Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застанецца цэнтар Менску гісторыка-культурнай каштоўнасьцю?


Архітэктар Уладзімер Папруга
Архітэктар Уладзімер Папруга

Тэматычная праграма на замову грамадзкага рэдактара Ўладзімера Папругі.


Уліцёнак: На гэтым тыдні нашым грамадзкім рэдактарам быў Уладзімер Папруга. Ён архітэктар, рэстаўратар. З 1983 па 1996 год працаваў у “Белдзяржпраекце”. Навучаўся ў Рымскім міжнародным цэнтры па дасьледаваньні праблемаў аховы гісторыка-культурных аб'ектаў. Пазьней стажыраваўся ў Вэнэцыі. Чатыры гады займаўся рэстаўрацыяй шэрагу аб’ектаў Польшчы. У Менск вярнуўся з мэтай дапамагчы выратаваць гістарычны цэнтар сталіцы. Цягам тыдня мы абмяркоўвалі зь ім розныя бакі гэтай праблемы. Вось як падсумоўвае тую працу Ўладзімер Папруга:

"Пытаньні кіраваньня спадчынай зьяўляюцца вызначальнымі пры ацэнцы сытуацый, зьвязаных з абыходжаньнем і ўтрыманьнем гісторыка-культурных аб’ектаў ці ўнясеньнем істотных, драматычных у нашым выпадку зьменаў у зьмест каштоўнасьцяў у выніку аміністрацыйнага ці інвэстыцыйнага ціску. Бо менавіта гэты мэханізм “кіраваньня культурнай спадчынай” і вызначае лёс паасобных аб’ектаў.

Пытаньне аб тым, хто ці што канкрэтна “кіруе спадчынай”, а хто ці што толькі выконвае фармальныя рытуальныя абавязкі ў дадзеным працэсе, не зьяўляецца істотным па прычыне неасэнсаваньня і першымі, і другімі прыроды працэсаў, якія прыводзяць да сытуацый неверагодных з пункту гледжаньня і заканадаўства, і здаровага сэнсу, калі працэс кіраваньня спадчынай прыводзіць да яе, спадчыны, стратаў. А нарматыўна-прававая база выкарыстоўваецца як інструмэнт банальнага працэсу “плянаваньня” стратаў і згубленых магчымасьцяў.

Спроба асэнсаваць гэты працэс для наступнага прывядзеньня яго ў прававое поле Рэспублікі Беларусь – галоўная матывацыя і спадзяваньнне прадстаўленьня тэмы тыдня: ці мае гістарычны цэнтар Менску шанцы застацца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю?”


Гаспадары працэсу: афіцыйная пазыцыя

Уліцёнак: Комплекснае вырашэньне горадабудаўнічых праблемаў гістарычнага цэнтру сталіцы рэгулюе шэраг праектаў і дакумэнтаў. Сярод апошніх, напрыклад, прэзыдэнцкі ўказ ад 14 ліпеня 2004 году за нумарам 330, адпаведная пастанова Савету Міністраў, “Канцэпцыя рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Менску” і шэраг іншых дакумэнтаў. Аднак ці прытрымліваецца іх выканаўчая ўлада? Ці не вымываюцца ў рэальнай практыцы базавыя нарматыўна-прававыя высновы? Спадар Папруга, прафэсары Аладаў, Дарашкевіч, Іода, Кожар, Патаеў, Скарабагатаў, Трацэўскі, такія аўтарытэтныя навукоўцы, як спадары Конан, Кулагін, Габрусь – усяго 19 дасьведчаных у праблеме асобаў адмыслова накіравалі тры гады таму зварот да Аляксандра Лукашэнкі з аналізам крычнага стану ў захаваньні гісторыка культурнай спадчыны Менску. Падрабязныя лісты пра шматлікія парушэньні ў гэтай сфэры дасылаюцца і ў іншыя інстанцыі. Аднак насуперак відавочнаму справы ў сфэры рэгенэрацыі і разьвіцьця гістарычнага цэнтру практычна не мяняюцца. Чаму? Адказ шукала Юлія Рымашэўская.

Рымашэўская: Шмат кажуць пра тое, што ў савецкія часы архітэктурную спадчыну Беларусі наўмысна нішчылі, каб сьцерці з памяці ўсьведамленьне аўтэнтычнасьці. Але Закон аб ахове спадчыны, прыняты ў 1992 годзе, таксама мае хібы, кажа намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў:

“Калі ў старым савецкім заканадаўстве асабліва прапісвалася роля грамадзкіх арганізацый, навуковых структур, мясцовых саветаў у справе аховы архітэктурнай спадчыны, то паводле закону 1993-га года усе гэтыя пытаньні павінны вырашацца адной манапольнай структурай. Дзяржаўная інспэкцыя павінна была стаць манаполіяй, грамадзкія арганізацыі былі ўхіленыя ад удзелу ў ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Нягледзячы на гэтыя хібы, заканадаўства ўсё ж дазволіла б эфэктыўна захоўваць архітэктурную спадчыну, каб на яго зважалі, кажа Антон Астаповіч, старшыня Беларускага таварыства па ахове спадчыны:

“Трывіяльна сказаць: я папісаў на гісторыка-культурную каштоўнасьць, – мяне ўзялі і прынамсі штраф укацілі. А то, што робяцца татальныя парушэньні па лініі дзяржавы, гэта нікога не хвалюе”.

Сёньня парушэньні адбываюцца ў цэнтры Менску, кажа сп. Астаповіч:

“Там, дзе на Гарадзкі Вал выходзіць Рэвалюцыйная і Інтэрнацыянальная, зьлева ад пажарнага дэпо шматпавярховы дом будзе – ужо ўсё агароджана. А паводле заканадаўства, паводле ўсіх міжнародных мэтадалягічных дакумэнтаў у межах гісторыка-культурнай каштоўнасьці павінны праводзіцца толькі тыя будаўнічыя работы, якія падкрэсьліваюць і дапаўняюць, ці то аднаўляюць традыцыйную гістарычную пляніроўку і аб’ёмна-прасторавае вырашэньне гістарычнай забудовы. А вось вы ўявіце сабе – побач з будынкамі ў стылістыцы другой паловы 19-га стагодзьдзя шматпавярховы дом”.

Стаўленьне да гістарычных каштоўнасьцяў красамоўна ілюструюць лічбы, – даводзіць Уладзімер Дзянісаў:

“У 1990-м годзе у нас пад аховай было каля 15 тысяч помнікаў гісторыі і культуры. Цяпер у дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў – каля 5 тысяч. Каля 70% помнікаў былі зьнятыя з дзяржаўнага ўліку. Прычым зь ініцыятывы Міністэрства культуры, якое зьвярнулася ў Савет міністраў, каб былі адмененыя старыя пастановы”.

Адзін з адказных супрацоўнікаў Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі кажа: усё, што адбываецца цяпер з гістарычным цэнтрам Менску, законна:

“Сёньня рэалізуецца дэталёвы плян гістарычнага цэнтру Менска, распрацаваны “Менскпраектам” сумесна зь “Менскградам”. Гэта была вельмі вялікая работа, якая прайшла грамадзкае абмеркаваньне ў саюзе архітэктараў. І сёньня ў адпаведнасьці з гэтым дэталёвым плянам ідуць работы”.

І задае пытаньне: дзе парушэньні заканадаўства? У чым? Адказвае сп. Дзянісаў:

“Заканадаўства вельмі канкрэтна прапісвае парадак усіх работ, зьвязаных з тэрыторыямі, на якіх месьцяцца гісторыка-культурныя каштоўнасьці. На сёньняшні дзень няма комплекснага праекту рэгенэрацыі гэтай тэрыторыі. Гэта першае парушэньне закону. Па-другое, наша Міністэрства культуры ня вызначыла ахоўныя зоны гэтай тэрыторыі і ўмовы ахоўнага рэжыму гэтых тэрыторыяў. Фактычна дакумэнту няма. А безь яго любое праектаваньне, любыя работы на тэрыторыях, дзе знаходзяцца помнікі архітэктурнай спадчыны, забароненыя. Але Мінкультуры усё ўзгадняе”.

Парадокс у тым, што абараняць гісторыка-культурныя каштоўнасьці прыходзіцца ў Міністэрства культуры. Час ад часу грамадзкім арганізацыям гэта ўдаецца, кажа Антон Астаповіч:

“Кропкава – таго-сяго дамагаемся. Прынамсі, калектыўнымі намаганьнямі – у тым ліку і Таварыства, дамагліся, што ня будзе забаўляльнага комплексу, казыно ў бэрнардынскіх мурах. Самае крыўднае, што гэта кропкавыя перамогі. Праблемы застаюцца, і праблемы – вялікія. Ну, захавалі мы Бэрнардзіны... А ўсё астатняе?”

Камэнтар Ул.Папругі:

"Прычынай сёньняшніх непаразуменьняў дзейснай выканаўчай адміністрацыі што да выкананьня заканадаўства РБ ў дачыненьні да Гістарычнага цэнтра зьяўляецца факт менавіта адсутнасьці якой бы там ні было ўласнай афіцыйнай пазыцыі.

Мае месца цалкам інэрцыйны працэс, пачатак якому быў зададзены ва ўжо зусім іншую гістарычную эпоху, калі Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны проста не існавала, а канцэпцыя разьвіцьця генэральнага пляна цалкам ігнаравала наяўнасьць у Мінску Савецкім якога б там ні было гістарычнага цэнтра, які трэба ахоўваць.

Прамаўчу ўжо пра тое, што базавыя мэтадалягічныя падыходы сёньняшняй адміністрацыі ў дачыненьні да гісторыка-культурных аб’ектаў Беларусі насамрэч вынаходзіліся і распрацоўваліся ва ўжо зусім іншую гістарычную эпоху з канкрэтнай мэтаю найхутчэйшай асыміляцыі інкарпараваных у склад імпэрыі тэрыторый...

Практычна ўвесь гістарычны масіў, да якога ва ў адміністрацыі з 1795г. даходзілі рукі, меў толькі тры мажлівыя сцэнары абыходжаньня: перабудова да непазнавальнасьці, забудова іншымі аб’ектамі (Сьв.Рох у Менску, Катэдра НПМ у Магілёве, Катэдра ў Менску (два вы ў вадным) да 1996г., ці поўнае зьнішчэньне(Ратуша ў Менску ,… etc.).

Бэнэдэктынскі кляштар (на месцы сёньняшняй Генэральнай пракуратуры РБ) да і пасьля рэканструкцыі ў "ісьцінна рускі стыль"


Прыклад сёньняшняй “рэканструкцыі” Менску – жывая ілюстрацыя таго, што толькі і выключна названыя вышэй прынцыпы сёньняшнім “бамондам” ад аховы спадчыны тут і прымяняюцца. Ну а Мінкультуры, як і ў 1970-я, калі ім быў “узгоднены” знос усяго Верхняга Гораду, традыцыйна займаецца выключна “навуковым абгрунтаваньнем” гэтага балагану.

Прыклад перабудовы царквы Базыліянскага кляштара ў 19 ст.


Галоўнай праблемай ёсьць просты факт, што нарматыўна-прававая база разьвіваецца і існуе сама па сабе, ніяк не ўплываючы на мэты і задачы, якія хаатычна і бессыстэмна ставіць сама сабе выканаўчая адміністрацыя Менгарвыканкаму.

І праблема зусім не ў нібыта мэтадалягічных цяжкасьцях, як яе спрабуе падаць Мінкультуры, а ў простым і банальным невыкананьні нацыянальнай нарматыўна-прававой базы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. А таксама ў невыкананьні супрацоўнікамі пракуратуры і камітэта дзяржкантролю, якія гэтую сытуацыю адсочваюць, сваіх службовых абавязкаў. Сур’ёзная комплексная кантрольная праверка, якая рана ці позна адбудзецца, безумоўна расставіць кропкі ў гэтым пытаньні".


Рэканструкцыя 1950-х

Уліцёнак: Пасьля вызваленьня ў ліпені 1944 году Менск уяўляў даволі страшную карціну: дастаткова сказаць, што было разбурана 80% жылога фонду. Зразумела, моцна дасталася й гістарычнаму цэнтру. Цікава, дарэчы, што яшчэ ў 1942-43 гадах па замове акупацыйных уладаў быў распрацаваны праектны плян Менску, які, аднак, не ажыцьцявіўся. І вось у 1946 годзе “Белдзяржпраект” распрацаваў генэральны плян, які потым некалькі разоў карэктаваўся. Адразу ж пасьля вайны ў складзе Ўпраўленьня па справах архітэктуры пры Саўнаркаме БССР быў створаны і Аддзел аховы помнікаў, які даволі актыўна працаваў (натуральна, у межах тагачасных магчымасьцяў). Але многае з таго, што можна было аднавіць, рэстаўраваць, было страчана менавіта ў паваенны пэрыяд. Расказвае Іна Студзінская.

Студзінская: На плошчы Свабоды ў даволі добрым стане пасьля вызваленьня сталіцы захавалася гарадзкая вежа з гадзіньнікам. Аддзелам аховы помнікаў у 1949 годзе быў абвешчаны адкрыты конкурс эскізнага праекту яе рэстаўрацыі і рэканструкцыі. Быў нават выпушчаны друкаваны буклет з умовамі конкурсу, складам журы. Аднак конкурс так і не адбыўся, а вежу зьнесьлі, хаця збудаваньне былы даволі моцнае, у добрым тэхнічным стане.

Распавядае архітэктар Ігар Байцоў:

“Я нават бачыў, як яе хацелі паваліць, але не ўдавалася. Падчасалі адзін зь пілонаў і цягнулі гэтую вежу танкам з тросам”.

Архітэктар Барыс Кадушын таксама памятае, як гэты архітэктурны помнік зьнішчалі:

“Памятаю, як будучы яшчэ школьнікам другой альбо трэцяй клясы, калі я вучыўся на Рэвалюцыйнай вуліцы, гэта зьнесеная вежа ляжала на куце Рэвалюцыйнай. Яе быццам бы нейкім тросам узялі і сьцягнулі, ляжала яна так роўненька. Мне было так цікава – ляжыць такая цэлая, непашкоджаная вежа...”

Вежу з гадзіньнікам ліквідавалі, але дагэтуль так і не аднавілі.

Уліцёнак: Гістарычны цэнтар Менску ніколі і нікім сыстэмна, мэтанакіравана не дасьледаваўся, матэрыялы аб дакладнай стратыграфіі яго забудовы адсутнічаюць да сёньня. Аднак варта згадаць: у выпадку захаваньня непашкоджанага культурнага пласта, аб’ёмы нанесенай вайной і паваенным аднаўленьнем шкоды гістарычнаму цэнтру не зьяўляюцца крытычнымі для яго далейшага вывучэньня і наступнай навукова-абгрунтаванай рэгенэрацыі. Але ў выпадку паступовага зьнішчэньня сваіх аўтэнтычных гістарычных элемэнтаў, ахоўваемая законам тэрыторыя губляе якасныя характарыстыкі, у тым ліку інфармацыйны патэнцыял. Аднак менавіта гэтая тэндэнцыя з 1938 г. зьяўляецца найбольш характэрнай зьявай існаваньня гістарычнага цэнтру. Пра што, дарэчы, і сьведчыць дасьледаваньне Іны Студзінскай.

Студзінская: Дамініканскі кляштар, пабудаваны ў XVII стагодзьдзі, доўгі час быў адным з самых прыгожых храмаў і самым высокім будынкам Менску. Распавядае архітэктар Ігар Байцоў:

“Дамініканскі кляштар быў, дзе зараз Палац Рэспублікі. Яго хацелі рэстаўраваць, але потым перадумалі, разбурылі. Ён быў моцна пашкоджаны, моцна... Але было бачна, што гэта вельмі прыгожы будынак з таўшчэзнымі мурамі. Яго цяжка было разбурыць, бо моцныя сьцены, скляпеньні... Нават дзесьці я бачыў малюнак архітэктара Караля з натуры. Вельмі прыгожа ён выглядаў”.

Дамініканскі кляштар зьнесьлі ў 1953 годзе. Прычым разбурыць яго было вельмі складана. Яго ўзарвалі. У 1980-я гады Зянон Пазьняк з моладзевым аб’яднаньнем “Талака” рабіў там раскопы. Але калі распачалося будаўніцтва Палацу Рэспублікі, канчаткова зьнішчылі падземныя хады, сутарэньні кляштару. Храм так і не аднавілі.

Яшчэ пра адну страту распавядае Ігар Байцоў:

“Насупраць Дому ўраду знаходзіўся вельмі прыгожы даходны дом Кастравіцкай, чатырохпавярховы. Ён быў у вельмі добрым стане, але перашкаджаў пашыраць плошчу. І архітэктары прапанавалі яго перасунуць уздоўж вуліцы Савецкай, у бок Чырвонага касьцёлу. Але гэта было складана, прасьцей жа было разбурыць”.

Пералік таго, што страчана, можна працягваць...

Камэнтар Ул.Папругі:

"Рэканструкцыя 1950-х ня мела задачы захаваньня гістарычнага цэнтру нават на пастановачным узроўні. Выконваўся вэрдыкт 1937 г.: “Ніводны дарэвалюцыйны будынак Менску, як і яго гістарычная пляніровачная структура, ня маюць ніякіх вартасьцяў і могуць быць ліквідаваныя”, – гэта з праекту, зацьверджанага ўрадам БССР у 1938 годзе.

Увесь дыяпазон вынайдзеных у 19 ст. сродкаў у дачыненьні да гістарычнай спадчыны Беларусі пачаў прымяняцца ў нечувана масавых маштабах менавіта падчас “паваеннага аднаўленьня”.


Вул.Казьмадзям'янаўская ў 1944 г. пасьля вызваленьня, ... і шасьцю гадамі пазьней


Цудоўнае выратаваньне Верхняга Гораду – праўдзівая гісторыя 1970-х

Уліцёнак: У першыя паваенныя гады былі зьнесеныя многія будынкі гістарычнай часткі Менску паводле плянаў, распрацаваных яшчэ ў 1938 годзе. Праект 1960-гадоў, які быў зацьверджаны на вышэйшым узроўні тагачасных уладаў БССР, наагул прадугледжваў на месцы Верхняга гораду стварэньне музэю Леніну і фантаны. Старыя будынкі практычна цалкам падлягалі зносу. Аднак супраць гэтай ідэі паўстала творчая інтэлігенцыя, якая зьвярнулася непасрэдна да тагачаснага кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава.У працяг тэмы – Галіна Абакунчык.

