Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі зарабляюць у міліцыі?


Спэцпадразьдзяленьне міліцыі на трэніроўцы
Спэцпадразьдзяленьне міліцыі на трэніроўцы

З пачатку лістапада павялічыліся выплаты за званьні ў міліцыі. А ці шмат увогуле зарабляюць беларускія міліцыянты? З чаго складаюцца іхнія прыбыткі?


Выплаты за званьні ў міліцыянтаў у бягучым месяцы павялічыліся ажно ў тры разы. Гэтак вырашыў урад краіны, прыняўшы адмысловую пастанову. У менскай гарадзкой міліцыі прывялі такі прыклад: за званьне сяржанта штомесяц будуць даплачваць 150 тысяч рублёў, а палкоўнік атрымае 600 тысяч, што ў пераліку — каля 300 даляраў. Гэта на дадатак да асноўнага заробку. А які ён у міліцыянта?

Маёр Алег Сьлепчанка займае пасаду намесьніка начальніка ўправы інфармацыі МУС. Зьвестак пра сябе афіцэр не хавае, хаця складнікаў не называе.

“Я па пунктах сказаць не магу, аднак агулам недзе паўтара мільёна атрымліваецца”.

Пры гэтым Алег Сьлепчанка прызнаў, што клопат пра рост заробкаў у міліцыі — справа рэгулярная.

“За мінулыя два гады сама менш раз ці нават два заробкі падымалі. Не нашмат, але падымалі”.

Аказваецца, падвышэньне выплат
За мінулыя два гады сама менш раз ці нават два заробкі падымалі.
за званьні важна і для былых міліцыянтаў, бо гэта павышае іхныя пэнсіі. Былы маёр міліцыі Анатоль Папоў са Жлобіна новую дадатковую суму яшчэ не атрымліваў, але ўжо падлічыў паводле пабачанай у ваенкамаце ведамасьці, што яна складзе больш за 200 тысяч.

“Цалкам шчыра адкажу: як пэнсіянэра, мяне падвышэньне радуе, на такую пэнсію ўжо магчыма пражыць. Але такое значнае падвышэньне я тлумачу гэтак: улада глядзіць на нас, як на тых стральцоў. Маўляў, вось вам грошы, але толькі вы бяздумна ўладу абараняйце. Улада задобрывае міліцыянтаў”.

Шараговы міліцыянт зараз атрымлівае каля мільёна рублёў, а колькі міністар унутраных спраў?

Апошні раз Уладзімер Навумаў казаў адкрыта пра свае заробкі два гады таму ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Журналістка Марына Коктыш цікавілася ня толькі прыбыткамі, але й жыльлёвымі праблемамі генэрала.

“Спыталася ў Навумава пра тое, ці дабудаваў ён свой загарадны дом? Ён адказаў, што не, бо будаўнічыя матэрыялы вельмі дарагія.
Улада глядзіць на нас, як на тых стральцоў.
Тады ж міністар паведаміў, што ўзяў крэдыт, як просты беларус, і ён агучыў суму гэтага крэдыту — каля 75 тысяч даляраў. Тады ж міністар агучыў і памер свайго заробку. Гэта каля 2 тысяч даляраў. І яшчэ паведаміў, што кожны квартал атрымлівае прэмію, і таму яму ёсьць зь якіх сродкаў гасіць гэты крэдыт”.

Ці розьняцца заробкі міліцыянтаў з розных службаў? Паводле неафіцыйных зьвестак, афіцэр менскага АМАПУ атрымлівае значна болей за тысячу даляраў, шараговец АМАПУ — каля тысячы “зялёных”. У прэсавай службе МУС гэтыя зьвесткі не камэнтуюць. Былы маёр міліцыі і палітвязень Сяргей Парсюкевіч збольшага згодны, што праца ў адмысловай міліцыі павінна аплачвацца паводле вышэйшага тарыфу.

“АМАП жа выконвае сур’ёзныя функцыі — ловіць бандытаў, рызыкуе.
АМАП жа выконвае сур’ёзныя функцыі — ловіць бандытаў, рызыкуе.
Іншая рэч, што ў Беларусі АМАП выкарыстоўваюць ня толькі як у нармальных краінах. Але дакладна я пра іхныя заробкі ня ў курсе. Вось пра ахоўнікаў турмаў ведаю, што капітан у калёніі зарабляе мільён сто — мільён дзьвесьце. Мяркую, гэта ня надта вялікія грошы, улічваючы тое, што яны сядзяць на сваёй працы суткамі”.

А як зараблялі ў міліцыі раней?

Калі Ўладзімер Казулін у 1980-х гадох прыйшоў у міліцыю служыць лейтэнантам, то меў спачатку 180 рублёў. Празь 10 гадоў звольніўся з заробкам прыблізна ў 300 даляраў. Істотнымі складнікамі прыбыткаў міліцыянта тых часоў спадар Казулін называе розныя зьніжкі і прывілеі: бясплатны праезд у гарадзкім транспарце, льготы ў квартплаце. Але самым галоўным лічылася магчымасьць хутка атрымаць кватэру. Праўда, не паўсюль.

“Я працаваў у МУС, а кватэры давалі ў райаддзелах. Бо там не хапала кадраў. Казалі, можна было атрымаць за 2—3 гады. У МУС так хутка не давалі”.

Летась у сьнежні ўступіў у дзеяньне закон аб упарадкаваньні льгот, паводле якога міліцыянтаў пазбавілі бясплатнага праезду і некаторых іншых прывілеяў. Праўда, ужо сёлета
МУС дамаглося, каб частцы міліцыянтаў выплацілі кампэнсацыю транспартных выдаткаў.
МУС дамаглося, каб частцы міліцыянтаў выплацілі кампэнсацыю транспартных выдаткаў. А як справы з кватэрамі?

Днямі бачыўся са сваім участковым, задаў яму гэтае пытаньне. Маёр паведаміў, што каторы год жыве зь сям’ёй у інтэрнаце, чарга на кватэру наблізіцца ня хутка. Ільготнага крэдыту яму, чамусьці, не даюць, а звычайны, у камэрцыйным банку, ён не пацягне: першыя раты вялікія, і адсотак немалы. Размаўляць на гэтую тэму пад запіс маёр адмовіўся.

Між тым, паводле Алега Сьлепчанкі з прэсавай службы МУС, кватэрнае пытаньне сярод міліцыянтаў хоць і зь цяжкасьцямі, але вырашаецца.

“Да адмены льгот, пачынаючы з 2003-га, шмат дамоў пабудавалі. Гэта было і карпаратыўнае жыльлё, і льготныя крэдыты. Але як зараз, мне цяжка сказаць. Ведаю, што над гэтым працуюць, і для часткі супрацоўнікаў нейкія льготы ў крэдытах зьбіраюцца пакінуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG