці. А гэта і цяпер вельмі дорага”.
Намесьніца старшыні аргкамітэту па стварэньню Беларускай партыі працы Тацяна Ваніна распавядае:
“У нас, у апазыцыі, фінансавы крызіс заўсёды, ён пажыцьцёвы. Так што ў глябальным сэнсе мне нешта цяжка сказаць. Але я адчуваю рост цэнаў – заходзіш у краму і робіцца жахліва. Я ня ведаю, наколькі рост цэнаў зьвязаны з агульным крызісам. Можа, гэта асаблівасьці нашай краіны – рост цэнаў, недахоп грошай і г.д.
Я, вось, думаю, у замежжы бэнзін танее. А ў нас цэны не зьмяняюцца. Пакуль ён па старой цане. Але чакаецца ўсё роўна падвышэньне. Усясьветныя цэны на газ таксама меншыя. А ў нас – не. Мне проста страшна думаць, што будзе ўзімку”.
Спадарыня Ваніна жыве ў Дзяржынску:
“Увесь дабрабыт у хаце залежыць ад цаны на газ. Бо ўлетку мы плацілі за газ, які пастаўляюць з Расеі, дзесьці 400 тысяч, то бок пад 200 даляраў за тысячу кубоў. Я жыву ў Дзяржынску. І ў маёй хаце стаіць кацёл, да якога падведзены прыродны газ. Ім хата і атапліваецца”.