Абакунчык: Распавядае адзін з удзельнікаў падзей, народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка:

“Мы арганізавалі групу і запрасілі Пятра Міронавіча. Ён прыехаў на плошчу, хадзіў, глядзеў і пагадзіўся, што старая частка будзе зьнішчаная дарэмна. І тады было адмененае рашэньне палітбюро пра будаўніцтва музэя. Затым прайшоў час, быў новы конкурс праектаў, цяперашні палац быў высунуты бліжэй на плошчу. І гэткім чынам Верхні горад застаўся”.

У плянах савецкіх архітэктараў 1970-80 гадоў было руйнаваньне Траецкага прадмесьця, а Аляксандраўскі сквэр з фантанам, хлопчыкам і лебедзем прадугледжвалася зачысьціць пад гіганцкую плошчу. Пад пытаньнем стаяў таксама знос цяперашняга тэатру імя Янкі Купалы. Быў зьнішчаны, а затым пад ціскам грамадзкасьці адноўлены будынак Ваньковіча, дзе зараз створаны музэй. У 1980-я гады гістарычны Менск баранілі ўжо студэнцкая моладзь і творчыя суполкі: “Талака”, “Тутэйшыя” ды “На паддашку”. Формы пратэсту і рэакцыя ўладаў таксама былі ўжо іншыя, узгадвае адзін з удзельнікаў тых падзеяў, культуроляг Сяргей Харэўскі:

“Першы прэцэдэнт бадай у гісторыі усяго Савецкага Саюзу, калі ў 1986 годзе руйнавалі будынак першага Менскага тэатру, дзе была пастаўленая опэра “Ідылія” Дуніна-Марцінкевіча. Тады выбегла моладзь стыхійна, у асноўным студэнты менскай мастацкай вучэльні, і сталі на вуліцы з расьцяжкай “Руйнуюць помнік беларускай культуры”. Гэта быў вялікі скандал, іх зьвезьлі ў міліцэйскі пастарунак, а ўнікальны помнік зруйнавалі. Што праўда, то пазьней супраць гэтых маладых людзей ніякіх рэпрэсіяў не было”.

Паводле спадара Харэўскага, пра жорсткі перасьлед пратэстоўцаў тады гаворкі не вялося ўвогуле. А будаўнічыя працы ў гістарычнай частцы Менску ўлады праводзілі з аглядкай на меркаваньне грамадзкасьці праз дыскусіі ў мэдыях, грамадзкія слуханьні і гэтак далей. Сёньня гэта ўявіць немагчыма, і кардынальна сытуацыя зьмянілася ў сярэдзіне 1990-гадоў. Тады пачалі і цалкам зруйнавалі вуліцу Дзімітрава – былую Татарскую, дзе стаялі пяць помнікаў архітэктуры. Гэткі ж лёс напаткаў вуліцу Замкавую, Гандлёвую, непазнавальна зьмененая Няміга, зруйнаваныя многія гістарычныя будынкі.

Існаваньне апошніх застаецца пад пытаньнем. Супрацьстаяць гэтаму разбурэньню грамадзкасьць ня ў стане, яго можна толькі канстатаваць, кажа кіраўнік Беларускага рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч:

“У 1970-80-гады было значна меней цынізму і хамства з боку так званых савецка-партыйных работнікаў. Тады было лягчэй знайсьці паразуменьне, што тычылася помнікаў, але таксама не заўсёды. Што гвалт адбываўся ў тыя гады, што гвалт адбываецца зараз. У гэтай сыстэме задзейнічаныя высокапастаўленыя чыноўнікі на ўсіх ўзроўнях улады. А таму прабіць гэтую сыстэму я ўжо не спадзяюся”.

Камэнтар Ул.Папругі:

"Галоўным аргумэнтам Менгарвыканкаму (мэр М.Паўлаў) зьяўляецца “навуковая аргумэнтацыя” мінкультуры – маўляў, працэс сёньняшняй “рэканструкцыі” адбываецца ў поўнай гармоніі з Законам. Не зважаючы на тую акалічнасьць, што парушаецца ня толькі “мінкультураўскія” Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” і мэтадалёгія, але й цэлы стос БНБ (Будаўнічых нормаў і правілаў), Указ Прэзыдэтна РБ 2003г. і нават рэглямэнт Менгарвыканкаму. Для спрашчэньня ўспрыняцьця адзначым, што гісторыя аналягічная выпадку з гістарычным цэнтрам у 1970-х, калі і Менгарвыканкам, і мінкультуры таксама прыгаварылі, як і сёньня, увесь Верхні Горад да зьнішчэньня. Як і сёньня – цалкам “навукова абгрунтавана”...

Цэнтар Менску пасьля вызваленьня і на праекце рэканструкцыі 1969 г. (з таго ж ракурсу) - лес на месцы гістарычнага цэнтру


Асабістае ўмяшальніцтва Машэрава тады ўратавала спадчыну, і цяпер замест “лесу” мы маем тут гісторыка-культурную каштоўнасьць 1-й найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі.

Заўважым, што Машэраву складаней было прымаць слушнае рашэньне, бо нацыянальнай нарматыўна-прававой базы ў сучасным выглядзе тады ня існавала, а Беларусь была часткаю імпэрыі, дзе ўсё вырашала Масква.

Цяпер, з пункту гледжаньня права, усё значна прасьцей. Чаму ж тады пытаньні ў дачыненьні да гісторыка-культурнай каштоўнасьцю найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі вырашаюцца “з дакладнасьцю да наадварот”?

Ці здолее “антыкарупцыйная” адміністрацыя навесьці парадак у найбольш скарумпаваным эпізодзе сёньняшняй Беларусі і закончыць вайну супраць сваёй уласнай гісторыі, якая цягнецца вось ўжо болей за 200 год? У сытуацыі неправавой дзяржавы застаецца спадзявацца толькі на наяўнасьць элемэнтарнага розуму ў найвышэйшых кіраўнікоў. Але ці адбудзецца цуд і гэтым разам?"


Ідэальны горад дае прабуксоўку

Уліцёнак: Уладзімер Папруга паспрабаваў пазмагацца з сыстэмай – ён падрыхтаваў уласны Комплексны праект рэканструкцыі, рэстаўрацыі і аднаўленьня гістарычнага цэнтру. Усю працу спадар цягам пяці гадоў рабіў адзін, а далей за “проста так”, як кажуць, прапанаваў свае ідэі на абмеркаваньне ня толькі грамадзкасьці, але й адказным за горадабудаўнічую палітыку асобам.

Галоўным аргумэнтам Папругі – любое замаруджаньне ў працэсе аднаўленьня гістарычнага цэнтру пацягне яго далейшае зьнішчэньне. Зрэшты, не вырашаюцца й іншыя надзённыя пытаньні – у прыватнасьці, транспартная праблема. Перадае Ігар Карней.

Карней: Асноўнай задачай грунтоўнай працы Ўладзімера Папругі – балянс інтарэсаў і пераадоленьне супрацьстаяньня Менску “старога” і Менску “сучаснага”. Практычным вынікам праграмы рэгенэрацыі, паводле аўтара, будзе разьвязаньне цэлага комплексу праблемаў. У прыватнасьці, стварэньне бесканфліктнай мадэлі суіснаваньня гарадоў учорашняга і сёньняшняга, якія павінны гарманічна дапаўняць, а не зьнішчальна супрацьстаяць адзін аднаму. Бо менавіта іх “рознасьць” дае магчымасьць адэкватнага прачытаньня гістарычнай глыбіні тысячагадовай гісторыі цяперашняй беларускай сталіцы.

Сёньня горадаўтваральная палітыка, паводле Папругі, базуецца на паваеннай ідэі “ідэальнага сацыялістычнага гораду”. На практыцы – гэта рэалізацыі пляну “двух дыямэтраў” з максымальнай загрузкай скрыжаваньня цяперашніх праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў.

Неэфэктыўная схема транспартнага абслугоўваньня цэнтральнай часткі з замацаваньнем за ім функцыі галоўнага транспартнага вузла – адна з асноўных праблемаў усяго папярэдняга этапу горадабудаўніцтва. І лягічным вынікам правядзеньня такой палітыкі – канчатковая страта цэнтрам характарыстык гісторыка-культурнай каштоўнасьці, дэфрагмэнтацыя цэльнасьці гістарычнай пляніровачнай структуры і пасьлядоўнае вынішчэньне яго кампанэнтаў у дыяпазоне, дэкляраваным Дзяржаўным сьпісам гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

“Калі працэс і надалей будзе разьвівацца ў характэрным мінулым дзесяцігодзьдзям інэрцыйным рэжыме, мы страцім ня толькі гістарычны цэнтар як гісторыка-культурную каштоўнасьць, але й пэрспэктыву зрабіць Менск хоць калі-небудзь прывабным для айчыннага й замежнага турызму”, – папярэджвае архітэктар.

Праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру ляжыць на сталах адказных за горадабудаўнічую палітыку чыноўнікаў у Міністэрстве культуры, Менгарвыканкаме, праектных арганізацыях. Аднойчы быў наладжаны “кансыліюм” з удзелам прадстаўнікоў згаданых ведамстваў і старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча як прадстаўніка інтарэсаў аўтара праекту.

Ня будзе грошай – ня будзе зьменаў

Пры тым, што бальшыня спэцыялістаў адзначаюць наяўнасьць у праекце “рацыянальнага зерня”, браць на ўзбраеньне праграму пакуль ніхто не сьпяшаецца. Як кажа намесьнік кіраўніка дэпартамэнту аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, найперш з-за таго, што ў праекце адсутнічае “эканамічная выкладка”:

“Там, на сотні старонак з карцінкамі, калі па сутнасьці разабрацца, прапановы ў вырашэньні транспартнай схемы, ня больш за тое...”

Карэспандэнт: “Вы маеце на ўвазе “Купалаўскі тракт”, так?”

“Ды ніякі не Купалаўскі там тракт... У мяне ўсё гэта ёсьць. Прапановы вельмі неблагія, цікавыя прапановы па вырашэньні транспартнай праблемы. Аднак прапановы – гэта адно, але прапановы павінны быць абгрунтаваныя эканамічна. Там эканамічных абгрунтаваньняў і блізка няма”.

Карэспандэнт: “Маеце на ўвазе фінансавыя выдаткі на рэалізацыю?”

“Канечне! Мы з вамі можам разважаць на любыя тэмы, але ўсё гэта будзе не рэалізавана”.

Карэспандэнт: “То бок, з эканамічнага гледзішча рэалізацыя складаная?”

“Ня ведаю, складаная ці не складаная. Наколькі мне вядома, гэта было накіравана ў Менгарвыканкам, разглядалася Камітэтам архітэктуры. Наколькі я ведаю, камітэт сур’ёзна падышоў да гэтай справы, свае меркаваньні выказваў інстытут “Менскграда”. На жаль, я не чытаў, якія заключэньні зрабілі гэтыя спэцыялісты. Але, напэўна, павінны былі б, зыходзячы са свайго прафэсійнага ўзроўню і, адпаведна, са сваёй кампэтэнцыі даць нейкае эканамічнае заключэньне, бо які б мы дакумэнт ня ўзялі – міжнародны ці нацыянальны – усё пачынаецца з эканомікі. Мы можам доўга пра ўсё гаварыць, але ня будзе грошай – усё будзе стаяць або валіцца”.

Уліцёнак: Тут дарэчы прывесьці цытату зь пісьма групы інтэлігенцыі ў рэспубліканскую пракуратуру пра сутнасьць парушэньняў у гістарычным цэнтры:

“…прынцыпова мяняецца пляніровачная структура, ляндшафт і спосаб забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасьці;
- фальсыфікуецца схема чырвоных ліній гістарычнай забудовы, у тым ліку і Нямігі;
- без адпаведных навуковых фіксацыяў і належнага вывучэньня зьнішчаюцца і страчваюцца наяўныя абсалютна ня вывучаныя элемэнты існуючай тут колісь высокашчыльнай гарадзкой гістарычнай забудовы;
- ствараецца новая горадабудаўнічая сытуацыя, якая пазбаўляе гісторыка-культурную каштоўнасьць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшую работу ў адпаведнасьці зь дзеючымі рэстаўрацыйнымі мэтодыкамі”…

Карней: Уладзімер Папруга прапануе разьвязаньне транспартнай праблемы, пераразьмеркаваўшы транзыт радыяльных накірункаў “усход-захад” і “поўнач-поўдзень”. У праекце гэта атрымала назву “Купалаўскі тракт” – праз вуліцу Янкі Купалы, з далейшай падводкай у транспартную разьвязку вуліцы Аранскай. Калідор зьяднае ўжо збудаваныя элемэнты інфраструктуры, якія трэба толькі загрузіць. Прапанаваныя два фрагмэнты: паўночны Купалаўскі тракт, які зьвязвае былую паваенную Паркавую магістраль ад вуліцы Мельнікайтэ з Траецкім прадмесьцем і з “праколам” пад вуліцай Багдановіча. Зь іншага боку, з поўдня – тэрыторыя сучаснага заводу імя Кірава, які так ці інакш будзе выносіцца.

Гістарычны цэнтар атрымае інфраструктуру, якая, з аднаго боку, атрымае “рымэйк” зьніклага гарадзкога валу, бо дазволіць разьмясьціць на сваім пэрымэтры ключавыя загрузачныя вузлы, уключна з паркінгамі, якія цяпер – адна з галоўных прычын разбурэньня аўтэнтыкі спадчыны стагодзьдзяў. У такім выпадку цалкам здымаецца неабходнасьць арганізацыі аўтаномных парковак на тэрыторыі гістарычнай каштоўнасьці, што сёньня адбываецца коштам страты старадаўніх аб’ектаў.

У праектным інстытуце “Менскграда” ніякіх падрабязнасьцяў адносна магчымага лёсу праекту Папругі таксама ня вызначылі. Гаворыць дырэктар установы Аляксандар Пятроў:

“Быў у нас праект, разглядалі мае спэцыялісты, на яго напісалі заключэньне. То бок, наша меркаваньне ў Камітэт архітэктуры мы накіравалі. Так што “Менскграда” даўным-даўно сваё заключэньне напісаў. Але тут ня толькі “Менскграда”, па-мойму, яны ў розныя арганізацыі праект накіроўвалі, нічога за астатніх сказаць не магу. Але мы напісалі адразу, як толькі да нас гэта прыйшло”.

Што напісалі канкрэтна спэцыялісты “Менскграда” на адрас Менгарвыканкама – дырэктар так і не ўдакладніў. Пры гэтым, праўда, прызнаўся, што сам праект нават ня бачыў”.

Уліцёнак: Прашу падсумаваць вынікі нашага дасьледаваньня грамадзкага рэдактара тыдня архітэктара, рэстаўратара Ўладзімера Папругу.

Папруга: Сёньняшні прэзыдэнт А.Лукашэнка і мэр Менску М.Паўлаў нясуць пэрсанальную адказнасьць за невыкананьне Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» ў сучасным працэсе так званай рэканструкцыі гістарычнага цэнтру сталіцы краіны, вынікам якой у выпадку яго далейшай рэалізацыі ёсьць страта каштоўнасьцю сваіх базавых якасных характарыстык.

Усё, што адбываецца сёньня на гэтай тэрыторыі, ня мае ніякага дачыненьня да дакладна пастуляваных Законам відаў работаў, якія маюць адносіны да каштоўнасьці.

Падобная сытуацыя мела месца і ў другой палове 1970-х, калі савецкі Мінгарвыканкам і Мінкультуры БССР прыгаварылі да зьнішчэньня ўвесь Верхні Горад, але спэцыялісты й інтэлігенцыя здолелі пераканаць вышэйшага кіраўніка тагачаснай савецкай Беларусі П.Машэрава пераламіць ужо запраграмаваную на ўзроўні ЦК КПБ хаду падзей, ў выніку чаго сталіца сёньня яшчэ мае гісторыка-культурную каштоўнасьць першай найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі.

Да сёньняшніх названых адміністратараў таксама, як і тады, асабіста быў своечасова даведзены ўвесь аб’ём інфармацыі, неабходнай для прыняцьця ўзважаных рашэньняў для прадухіленьня злачынства ў адносінах да самага каштоўнага, што мае сталіца Беларусі – незалежнай усходнеэўрапейскай краіны з тысячагадовай гісторыяй.

Але ў выпадку адэкватных дзеяньняў з боку сёньняшняга кіраўніка дзяржавы яшчэ ня страчаная канчаткова мажлівасьць пераламіць хаду падзей, што можа ў гістарычнай пэрспэктыве зьявіцца, я ў гэтым асабіста перакананы, ці галоўнай пазытыўнай падзеяй часоў ягонай кадэнцыі, ці назаўжды легчы чорнай плямай на ягоную палітычную кар’еру ў вачох нашчадкаў.

Але тым ня менш за сёньняшняе злачынства прыйдзецца плаціць – і сёньняшнім інвэстарам таксама, бо любыя працэсы па-за межамі прававога поля рана ці позна, але неўнікнёна будуць перагледжаныя з панясеньнем адпаведных і коштаў, і адказнасьці – усімі ўдзельнікамі незаконнага працэсу.

Гэтая каштоўнасьць – гістарычны цэнтар Менску, належыць усім пакаленьням, якія яго стваралі на працягу стагодзьдзяў, жывуць сёньня і будуць жыць заўтра. Таму сёньняшняя будаўнічая актыўнасьць на гэтай тэрыторыі зьяўляецца абсалютна недаравальнай – ні з пункту гледжаньня права, ні з ідэалягічных пазыцый незалежнай Рэспублікі Беларусь няма аб’ектыўнага абгрунтаваньня разьвіцьця падзей у адносінах да гістарычнага цэнтру Менску ў тым выглядзе, у якім яны разьвіваюцца сёньня.

У выніку прамога невыкананьня сёньняшняй адміністрацыяй сваіх службовых абавязкаў, Менск губляе унікальную магчымасьць прафэсійнага і спакойнага вырашэньня пытаньняў захаваньня, рэканструкцыі і разьвіцьця гістарычнага цэнтру сталіцы, абапіраючыся на дасканала распрацаваныя рэстаўрацыйныя мэтодыкі і заканадаўства, каб захаваць і аднавіць гісторыка-культурную каштоўнасьць на абсалютна іншым якасным узроўні, што ў выніку аб’ектыўна магло б вывесьці нашу краіну на культурны іміджавы рэйтынг сусьветнага маштабу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG